Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі расьсьледуюць страляніну ў Гюмры


Пратэсты ў Гюмры, студзень 2015
Пратэсты ў Гюмры, студзень 2015

Паліцыя ў армянскім горадзе Гюмры шукае ўдзельнікаў страляніны ў выходныя ў цэнтры гораду, у якой шэсьць чалавек атрымалі раненьні.

Перастрэлка пачалася ўначы на 8 сакавіка. Паведамляецца, што непасрэдна перад стралянінай адбылася спрэчка паміж дзьвюма групамі асобаў, аднак што стала прычынай спрэчкі, паліцыя ня вызначыла. Рафі Асланян, галоўны пракурор Шыракскай вобласьці, дзе знаходзіцца Гюмры, сказаў, што на месцы здарэньня знайшлі гільзы і дубінкі. Асланян заявіў напярэдадні, што ў сувязі з інцыдэнтам пакуль ніякіх арыштаў не было. Чатыры асобы, якія атрымалі раненьні, дагэтуль знаходзяцца ў шпіталі — двое з агнястрэльнымі раненьнямі і двое з колата-рэзанымі ранамі. Армянскія СМІ зьвязваюць страляніну зь нядаўнімі забойствамі ў Ерэване, якія зьвязваюць з дзейнасьцю злачынных груповак.

Сьледчы камітэт распачаў расьсьледаваньне факту перастрэлкі ў Гюмры паводле справаў аб замаху на забойства, незаконнага нашэньня зброі і хуліганства.

Апроч таго, таксама ў Гюмры ў нядзелю зьніклага вайскоўца памежнага кіраваньня ФСБ Расеі ў Армэніі Артура Афяна знайшлі павешаным. Як перадаваў «Інтэрфакс», пракурор Шыракскай вобласьці паведаміў, што цела вайскоўца было знойдзена ў заднім двары аднаго з мясцовых крам. Афян быў грамадзянінам Армэніі і служыў у памежных войсках Расеі ў якасьці кантрактніка ў горадзе Гюмры на поўначы Армэніі на расейскай ваеннай базе. Паведамленьні пра яго зьнікненьне зьявіліся 21 лютага.

У студзені ў Гюмры расейскі вайсковец Валеры Пермякоў самавольна пакінуў сваю частку са зброяй і, паводле сьледзтва, застрэліў шасьцярых чалавек з адной сям’і, уключна з двухгадовым дзіцем, а калі адмовіў аўтамат, штыком нанёс цяжкія траўмы паўгадавому хлопчыку, які ў выніку памёр.

Забойства ў Гюмры, дзе разьмешчаная расейская ваенная база, выклікала хвалю пратэстаў у Армэніі. Тысячы маніфэстантаў патрабавалі выдаць Армэніі расейскага салдата тэрміновай службы, які, паводле армянскіх уладаў, прызнаўся ў забойстве. Ён знаходзіцца пад арыштам на расейскай ваеннай базе.

Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што расьсьледаваньне і суд над падазраваным у забойстве адбудзецца на тэрыторыі Армэніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG