Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 1. Калхозны язык


Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Уявіце нармальнага, здаровага, прыгожага чалавека, якога ад самага нараджэньня гадавалі паводле нейкай асаблівай выхаваўчай праграмы.

Як толькі немаўлятка пачало вымаўляць першыя словы, дарослыя ня радаваліся ягоным «чаму» ды «куды», а крывіліся, а то й давалі поўху, быццам зь дзіцячых вуснаў вылятаюць адборныя мацюкі.

Калі чалавек пачаў падрастаць і сьпяваць песьні ці чытаць на памяць улюбёныя вершы, выхавацелі паводзіліся так, быццам чытальнік прылюдна даў газу.

Калі падлетак, сталеючы, спрабаваў сваімі словамі выявіць любоў да свайго роднага, яго абзывалі «дыбілам» ці «недарэкам». І так на працягу ўсяго сталеньня. Не забываючы лупцаваць і абражаць за кожны «няправільны» гук.

Наўрад ці з нашага героя вырасьце псыхічна здаровы чалавек. А калі такое рабіць з цэлым народам? Ды на працягу некалькіх стагодзьдзяў? А калі ў выхавацеляў у якасьці папругі маецца войска, паліцыя, канцлягеры? А калі дадаць сюды «царкву і школу» і тэлевізар? Што атрымаецца? Як назваць прадукт выхаваньня паводле гэтай сыстэмы? Якая спарадзіла і засяліла ў беларускія галовы чараду гадкіх тараканаў.

1. Калхозны язык

Ніколі не забудуся на сваю першую сустрэчу з жывой беларускай мовай. Ня з мовай афіцыйнага радыё і ня з мовай школьнага ўроку, а з будзённай мовай.

Было гэта 1 верасьня 1979 году.

У наш звычайны 4-ты клас звычайнай гомельскай школы паступіў навічок, Валера Кажэўнікаў, сям’я якога пераехала рабіць на «Гомсельмашы». Зь мястэчка Насовічы.

Ніна Васілеўна, наша класная кіраўнічка, жанчына разумная, прыгожая і кампанейская, узьняла новенькага, каб той прадставіўся. І называючы свой адрас, Валера гучна і выразна вымавіў «шЭсьцьдзесят шэсьць».

Увесь клас выбухнуў рогатам. Бедны Валера лыпаў вачыма і кепска разумеў, што адбываецца.

Ніна Васілеўна, замест таго, каб спыніць гэты гармідар, з прыязнай пэдагагічнай усьмешкай падказала Валеру: «Мальчик, правильно говорить «шестьдесЯт шесть». Давай еще попробуем».

І Валера зноў паўтарыў сваё «шЭсьцьдзесят шэсьсь». І зноў усе зарагаталі.

Іржалі ўчорашнія вяскоўцы. Іржалі тыя, чые бацькі прыехалі на «Гомсельмаш» год ці два таму. Іржалі тыя, хто кожнае лета праводзіў у вёсках сваіх бабуль.

Пэдагагічна стрымана ўсьміхалася Ніна Васілеўна, ураджэнка Чачэрскага раёну. І магла ж яна замест «правильно» сказаць «по-русски».

Іржаў і я. За кампанію з усімі. Але запомніў гэтую першую сустрэчу з жывой беларушчынай на ўсё жыцьцё.

Валера нарэшце з трэцяй спробы паставіў «правильный» націск. Абрад ініцыяцыі, пасьвячэньня ў гарадзкія адбыўся. Учорашнія маленькія беларусы працягнулі піянэрскую руку дапамогі новаму таварышу.

Сваіх словаў ён старанна пазьбягаў з таго дня. А я з таго дня, напэўна, падсьвядома запаважаў тых невядомых мне людзей, якія, я быў упэўнены, ёсьць, хто працягваў бы стаяць на сваім «шЭсьцьдзесят шэсьць», пакуль бы мы не заткнуліся.

Праз трыццаць гадоў, на сустрэчы аднакласьнікаў я заўважыў Ніне Васілеўне, што насьмешка з роднай мовы роўная пляўку на магілу ўласнага дзеда. У адказ атрымаў абуранае «нельзя так говорить».

Гэтаму таракану ня так і шмат гадоў. Усяго два-тры пакаленьні. Але ён аказаўся вельмі жывучы і заразны. І ўжо 50-гадовая дачка, што прыехала ў адведкі да старой маці ў вёску, не адчувае ніякага дыскамфорту, размаўляючы з самым родным чалавекам на розных мовах. І 40-гадовы пасьпяховы гараджанін, які вырашыў быць бліжэй да прыроды і таму купіў маляўнічы хутар ў радавых мясьцінах, ня чуе ніякага дысанансу з навакольлем, расхвальваючы тутэйшую «речьку» і «берёзовую рощицу». І ўжо ўчорашняя «калгасьніца», райцэнтраўская афіцыянтка, гарадзкая апошняга прызыву, «не разумее» слова «рахунак» і патрабуе «разгаварываць па-чэлавечаскі». Можа, яе бацькі зь дзядамі «чалавекамі» не былі?

Калі сабраць у адну вялікую кнігу ўсе выпадкі абразаў, кпінаў, зьдзекаў «гарадзкіх» зь беларусаў на моўнай глебе, якая б атрымалася глыбокая энцыкляпэдыя нянавісьці да свайго!

Апошнім часам гэты таракан пачаў здыхаць.

Сядаючы ў цягнік «Гомель-Менск», пасьля той сустрэчы выпускнікоў, і апынуўшыся ў купэ з сымпатычнай маладзіцай, я раптам пачуў ад яе: «Наверное, Вы са сталіцы!» «З чаго Вы ўзялі?» «Толька в сталіце я слышала такую граматную речь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG