Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юнкер: Эўразьвязу трэба неадкладна расьсяліць 160 тысяч мігрантаў


Жан-Клёд Юнкер
Жан-Клёд Юнкер

Кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер 9 верасьня заклікаў краіны Эўразьвязу да «агульнай салідарнасьці» ў вырашэньні пытаньня наплыву мігрантаў.

Выступаючы на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры са штогадовай прамовай пра стан Эўразьвязу, Юнкер сказаў:

«Эўропа выразна не апраўдала спадзяваньняў, што тычыцца агульнай салідарнасьці ў дачыненьні да ўцекачоў, якія прыбылі на нашу тэрыторыю. Для мяне ясна, што нельга пакінуць сам-насам з гэтым вялізарным выклікам краіны, куды большасьць уцекачоў прыбыла ў першую чаргу — гэта значыць, Італію, Грэцыю і Вугоршчыну».

Паводле Юнкера, Эўразьвязу трэба неадкладна прыняць рашэньне аб расьсяленьні «ў прымусовым парадку» 160 тысяч уцекачоў, то бок яшчэ 120 тысячаў у дадатак да 40 тысяч, рашэньне па якіх было прынятае раней.

«Я заклікаю дзяржавы-ўдзельніцы прыняць прапановы Эўракамісіі па надзвычайным перасяленьні агульнага ліку 160 тысяч уцекачоў на пасяджэньні Рады міністраў унутраных справаў 14 верасьня. Мы тут не гаворым пра 40 тысяч. І не пра 120 тысяч. Мы гаворым пра 160 тысяч. Менавіта за столькі ўцекачоў эўрапейцы павінны прыняць адказнасьць і прывітаць іх з адкрытым сэрцам» — сказаў Жан-Клёд Юнкер.

Кіраўнік Эўракамісіі паведаміў, што з пачатку 2015 году ў Эўропу прыбылі 500 тысяч уцекачоў, у пераважнай большасьці з Сырыі, Лібіі і Эрытрэі. Асноўную масу уцекачоў прынялі на сябе Грэцыя (200 тысяч), Вугоршчына (150 тысяч) і Італія (120 тысяч).

«Гэтыя лічбы ўражваюць. Некаторых яны палохаюць. Але цяпер ня час палохацца. Гэта час для сьмелых, рашучых, узгодненых дзеяньняў Эўразьвязу, усіх дзяржаваў-удзельніц Эўразьвязу і яго інстытутаў. Перш за ўсё гэта пытаньне чалавечнасьці і чалавечай годнасьці. Для Эўропы гэта таксама пытаньне гістарычнай справядлівасьці» — дадаў Юнкер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG