Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўнае аб’яднаньне апазыцыі​


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Апазыцыя аб’ядналася. Нарэшце. Як часта бывае, ня «за», а «супраць». Прычым ня супраць Аляксандра Лукашэнкі, як можна было б меркаваць, а супраць Тацяны Караткевіч.

Нешта падобнае здарылася ў 2006–2007 гадах, калі апазыцыя аб’ядналася супраць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Але тады гэта адбылося пасьля прэзыдэнцкай кампаніі, а цяпер — да выбараў.

Уласна кажучы, нічога дзіўнага. Як вядома, палітычнае асяродзьдзе вельмі канкурэнтнае. Удзел палітыка ў прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кандыдата надае яму палітычнай вагі. Такі чалавек адразу, самім статусам кандыдата прэтэндуе на ролю лідэра апазыцыі. Іншыя лідэры гэта разумеюць і ня хочуць прапускаць канкурэнта наперад.

Падставай для зьняцьця Тацяны Караткевіч з п’едэстала, на які яна яшчэ нават не пасьпела забрацца, стала сумненьне, ці насамрэч яна сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў. Я ня стану цяпер уступаць у спрэчку на згаданую тэму, свае развагі на гэты конт я ўжо выказаў раней.

У гэтай сувязі хачу выказаць тэзу, якая шмат каму можа падацца спрэчнай. Шчырасьць у палітыцы — ня самае галоўнае. Галоўнае — гэта палітычны вынік. Тут дарэчы ўзгадаць культавую фразу Зянона Пазьняка пасьля паразы БНФ: затое мы атрымалі маральную перамогу.

Але ў зьвязку з гэтай кампаніяй супраць Тацяны Караткевіч узьнікае лягічнае пытаньне: а судзьдзі хто?

Першая катэгорыя крытыкаў — гэта тыя, хто ня ўдзельнічаў, стаяў убаку і ў лепшым выпадку крытычна назіраў, у горшым — крытыкаваў (рух «За свабоду», БХД). А цяпер яны хочуць правяраць тых, хто, як бы там ні было, добра ці дрэнна, але ўдзельнічаў, стаяў на сьпёцы ў пікетах, спрачаўся з апанэнтамі ды інш. Наколькі гэта высокамаральная пазыцыя?

Другая катэгорыя — тыя, хто ўдзельнічаў, але не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў. Як бы тут сказаць мякка, каб не пакрыўдзіць? Скажу так: іх пункт гледжаньня гучаў бы нашмат больш пераканаўча, каб яны сабралі 100 тысяч, былі зарэгістраваныя — і вось тады зьняліся з выбараў і заклікалі зьняцца іншых кандыдатаў. Гэта была б пазыцыя сілы, пазыцыя моцнага. А цяпер усё выглядае так: я не сабраў, дык і ты не ідзі, не даставайся ж ты нікому.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Падаецца, каманды Калякіна і Лябедзькі не разьлічылі свае сілы. Што не гаворыць на іх карысьць. Асноўны аргумэнт дзяржаўнай прапаганды палягае ў тым, што апазыцыя слабая, яе не падтрымлівае народ, у яе няма чым прыцягнуць людзей. І можна цяпер, вядома, казаць шмат чаго, паўтараць, што выбараў няма, махаць кулакамі пасьля бойкі. Але абывацель бачыць вось што: Лябедзька здаў 0 подпісаў. Гэта нават менш, чым Раманоўская. Такі сухі астатак удзелу ў кампаніі.

Іншае пытаньне — што будзе рабіць Тацяна Караткевіч з той палітычнай вагой, якую яна набярэ па выніках кампаніі (думаю, няма сумненьняў, што яе зарэгіструюць)? Куды ўкладзе сабраны палітычны капітал?

Першая праблема. Праект «Тацяна Караткевіч» — штучна створаны паліттэхналягічны прадукт. Такія прадукты звычайна аднаразовыя, на адну кампанію. Ці ўдасца ўвогуле яго захаваць пасьля 11 кастрычніка?

Другая праблема. Ці ёсьць у кампаніі «Гавары праўду» нейкая больш далёкая стратэгія? Ці гэта працэс дзеля працэсу?

Вось прадстаўнікі каманды Тацяны Караткевіч кажуць пра выкарыстаньне набытага капіталу дзеля ўдзелу ў наступных парлямэнцкіх выбарах (?!). Неяк дзіўна выкарыстоўваць прэзыдэнцкую кампанію, падчас якой павінна ісьці барацьба за рэальную ўладу, дзеля парлямэнцкай кампаніі, якая мала што азначае. Звычайна робіцца наадварот.

Да таго ж зусім ня ўпэўнены, што каманда Тацяны Караткевіч узяла на ўзбраеньне аптымальную тактыку. Таму што дасюль аксіёмай выбарчых стратэгіяў прадстаўнікоў апазыцыі была такая ўстаноўка: іх кандыдат забірае ўвесь апазыцыйны электарат (гэта сёньня каля 20%), і толькі тады, абапіраючыся на такую базу, ідзе да «балота», да выбаршчыкаў, якія ня вызначыліся, спрабуе залучыць іх да сябе. Каманда Тацяны Караткевіч, як здаецца, праігнаравала першы этап, што часткова і выклікала такую хвалю ў апазыцыйным асяродзьдзі. Яны адразу пайшлі да тых, хто ня вызначыўся, палічыўшы, што апазыцыйны электарат падтрымае іх аўтаматычна, маўляў, яму нічога не застанецца. Высьвятляецца, што не зусім так. І ўвогуле, пачынаць кампанію лепш, маючы ў запасе 20%, а не з нуля.

А ўвогуле, назіраць за ўсім гэтым вельмі прыкра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG