Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды адмовілі апазыцыянэрам


суд
суд

Спробы апазыцыі праз суд абскардзіць неўключэньне сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не далі плёну. Суды альбо пацьвердзілі правільнасьць рашэньняў пры фармаваньні выбаркамаў, альбо з розных прычынаў наагул адмовілі ў разглядзе гэтых спраў. Такім чынам, у тэрытарыяльных камісіях як было на ўсю Беларусь 10 вылучэнцаў ад дэмакратычных сілаў, так і застанецца.

Сапраўднасьць подпісаў выбарцаў у падтрымку таго ці іншага кандыдата на прэзыдэнта вызначаюць выключна тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Менавіта яны прымаюць рашэньні, якія подпісы ўключыць у актыў прэтэндэнту, а якія сьпісаць у так званую выбракоўку.

Традыцыйна найбольш кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі ад апазыцыі вылучае партыя «Справядлівы сьвет». І сёлета сытуацыя не зьмянілася. Зь дзесяці апазыцыйных чальцоў камісіяў чатыры — ад партыі Сяргея Калякіна.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін



Прадстаўнікі партыі спрабавалі дамагчыся праз суд уключэньня сваіх актывістаў у выбарчыя камісіі Гомеля, Жлобіна і Оршы. У гэтых трох гарадах падстава для адмовы ім была аднолькавая — кандыдаты, маўляў, маюць недастатковы досьвед выбарчай працы.Суды ва ўсіх трох выпадках не знайшлі парушэньня заканадаўства.

Намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў так тлумачыць нежаданьне ўладаў бачыць у складзе тэрытарыяльных камісіяў прадстаўнікоў апазыцыі:

Баяцца яны толькі аднаго — апазыцыянэр у камісіі мае магчымасьць на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца, і праінфармаваць пра гэта грамадзкасьць.



«Баяцца яны толькі аднаго — апазыцыянэр у камісіі мае магчымасьць на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца, і праінфармаваць пра гэта грамадзкасьць. Калі яны знаходзяцца ў сваім коле, то яны і робяць, што хочуць. Назіральнікі сядзяць убаку, яны шмат чаго ня ведаюць і ня могуць бачыць.

А вось калі там ёсьць сябра камісіі, які прысутнічае і ўдзельнічае ў пасяджэньнях, гэта ўжо іншая справа. Ён можа задаць нязручныя пытаньні, можа прапанаваць прыняць нейкую пастанову... І, урэшце, выдаць інфармацыю для мэдыяў, што і як там адбываецца насамрэч. А такой праўдзівай інфармацыі ўлада і баіцца. Таму што ў прынцыпе, нават калі ў камісіі ёсьць адзін-два апазыцыянэры і калі яны будуць галасаваць „супраць“, бальшынёй камісія правядзе сваё рашэньне. А інфармаванасьці яны баяцца».

Аб’яднаная грамадзянская партыя наагул адмовілася апэляваць да суду з нагоды неўключэньня сваіх вылучэнцаў у камісіі. Намесьнік старшыні партыі Васіль Палякоў кажа Свабодзе, што гэта толькі марная трата часу:

Мы праходзілі ўжо гэты этап неаднаразова на іншых выбарчых кампаніях, і кожны раз безвынікова. У нас такое выбарчае заканадаўства, што тыя дзяржаўныя органы, якія фармуюць камісіі, могуць рабіць усё што заўгодна.



«Мы праходзілі ўжо гэты этап неаднаразова на іншых выбарчых кампаніях, і кожны раз безвынікова. У нас такое выбарчае заканадаўства, што тыя дзяржаўныя органы, якія фармуюць камісіі, могуць рабіць усё што заўгодна. Паводле Выбарчага кодэксу, найперш у камісіі павінны ўключаць прадстаўнікоў палітычных партыяў. І ў камісіі сапраўды 30% — партыйныя. Фармальна нормы выкананая. Аднак усе яны — прадстаўнікі толькі праўладных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Таму вырашылі не губляць час і не хадзіць па судах, якія працуюць толькі ў адным кірунку».

Партыя БНФ вылучала ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў 15 прадстаўнікоў, уключана толькі 2 — Кастусь Смолікаў і Зьміцер Каспяровіч увайшлі адпаведна ў Віцебскую абласную і ў Менскую гарадзкую камісіі. Некаторыя адмовы партыя вырашыла абскардзіць праз суд. «Аднак на сёньняшні дзень мы ня маем дадзеных, каб скаргі задаволілі», — паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў.

Усяго ў тэрытарыяльныя камісіі адабралі 1916 чалавек з 2623 ахвотных. То бок задаволеныя 73% заявак. Што тычыцца апазыцыі, дык тут прапорцыя выглядае зусім інакш. У камісіі ўключылі ўсяго 10 чалавек з 63. То бок задаволена 15% заявак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG