Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адляпляецца ад Расеі ці ўсмоктваецца ў багну разам зь ёю?


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Хлопцы зьвярнуліся ў міліцыю з запытам – дзе гэта напісана, што бел-чырвона-белы сьцяг «незаконны»? І атрымалі адказ – няма такога дакумэнту. Законна ўсё. Магчыма, хтосьці рабіў падобныя захады і раней, але за апошнія дваццаць гадоў упершыню тэма шырока прагучала ў СМІ.

За дваццаць гадоў ад зьмены сымболікі на рэфэрэндуме 14 траўня 1995 году шмат што зьмянілася. Напрыклад, той, хто скасаваў нацыянальную сымболіку, цяпер робіць сабе прэзыдэнцкую кампанію пад лёзунгам «За будучыню незалежнай Беларусі». Хоць на пачатку кар'еры праводзіў палітыку на зьнішчэньне беларускай дзяржаўнасьці праз аднаўленьне СССР у саюзе з Расеяй.

Яшчэ праявы перагляду пазыцыяў дзяржавы да «беларускага пытаньня» – БРСМ капіруе акцыі «Арт-сядзібы», а пяцьцю гадамі раней Міністэрства культуры творча перапрацоўвала ідэі кампаніі «Будзьма беларусамі!». А ўласна тэма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі шчыльна замацавалася ў дзяржаўных СМІ.

Можна сказаць, што гэта ўсё зьнешнія формы, адно з адценьняў папулізму, што аўтарытарная сыстэма дабудаваная, і ў сутнасьці сваёй нязьменная. Усё так, апроч адной дэталі.

Сыстэма будавалася пад Расею. Спачатку пад магчымасьць грамадзяніна Беларусі сесьці ў Крамлі на саюзны трон. Пасьля таго, як не атрымалася, пад «газ у абмен на пацалункі»: гарантыі эканамічнага і, што, магчыма, яшчэ больш важна, вайсковага саюзьніцтва.

Цяпер Расея пасьлядоўна паліць масты ў камунікацыі са зьнешнім сьветам. А завязаныя на Расею беларускія бізнэсы адпаведна церпяць ад выбару, зробленага дваццаць гадоў таму новапаўсталымі «элітамі».

Колькі ні разважай пра «атручаны расейскай ТВ-прапагандай беларускі народ», лёс краіны ад народу ўжо даўно не залежыць. На тое і аўтарытарызм, каб усё ў краіне вырашала вузкае кола людзей. Прынамсі, давала штуршок для зьменаў, якія пасьля шырокія масы мусяць падхапіць ці адрынуць.

І пакуль які-небудзь старэйшы прапаршчык міліцыі яшчэ жыве ў канцы 1990-х, і вышуквае «забароненую сымболіку» на юнаках, генэрал-палкоўнікі міністэрстваў і ведамстваў мусяць думаць, як жыць далей.

Ці паступова ўсмоктвацца ў багну самаізаляцыі разам з расейскімі партнэрамі, ці спрабаваць балянсаваць між супернікамі, якія робяцца ўсё больш зацятымі: між Расеяй і Захадам.

Зрэшты, ня ўсё ўжо залежыць і ад «элітаў», якія не маналітныя, і аб'яднаныя толькі магчымасьцю зарабіць, як на мой погляд. Хтосьці зь іх плянуе ўладкавацца і пры магчымым будучым новым рэжыме, а хтосьці думае, як той новы не дапусьціць. І тут без папулізму не абысьціся. Але і рэзкія крокі ў ідэалёгіі рабіць яны ня могуць.

Вісіць тонкая паўза між немагчымым старым і незразумелым будучым.

У кожным разе, калі я чую, што ў краіне нічога не зьмяняецца, і будзе гэтаксама «да Колі», я разумею, што мае суразмоўцы, як той умоўны старэйшы прапаршчык, таксама жывуць у канцы 1990-х, толькі з другога боку ідэйнага падзелу.

Зьмены ідуць. Пакуль бяз шуму і груку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG