Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны з аднолькавым гербам: «ПМР», РБ, «ЛНР»


Ніколі не задумваліся, што РБ пазычыла герб у так званай Прыднястроўскай рэспублікі? «ПМР».

Як вядома, самаабвешчанай, не прызнанай сусьветнай супольнасьцю. Створанай на расейскіх штыхах на ўзор цяперашніх «ДНР» і «ЛНР» яшчэ ў далёкім 1992-м. На той момант савецкага ўзору герб мела з усіх рэспублік толькі адна Прыднястроўская.

Дзяржаўная прапаганда дурыла ў 1995-м галаву, што нам нельга мець «аднолькавы» герб з суседнімі літоўцамі, таму неабходна яго чым хутчэй замяніць. Цьвярозаму чалавеку зразумела, што наш герб быў ня менш беларускім, чым літоўскім. Але нейкая дробная сошка, не гісторык, не геральдыст, нам мяняе Пагоню на герб Прыднястроўя з папраўкамі. Выслужыўся перад шэфам і даўно няма яго, а зробленае засталося, вісіць на сьцяне.

Гэтыя людзі не маглі мысьліць па-дзяржаўніцку, тым больш глядзець шырэй: а якое ўражаньне зробіць вяртаньне савецкай «капусты» на суседзяў, на пачцівую эўрапейскую супольнасьць? Матывацыяй было «нашкодзіць» Шушкевічу ды Пазьняку. І таксама будаўніцтву беларускай нацыі, ня той, што «часьць вялікарускага народу», ясна. Пакуражыліся напоўніцу, а цяпер паджылкі трасуцца, што зараз Пуцін скамандуе: шагам марш у мой рускі сьвет!

А што да рэфэрэндуму, замянілі па-хуткаму герб на а-ля прыднястроўскі і ўставілі ў свой бюлетэнь. Ня мела ніякага значэньня, што там будзе замест рыцара на кані. Хоць чэрап і косьці. І рэфэрэндумныя вынікі былі б такімі ж самымі: мэта выкананая, Пагоня скасаваная. А што да чэрапа, то тлумачэньне было б настолькі ж «пераканаўчае», як і ў выпадку зь цяперашнімі дзяржсымбалямі. Што чэрап старажытнага беларуса сьведчыць аб ягонай рахманасьці і памяркоўнасьці. А косткі абапал навошта? Для сабакі. Сабака ж сябра чалавека, хіба не?

І вось, натхнёныя існаваньнем «ПМР» і РБ пад ідэнтычнымі гербамі, такі ж самы сабе малююць у Луганску! Зь мясцовымі асаблівасьцямі, як жа бязь іх!

Калі ты на вуліцы ўбачыш у шапцы, якая ў цябе на галаве, валацуг, міжволі зойдзеш пад браму і схаваеш сваю. А мы толькі радуемся сёньня: толькі ў дваіх быў герб такі, я цяпер яшчэ і ў трэцяга як у нас! Запішыце нас у асобную групу трох рэспублік з савецкімі гербамі. Адно прыкра: «ДНР» падвяла, арла сабе прыдумала а-ля царскага. А так бы нас нават болей магло быць...

Ну, а што да апраўданьня, то яго можна прыдумаць для чаго заўгодна, хоць для фашызму, пісаў некалі Сэнт-Экзюпэры ў сваёй «Плянэце людзей». І сапраўды абгрунтаваньне жалезнае: навошта беларусам быў той рыцар, калі яны мужыкі, калі яны бульбай заклапочаныя ўсё жыцьцё — спачатку пасадзіць, потым калярадзкіх жукоў перадушыць, пазьней выкапаць у найлепшы час і каб мяшкоў хапіла! Пагоня тут яўна не да месца. «Калі са шчытом і мячом вечна, то бяз бульбы можна застацца». Ну, а што цяперашняя ў нас вечна негатунковая, ну дык затое хапае да наступнага ўраджаю. А што яшчэ мужыку трэба?

Нядаўна давялося размаўляць з чалавекам, які меў дачыненьне да зацьверджаньня нашай Пагоні, ён сёньня нечакана настроены аптымістычна: рыцар вернецца, лічыць ён. Я не такі аптыміст, хіба што начальству перастане падабацца быць у адной гербавай кампаніяй з падазронымі «рэспублікамі». Але пакуль падабаецца, як бачым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG