Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Простыя людзі» і «соль зямлі»


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Уявіце сабе такую прыдуманую, але блізкую да рэальнасьцю сытуацыю.

Жывуць у пасьляваеннай беларускай вёсцы два браты. Адзін бязь нейкіх асаблівых здольнасьцяў, без асаблівых прэтэнзіяў — таму пасьля школы ён застаўся ў вёсцы, працаваў у калгасе. Адслужыў у савецкім войску — і гэта, дарэчы, стала самай галоўнай прыгодай у ягоным жыцьці. Вярнуўся з войска, ажаніўся, працаваў далей рабочым у калгасе. Усё жыцьцё пражыў у сваёй вёсцы, пару разоў выяжджаў у абласны цэнтар, аднойчы нават быў у Менску.

Другі брат, больш здольны і ініцыятыўны, пасьля школы паступіў у ВНУ, вывучыўся на інжынэра. Езьдзіў на цаліну на некалькі гадоў, ледзь выжыў у казахстанскіх стэпах. Потым забралі ў войска афіцэрам, служыў у ГДР. Вярнуўся на завод, працаваў за станком, потым стаў майстрам, затым начальнікам цэху. «Заўважылі», прапанавалі на камсамольскую ці партыйную працу. Стаў чыноўнікам, напрыклад, міністрам, ці там дыпляматам, езьдзіў па замежных краінах, вырашаў дзяржаўныя пытаньні. Але не забываў і сваю «малую радзіму» — наведваў яе кожнае лета на тыдзень-другі. У нейкім варыянце можна дапусьціць, што у канцы 90-х перайшоў у апазыцыю, стаў адным з кіраўнікоў дэмакратычнай партыі — магчыма, нават адседзеў у турме.

А цяпер уявіце, да каго пабяжыць гарадзкі журналіст у пошуку «шчырай жыцьцёвай праўды»? У каго кандыдатка на Нобэлеўскую прэмію будзе браць інтэрвію для сваёй новай кнігі пра няшчасьці і траўмы «чырвонага чалавека»? Канечне, да першага. Бо гэта ж ён «соль зямлі», бо гэта толькі яму вядомая таемная і недасягальная для «інтэлігенцыі» праўда жыцьця!

А што можа сказаць той, другі, намэнклятуршчык і апазыцыянэр? Што ён ведае пра жыцьцё ў сваіх кабінэтах і замежных паездках? Як далёкі ён ад «простых людзей»!

Мяне заўжды ўражвала гэта замілаваньне «простымі людзьмі», носьбітамі нейкай загадкавай «праўды жыцьця». Прытым, як на маё ўражаньне — чым далей нейкі публіцыст ці палітык паводле свайго паходжаньня ці біяграфіі знаходзіцца ад простых людзей, тым болей ён узносіць іхняе меркаваньне як нешта загадкавае і недасягальнае ў параўнаньні зь ягоным.

Але калі спакойна задумацца — хто лепш ведае жыцьцё ў самых розных ягоных праявах і сытуацыях? Хто мае больш неабходнага досьведу, здольнасьці прымаць рашэньні і рабіць высновы? Селянін, які застаўся селянінам ці селянін, які стаў акадэмікам? Рабочы, які застаўся рабочым — ці рабочы, які дарос да дырэктара заводу? Ды і «простыя людзі» самыя розныя, яны ніяк не зьвязаныя нейкім адзіным сьветапоглядам, і ўжо ж ні ў якім разе не адчуваюць сябе носьбітамі нейкай спрадвечнай і мудрай ісьціны.

Здаецца, даўно трэба шукаць складаную ісьціну. І пераважна ў складаных людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG