Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З гібельлю „Курска“ пачалася хлусня!»


Магілы загінулых на «Курску» маракоў
Магілы загінулых на «Курску» маракоў

Адвакат сваякоў загінулых маракоў расейскай падводнай лодкі «Курск» распавядае аб трагедыі 15-гадовай даўніны — як пра гісторыю маніпуляцый і здрады.

Напярэдадні 15-й гадавіны катастрофы падводнай лодкі «Курск», якая адбылася 12 жніўня 2000 году, адвакат сваякоў загінулых маракоў Барыс Кузьняцоў запусьціў сайт у падтрымку другога выданьня сваёй кнігі, у якой ён выкладае ўласную вэрсію падзей. Кузьняцоў ужо некалькі гадоў жыве ў ЗША, дзе атрымаў палітычны прытулак з-за абвінавачваньняў з боку ФСБ Расеі ў разгалашэньні дзяржаўнай таямніцы ў сувязі з адвакацкай дзейнасьцю. Прапануем вам фрагмэнты інтэрвію з Барысам Кузьняцовым, якое ён даў расейскай службе Радыё Свабода.

РС: Як вы ўвайшлі ў справу «Курска»?

Барыс Кузьняцоў: У Санкт-Пецярбургу жыве мой былы прыяцель капітан першага рангу Ігар Курдзін. Ён некалькі разоў зьвяртаўся да мяне з рознымі юрыдычнымі пытаньнямі, я яму дапамагаў, і ён мне прапанаваў: «Ці ня можаш ты дапамагчы сваякам загінулых на «Курску»? Мы правялі сход у філіяле Ваенна-марскога музэю, гэта падводная лодка Д-2, якая стаіць у затоцы. Гэта было ў пачатку 2002 году. Сьледзтва ўжо як бы свой зэніт прайшло, адваката ў іх не было. Гэта была магчымасьць праводзіць уласнае адвакацкае расьсьледаваньне, і я стараўся з максымальнай добрасумленнасьцю гэтую працу зрабіць. Калі крымінальная справа была спыненая, 22 ліпеня 2002 года, я прыступіў да вывучэньня матэрыялаў. Там, калі мне памяць ня здраджвае, было 137 тамоў. Скончылі мы напрыканцы году.

У ходзе вывучэньня я напаткаў цэлы шэраг ня проста памылак, а грубых злоўжываньняў, якія былі і падчас папярэдняга сьледзтва.

Я знайшоў цэлы шэраг грубых і працэсуальных, і фактычных парушэньняў з боку папярэдняга сьледзтва. Справу расьсьледаваў палкоўнік Ягіеў, цяпер ён ужо генэрал-маёр, калі не генэрал-лейтэнант. Мяне запрасіў да сябе галоўны вайсковы пракурор Аляксандр Мікалаевіч Савянкоў. Са мной вяліся шматлікія гутаркі, сустрэчы, мяне спрабавалі нават купіць — з намёкам на тое, што калі я дам заключэньне, што ўсё расьсьледаваньне праведзена ў поўным аб’ёме і аб’ектыўна, то я атрымаю за гэта кантракт на абслугоўваньне Ваенна-марскога флёту. Мне распавядалі падрабязнасьці, казалі, колькі баз за мяжой, якія актывы мае ВМФ Расеі, раскрылі аб’ём працы, якую я мог бы выконваць, атрымліваючы вялізныя ганарары. Але ў ходзе вывучэньня я напаткаў цэлы шэраг ня проста памылак, а грубых злоўжываньняў, якія былі і падчас папярэдняга сьледзтва.

РС: Што менавіта паказала ваша ўласнае адвакацкае расьсьледаваньне?

Барыс Кузьняцоў: Па-першае, цалкам відавочна, што «Курск» не павінны былі выпускаць у мора. Ва ўсялякім выпадку, выпускаць і страляць гэтай тарпэдай, перакісна-вадароднай, паколькі «Курск» ніколі ёю не страляў раней, нават на дзяржаўных выпрабаваньнях, хоць у складзе флёту ён знаходзіўся ўжо з 1996 году. Экіпаж не навучаўся працаваць з гэтай тарпэдай. Усе дакумэнты, якія ёсьць у матэрыялах крымінальнай справы, пра тое, што экіпаж ведаў, як карыстацца гэтай тарпэдай, што ён прайшоў навучаньне, здаў залікі ці экзамэны, — сфальсыфікаваныя ад пачатку да канца, там усюды стаяць падробленыя подпісы. Напрыклад, паказваецца, што Аляксей Іваноў-Паўлаў, камандзір мінна-тарпэднага аддзяленьня, праходзіў навучаньне на базе ў Обнінску — а насамрэч у гэты час ён быў на іншай падводнай лодцы, ня ў складзе экіпажу «Курска».

Усе дакумэнты, якія ёсьць у матэрыялах крымінальнай справы, пра тое, што экіпаж ведаў, як карыстацца гэтай тарпэдай, што ён прайшоў навучаньне, здаў залікі ці экзамэны, — сфальсыфікаваныя ад пачатку да канца.

Тарпэда гэтая вельмі спэцыфічная, яна ў якасьці асноўнага паліва мае газу і ў якасьці акісьляльніка пэраксід вадароду, гэта малаводны перакіс вадароду, які пры зьмешваньні з газай дае высокую тэмпэратуру, і за кошт гэтага тарпэда мае павялічаную далёкасьць паражэньня. Для таго каб кантраляваць узровень ціску ў баку з пэраксідам вадароду, на падводнай лодцы была ўсталяваная сыстэма кантролю акісьляльніка, і калі тарпэду загружалі на «Курск», то падключыць яе да гэтай сыстэмы экіпаж ня мог, запрасілі афіцэра з другой падводнай лодкі. Экіпаж, ужо знаходзячыся ў моры, павінен быў працаваць з гэтай сыстэмай кантролю акісьляльніка, падключаць, адключаць і гэтак далей, і, мяркуючы па ўсім, экіпаж з гэтым ня справіўся. Гэта адна з тых прычын, якія прывялі да трагедыі на «Курску». (...) Нельга было «Курск» выпускаць у мора для стральбы менавіта гэтымі тарпэдамі. Вінаватыя ў гэтым, вядома, у першую чаргу кіраўнікі Паўночнага флёту Вячаслаў Папоў і Міхаіл Моцак.

Маракі "Курску" на парадзе ў Севераморску 30 ліпеня 2000 году.
Маракі "Курску" на парадзе ў Севераморску 30 ліпеня 2000 году.

Другі момант, вельмі істотны: рэч у тым, што той від вучэньняў, «збор-паход», прадугледжаны усімі нарматыўнымі дакумэнтамі і статутамі. У гэтым выпадку адказным павінен быў быць галоўнакамандуючы ВМФ і Галоўны штаб. Але кіраўніцтва Паўночнага флёту, галоўнакамандуючы ВМФ Уладзімір Кураедаў выкарыстоўвалі такую форму вучобы, якая ніякімі нарматыўнымі дакумэнтамі прадугледжана не была. І ў сувязі з гэтым быў зьменены парадак праверкі гатоўнасьці караблёў і выратавальных суднаў да выхаду ў мора. Спачатку пачаў правяраць галоўны штаб, а потым ужо дывізія, флёт і гэтак далей. Усё было пастаўлена з ног на галаву, якаснай праверкі гатоўнасьці суднаў так, як гэта прадугледжана усімі загадамі і інструкцыямі, не было, і за гэта наўпрост нясе адказнасьць галоўнакамандуючы ВМФ. Гэта значыць, «Курск» перад выхадам у мора фактычна ніхто не правяраў! А калі б правяраў, то не далі б магчымасьці выкарыстоўваць пры вучэбнай атацы гэтую выбуханебясьпечную тарпэду.

Наступны момант: плян вучэньняў быў у кіраўніка вучэньняў, то бок, у камандуючага флётам Вячаслава Папова, і ў начальніка Штабу Паўночнага флёту Міхаіла Моцака. Гэта значыць, яны ведалі, дзе якія караблі знаходзяцца, дзе яны ўваходзяць у раён так званых «баявых дзеяньняў», у тым ліку і «Курск», дзе ён павінен быў знаходзіцца пры ўваходзе ў раён вучэньняў. У 11 гадзін 28 хвілін 12 жніўня гідраакустыкі «Пятра Вялікага» зафіксавалі выбух. Гэта была ўспышка на экране гідралякатара і воплеск. Гідраакустык зь «Пятра Вялікага» старшы лейтэнант Андрэй Лаўранюк адразу запэленгаваў выбух, вызначыў яго як 96 градусаў па адносінах да таго месца, дзе знаходзіўся ў той момант «Пётр Вялікі». Праходзяць вучэньні, зьвязаныя са стрэльбамі, і тут адбываецца выбух, што павінен быў зрабіць гідраакустык? Зафіксаваць гэты выбух, запісаць яго ў гідраакустычны часопіс і далажыць камандзіру карабля. Лаўранюк гэтак і зрабіў. Што павінен быў зрабіць камандзір карабля і кіраўнік вучэньняў? Яны павінны былі клясыфікаваць гэты выбух і вызначыць яго крыніцу і характар. Яны гэтага не зрабілі. Наогул, такое адчуваньне, што Лаўранюк далажыў у пустэчу. Чаму ні сьледчыя, ні Вячаслаў Папоў, ні тагачасны камандзір «Пятра Вялікага», капітан першага рангу Ўладзімір Касатонаў, адказу на гэтае пытаньне не далі? Ды, уласна кажучы, яно і не задавалася! Цалкам відавочна, што гэта злачынная халатнасьць.

«Курск» павінен быў страляць прыкладна да гадзіны дня, але ён не страляў, на сувязь ня выйшаў. Яго павінны былі абвясьціць у вышук неадкладна, вось пасьля гэтага выбуху, але не абвясьцілі, гэта значыць, не прызналі сытуацыю аварыйнай. А дастаткова было ўзяць мапу, прыкласьці пэленг вось гэты, 96 градусаў, і ён бы ўпёрся якраз у той калідор, куды ў раён баявых дзеяньняў павінен быў ўваходзіць «Курск». Далей што адбываецца? Папоў ляціць на бераг, праінфармаваўшы і паведаміўшы СМІ, што вучэньні прайшлі добра. Не атрымаўшы інфармацыі, якая прычына, чаму «Курск» ня выйшаў на сувязь, чаму не было вучэбнай стральбы з боку «Курска» і гэтак далей. Толькі ў 23:30 «Курск» абвяшчаюць аварыйным. Гэта значыць, прайшло 12 гадзін. Вось гэтыя 12 гадзін — гэта страчаны час. А далей выклікаюць гэтага гідраакустыка, старшага лейтэнанта Лаўранюка, і той пракладае пэленг, які быў у той момант, калі адбыўся гэты выбух. «Пётр Вялікі» ідзе па гэтым пэленгу і ў 2 гадзіны 22 хвіліны, гэта значыць, праз тры гадзіны пасьля таго, як «Курск» быў абвешчаны аварыйным, гідраакустык Лаўранюк, той жа самы, чуе грукі, і, арыентуючыся на гэтыя грукі, яны выяўляюць «Курск». Страчана 12 гадзін часу!

Зусім бяздарна была праведзена ратавальная апэрацыя. На той момант, калі на месца катастрофы падышоў «Міхаіл Рудніцкі», ратавальны карабель з аўтаномнымі ратавальнымі апаратамі АС-32 і АС-34, і калі гэтыя апараты сталі апускаць у ваду, прадстаўнік Галоўнага штабу ВМФ капітан першага рангу Ігар Дыгала казаў, што з «Курскам» ўстаноўлена сувязь, што ўсе жывыя і здаровыя, што туды падаюць ледзь не гарачую каву! Хлусьні вакол гэтага была велізарная колькасьць! Насамрэч грукі працягваліся на працягу двух з паловай сутак. Прытым экспэрты, якія вывучалі гэтыя грукі, прыйшлі да адназначнай высновы, што гэтыя грукі вытвараліся чалавекам, і што грукі вытвараліся на падводнай лодцы, якая ляжала на дне. (...)

Уладзімір Пуцін у гэты час знаходзіўся ў Сочы. Вучэньні, на якіх загінуў «Курск», былі самымі буйнымі вучэньнямі Ваенна-марскога флёту ў постсавецкай гісторыі. І, вядома, Пуціну, як вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, магчыма, прысутнічаць на іх было і не абавязкова, але паглыбіцца ў іх сутнасьць, выслухаць спэцыялістаў, выслухаць даклад галаўкама, выслухаць даклады камандуючага флёту ён павінен быў! Ён гэтага не зрабіў, ён пусьціў гэтыя вучэньні на самацёк і аддаў іх пад апеку галаўкама ВМФ і кіраўніцтва Паўночнага флёту. Яму далажылі, у прыватнасьці галоўнакамандуючы ВМФ Уладзімір Кураедаў, што ёсьць усе магчымасьці для выратаваньня маракоў, якія засталіся ў жывых, а іх засталося ў 9-м адсеку 23 чалавекі, што іх атрымаецца выратаваць сваімі сіламі. І для гэтага выкарыстоўваліся так званыя аўтаномныя выратавальныя апараты АС-32 і АС-34, якія прызначаны для пасадкі на аварыйны люк падводнай лодкі і прысмоктваньня да гэтага люка — маракі «Курска» «сухім спосабам» павінны былі б пераходзіць з 9-га адсеку ў выратавальны апарат. Усе спробы прысмактацца ні да чаго не прывялі, таму што была дапушчана альбо канструкцыйная памылка, альбо недахоп пры будаўніцтве «Курска». Таму што тая самая камінг-пляцоўка, такое кольца, якое атачала люк і да якога павінен быў вырабляцца апарат для прысмоктваньня, было паніжана на некалькі сантымэтраў, а павінна было быць прыпаднятае! (...) Калі б гэта ведалі, то разумелі б, што апараты выкарыстоўваць нельга. Акрамя таго, ёсьць такія зусім простыя сродкі выратаваньня, якія выкарыстоўваюцца ўжо больш за 100 гадоў, як вадалазны звон. Яго таксама не выкарыстоўвалі, таму што на Паўночным флёце званоў не было. Экіпаж быў забясьпечаны індывідуальнымі выратавальнымі апаратамі, якія дазвалялі кожнаму падводніку аўтаномна выплыць з «Курска». У 9-м адсеку на 23 чалавекі было 19 такіх апаратаў. Але для гэтага было неабходна, каб іх сустракалі, каб былі караблі, абсталяваныя баракамэрамі, каб яны не знаходзіліся доўгі час у халоднай вадзе, таму што сьмерць ад пераахаладжэньня наступае на працягу літаральна дзясятка хвілін. У загінулых не было падставаў лічыць, што ў іх такая магчымасьць была. І я магу выказаць здагадку, што па гэтай прычыне яны свой выхад затрымалі. І ўрэшце ўсё скончылася тым, што ў 9-м адсеку паўстаў лякальны пажар, калі вада і алей трапілі на пласьціны для рэгенэрацыі паветра — у іх утрымліваецца калій, які выклікаў ўзгараньне, і ўсе падводнікі загінулі ад атручваньня чадным газам. Да 11 гадзін 14 жніўня адназначна былі чутныя грукі, а паводле некаторых зьвестак, грукі былі да канца дня 14-га жніўня. (...)

РС: Зь якім вопытам падышла Расея да 15-й гадавіны гібелі «Курска»?

Уладзімір Пуцін 16 жніўня 2000 году адказвае на пытаньні журналістаў у сувязі з катастрофай "Курску".
Уладзімір Пуцін 16 жніўня 2000 году адказвае на пытаньні журналістаў у сувязі з катастрофай "Курску".

Барыс Кузьняцоў: Мы сустракаем яе з сумнымі вынікамі. Чаму трагедыя «Курска» так важная для вывучэньня і ацэнкі? Па-першае, гэта была першая катастрофа пры Пуціне. Гэта была першая хлусьня Пуціна. З гібельлю «Курска» пачалася хлусьня! Пасьля гібелі «Курска» дзяржава стала ўмешвацца ў судовую і ў праваахоўную сыстэмы, дзяржава стала падмінаць пад сябе сродкі масавай інфармацыі, і ўвесь працэс згортваньня дэмакратыі ў Расеі пачаўся менавіта са страты «Курска». Паглядзіце сустрэчу Пуціна з удовамі і сваякамі загінулых на «Курску», якая адбывалася ў 2000 годзе. Зьвярніце ўвагу на тое, як ён быў разгублены. Я думаю, што ён перажыў самыя непрыемныя моманты ў сваім жыцьці. І дзеля таго, каб больш не было такіх момантаў, дзе яму ў вочы маглі б выказаць ўсю праўду, увесь боль, пачалася гэтая старонка расейскай гісторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG