Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамены насьпелі, але ўсё застанецца як цяпер»,— людзі на пікеце Караткевіч у Бялынічах


Пікет Тацяны Караткевіч у Бялынічах
Пікет Тацяны Караткевіч у Бялынічах

Усьлед за вялікімі гарадамі пікеты па збору подпісаў у падтрымку вылучэнцаў на прэзыдэнцтва пачалі выстаўляць і ў райцэнтрах.

Як іх успрымаюць мясцовыя жыхары, ці чакаюць пераменаў пасьля выбараў, і ці лічаць зарэгістраваных прэтэндэнтаў канкурэнтамі Аляксандру Лукашэнку. На гэтыя пытаньні адказваюць жыхары райцэнтру Бялынічы, што ў Магілёўскай вобласьці.

Пачатак перадвыбарчай кампаніі жыхары Бялыніч сустрэлі без асаблівага энтузіязму. У дзесяцітысячным мястэчку не адчуваецца, што яно захопленае важнай палітычнай падзеяй пяцігодзьдзя.

Ля пікету апазыцыйнай вылучэнкі на прэзыдэнцтва Тацьцяны Караткевіч спыняюцца нямногія. Тыя, хто адгукнуліся на заклік мясцовага актывіста «Гавары праўду» Алега Мяцеліцы падтрымаць жанчыну-прэтэндэнтку, тлумачаць сваё рашэньне неабходнасьцю пераменаў.

"Мне спадабалася, што жанчына, маладая, можа яна з новымі поглядамі на гэтае жыцьцё"—, даводзіць адзін з падпісантаў.

Спадзяюся, што яна зьменіць нешта ў Беларусі. Людзі стануць больш свабоднымі і, матэрыяльнае становішча палепшае.

"Спадзяюся, што яна зьменіць нешта ў Беларусі. Людзі стануць больш свабоднымі і, матэрыяльнае становішча палепшае. Калі застанецца цяперашні прэзыдэнт, то нічога ня зьменіцца. Зьмены будуць з новым прэзыдэнтам",— лічыць малады мужчына.

Перакананьня, што жанчына ў Беларусі можа быць абранай на пасаду прэзыдэнта, у тых падпісантаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, не было.

"Няхай хоць жанчына ідзе ў кандыдаты, а ці будзе яна абранай, то думаю, што не",— гэтак выказаўся мужчына сярэдняга веку. На пытаньне чаму не, адказаць ён ня змог.

Наступная суразмоўніца, жанчына пэнсійнага веку, абмінула пікет. Да просьбы журналіста пагутарыць пра выбары паставілася насьцярожана. Зазначала, што на такія пытаньні адказваць небясьпечна, аднак, пасьля роздуму, выказалася: ёй хацелася б пераменаў, але яна ня верыць, што яны пасьля выбараў будуць:

"Усё, як ёсьць, гэтак і застанецца. Многія прывыклі, з аднаго боку, да такога жыцьця, як цяпер, а з другога боку хацелася б, каб нешта памянялася. У нас зьнешні доўг за апошні год вырас на паўтара мільярда даляраў. І ўсё расьце і расьце. Дык мы так да Грэцыі паўзём«,— тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь, жыхарка Бялынічаў.

Пікет Тацяны Караткевіч у Бялынічах
Пікет Тацяны Караткевіч у Бялынічах

Наступныя суразмоўніцы, двое дзяўчатак, таксама не спыніліся ля пікету, аднак, журналісту заявілі, што зьбіраюцца галасаваць на выбарах за жанчыну, як яны выказаліся, з пачуцьця салідарнасьці. На пытаньне, ці чакаюць пераменаў у жыцьці пасьля выбараў, адказалі, што ім хочацца верыць у лепшае:

«Трэба знайсьці нешта ўжо новае, а то дваццаць гадоў топчамся на месцы. Хочацца руху наперад. Многія кажуць, што прывыклі да такога жыцьця, але яны, відаць, іншага ня ведаюць».

"Пасада прэзыдэнта больш для мужчыны падыходзіць, чым для жанчыны",— выказваецца наступная суразмоўніца, якая абмінула пікет, не зірнуўшы на партрэты з Тацянай Караткевіч.

"Я асабіста за Лукашэнку, бо ў краіне ёсьць якая ні якая стабільнасьць. Цяпер крызіс ў сьвеце. Некаторыя пачынаюць скардзіцца, што кепска жывуць, але гэта ж і ад нас таксама залежыць наш дабрабыт. Хто стараецца, хто працуе, дык у таго ўсё атрымліваецца",— лічыць жыхарка Бялынічаў.

Мяне задавальняюць цяперашнія парадкі. Я чалавек памяркоўны",— рэагуе на пытаньні журналіста мужчына пэнсійнага веку.

"Мяне задавальняюць цяперашнія парадкі. Я чалавек памяркоўны",— рэагуе на пытаньні журналіста мужчына пэнсійнага веку. Суразмоўца адзначае, што ён ня супраць жанчыны-прэзыдэнта, калі будзе дыктатура: "Я ня супраць жанчыны-дыктатуры",— выказваецца ён, але не тлумачыць, што гэта азначае.

"Ды нічога гэтыя выбары ня зьмяняць, бо прэзыдэнтам стане Лукашэнка. І палітыка будзе той жа, што і цяпер«,— далучаецца да гутаркі яшчэ адзін жыхар Бялынічаў. На ягоную думку цяперашняму кіраўніку краіны няма канкурэнтаў:

«У новых прэтэндэнтаў няма аўтарытэту. Апазыцыя згубіла нават той аўтарытэт, які ў яе быў. У іх будзе дзесяць-пятнаццаць працэнтаў падтрымкі. Больш ня будзе. Аднак у краіне трэба нешта мяняць. Напрыклад больш увагі надаваць прыватнаму сэктару і яго разьвіваць, паколькі многія дзяржаўныя прадпрыемствы стратныя. Яны стрымліваюць разьвіцьцё нашай краіны».


Актывіст «Гавары праўду» зь Бялынічаў Алег Мяцеліца даводзіць, што за першыя дні кампаніі падпісаліся за Тацьцяну Караткевіч болей за 100 чалавек. Са слоў актывіста жыхары райцэнтру не баяцца ставіць свае подпісы за апазыцыйную вылучэнку, аднак, у іхных настроях адчуваецца апатыя. Тым ня менш, сьцьвярджае ён, падпісанты разумеюць, што мусіць быць альтэрнатыва дзейнаму прэзыдэнту:

Алег Мяцеліца
Алег Мяцеліца

«Людзі пагаджаюцца з тым, што насьпелі і нейкія перамены. Няхай пасьля выбараў сама ўлада зразумее, што яны патрэбныя і гэта будзе нашай перамогай. Калі ж мы ня будзем удзельнічаць у выбарах, то і ўлада палічыць, што нічога ня варта мяняць».

Акрамя пікету ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч у Бялынічах зьбіраюць подпісы і за Аляксандра Лукашэнку. Пагутарыць з актывістамі ягонай ініцыятыўнай групы не ўдалося. На выходных іх не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG