Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратыя і «дурні»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Віталь Цыганкоў сваім блогам узьняў надзвычай цікавую праблему. Той выпадак, калі, як той казаў, лепш з разумнікам згубіць, чым з дурнем знайсьці. Але тут мы зь ім усё ж згубілі. Віталь сваю пазыцыю выклаў канцэптуальна, паспрабую і я.

Мы ўсе вельмі прызвычаіліся да ідэі, формы дэмакратыі. Нават Лукашэнка. Ён жа ня кажа, што ўзначальвае Беларусь на той падставе, што патаемны нашчадак Аўгуста Панятоўскага ці Мікалая ІІ. Ці на той, што яго абралі найлепшыя людзі Беларусі. Нейкі намёк на апошняе можа ўгледзіць у такім інстытуце, як Усебеларускі сход, але ўсё роўна сваю ўладу ён грунтуе на ідэі волі народу. У яго выпадку, на фікцыі, але ўсё роўна менавіта гэтай ідэі.

Аднак менавіта з прычыны звыкласьці мы не ўсьведамляем, наколькі складанай зьяўляецца гэтая ідэя, на колькіх дапушчэньнях грунтуецца, і якія спрэчкі вакол яе некалі ішлі, пачынаючы са старажытнай Грэцыі.

І яе праціўнікі вылучалі менавіта аргумэнт Віталя, проста былі пасьлядоўныя і рабілі з таго канкрэтныя высновы.

Людзі няроўныя, ёсьць пасьпяховыя, ёсьць няўдачнікі. Апошнія горшыя за першых — яны менш разумныя, менш кампэтэнтныя. І гэта — просты люд.

Ergo, вызначэньне таго, хто будзе ўладай, нельга даваць у рукі асобам, заведама менш разумным, чым эліта, арыстакратыя (мэрытакратыя). Навошта людзям, заведама дурнейшым, чым эліта, даваць права вызначаць, хто зь эліты будзе кіраваць усім грамадзтвам?

Пры гэтым меркаваньне гэтых дурняў аказваецца ж вырашальным: калі яны скажуць «так» ці пераважная большасьць зь іх скажа «так», то нават салідарнае «не» ўсёй эліты не пераб’е «так» простага люду з прычыны яго лічэбнай перавагі. Давяраць вызначэньне таго, хто будзе кіраваць краінай, заведамым дурням, пры наяўнасьці разумнікаў — гэта ж вар’яцтва.

Так, напрыклад, разважаў Платон. Так што калі Віталь са сваіх пасылак зробіць лягічныя высновы, то апынецца ў някепскай кампаніі.

Контраргумэнт палягае ў тым, што асобны просты чалавек можа і праўда быць дурань дурнем, але ўзятыя разам, яны ўяўляюць розум больш высокага ўзроўню, чым розум асобных прадстаўнікоў эліты і нават яе разам. Ну ці, скажам, супольны розум і простых людзей, і эліты разам вышэй як за індывідуальны розум прадстаўнікоў эліты, гэтак і за іх калектыўны розум. Гэта, ўласна, і ёсьць тэорыя народнай волі Жан-Жака Русо. На якой потым збудавалі гільятыну і слаўную Францускую Рэспубліку.

Так што канцэптуальна — так, сукупнасьць усіх простых дурняў (ці «дурняў») разумнейшая за разумнікаў. І калі нехта цікавіцца меркаваньнямі многіх простых «дурняў» (ці дурняў), спрабуючы знайсьці ў іх нейкую мудрасьць, недаступную разумнікам, ён дзейнічае ў рэчышчы бачаньня вялікіх адвакатаў і ідэолягаў дэмакратыі.

Ну а ў больш прыземленым вымярэньні контраргумэнт палягае ў тым, што не падзяляць тэорыю Русо, зразумела, можна, можна нават са шляхецкай пыхай казаць простаму люду, хто ён такі (дурні — я нагадаю), толькі потым ня трэба крыўдзіцца, калі гэтыя дурні ўсадзяць разумнікам вілы ў бок. У прамым ці ў фігуральным сэнсе.

1994 год на Бацькаўшчыне — прыклад фігуральнага варыянту.
Мазгоў — не мазгоў, але кулакоў у іх хапае, іх у іх куды больш, чым у разумнікаў. І галасоў, калі ўсё адбываецца ў фігуральнай плашчыні.
Цяперашняя беларуская сытуацыя парадаксальным чынам нібыта здымае пытаньне інтэлектуальнай адказнасьці — ды гавары што хочаш, усё роўна нічога ня зьменіцца. Але разумней (а гэты матыў асабліва актуальны для разумнікаў) пазьбягаць хаця б на пэрспэктыву вілаў калі не ад уладаў, то ад шматлікіх простых суайчыньнікаў.

Так што прынамсі спакайней яно будзе ня толькі казаць усё ж пра роўнасьць людзей, але і прызнаваць магію супольнасьці простых людзей, якія разам разумнейшыя, чым разам разумнікі. Гэта і ў рэчышчы сусьветнай дэмакратычнай інтэлектуальнай традыцыі, і бакі цалейшыя будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG