Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў Армэніі пачынаецца суд над расейскім салдатам-забойцам


Валеры Пермякоў
Валеры Пермякоў

Судовы працэс па справе расейскага вайскоўца Валерыя Пермякова пачнецца 12 жніўня, на тэрыторыі дыслякаванай у армянскім горадзе Гюмры 102-й расейскай ваеннай базы. Пра гэта паведаміла прэсавы сакратар Паўночна-Каўказскага акруговага ваеннага суду РФ Алёна Кацькала.

5-й гарнізонны ваенны суд у Ерэване, падпарадкаваны Паўночна-Каўказскаму акруговаму ваеннаму суду РФ, вырашыў правесьці выязное пасяджэньне на тэрыторыі расейскай базы. Па словах прэсавага сакратара, судовы працэс будзе адкрытым. Аднак пакуль невядома, ці атрымаюць жыхары Гюмры магчымасьць прысутнічаць у залі суду.

Расейская пракуратура абвінавачвае Пермякова ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных трыма артыкуламі крымінальнага кодэксу РФ (дезерцірства са зброяй, крадзеж зброі і боепрыпасаў і іх незаконнае набыцьцё, перадача, збыт, захоўваньне, перавозка або нашэньне зброі і боепрыпасаў).

Па факце забойства сям’і Авецісян з 7 чалавек у Гюмры расейскія праваахоўнікі таксама распачалі крымінальную справу, аднак днямі гэтая справа была перададзеная армянскаму боку. Паводле папярэдніх дадзеных сьледзтва, 12 студзеня 2015 году вайсковец 102-й расейскай ваеннай базы ў Гюмры радавы Пермякоў самавольна пакінуў службу на варце, са зброяй уцёк у горад, дзе ў адным з дамоў стрэламі з аўтамата забіў шасьцёх чальцоў сям’і Авецісян, якія спалі, і параніў дзіця, якое пазьней памерла ў шпіталі. Пермякоў быў затрыманы ў дзень злачынства: пры спробе пераходу на тэрыторыю Турэччыны яго спынілі расейскія памежнікі, якія ахоўваюць мяжу Армэніі. Ён прызнаў сваю віну.

Крымінальная справа, якая складаецца з 9 тамоў, яшчэ перакладаецца на армянскую, толькі пасьля чаго прадстаўнікі пацярпелых змогуць азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Мяркуецца, што пасьля прысуду расейскага суда Пермякоў паўстане таксама перад армянскім судом па абвінавачваньні ў забойстве сям’і Авецісян. Аднак незразумела, як вайсковец будзе перададзены армянскаму боку. 5-й гарнізонны ваенны суд Ерэвана некалькі дзён таму падоўжыў тэрмін яго арышту на паўгода — да 30 студзеня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG