Пасьля сустрэчы з заканадаўцамі ў Кангрэсе дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў:
«Мы старанна абдумваем, якую канкрэтна колькасьць уцекачоў мы зможам прыняць у сувязі з крызісам у Сырыі і Эўропе. У цяперашні момант па гэтым пытаньні вядзецца поўнамаштабная праверка», — паведамляе Голас Амэрыкі.
Кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер заклікаў краіны ЭЗ прыняць тысячы ўцекачоў дадаткова цягам наступных двух гадоў, аднак некаторыя краіны пярэчаць супраць сыстэмы квотаў.
«Эўропу, у якой я хачу жыць, увасабляюць людзі, якія дапамагаюць іншым, — сказаў Юнкер, выступаючы ў Эўрапарлямэнце.— Эўропа, у якой я не хачу жыць, гэта Эўропа, якая адмаўляе тым, хто мае патрэбу ў дапамозе».
Аднак, урады Чэхіі і Славакіі па-ранейшаму выступаюць рашуча супраць квотаў, неабходных, па словах Юнкера, для таго, каб справіцца з самым маштабным з часоў Другой сусьветнай вайны міграцыйным крызісам.
«Я выступіў супраць квотаў, таму што я не лічу квоты рэальным рашэньнем міграцыйнага крызісу», — заявіў прэм’ер-міністар Чэхіі Багуслаў Саботка на гэтым тыдні, калі сталі вядомыя дэталі пляну Эўракамісіі.
Прэм’ер-міністар Славакіі Робэрт Фіцо выказаў асьцярогі, што разам з уцекачамі на тэрыторыю Эўропы могуць пранікнуць тэрарысты. Большасьць мігрантаў імкнецца ўладкавацца ў найбольш заможных заходнеэўрапейскіх краінах, асабліва ў Нямеччыне і Швэцыі.
«Калі тэрарысты групуюцца ў Сырыі, як можна адрозьніць іх ад іншых мігрантаў, якія перасякаюць межы Эўрапейскага зьвязу без усялякага кантролю?» — сказаў Фіцо.
У адпаведнасьці з плянам, больш за ўсё ўцекачоў прымуць Нямеччына, Францыя і Гішпанія, сьледам за імі — Польшча, Нідэрлянды, Румынія, Бэльгія і Швэцыя.
Думка пра неабходнасьць квотаў выклікала неадназначную рэакцыю і бурнае асуджэньне з боку Вугоршчыны і іншых дзяржаваў Цэнтральнай Эўропы.
Новая сыстэма расьсяленьня ўцекачоў будзе ўлічваць эканамічныя паказчыкі кожнай краіны, колькасьць насельніцтва, узровень беспрацоўя і колькасьць уцекачоў, якіх краіна ўжо пагадзілася прыняць.