Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касіў Дэпардзьё канюшыну!


Жэрар Дэпардзьё
Жэрар Дэпардзьё

Ня ведаю, ці ставілі, калі выйшаў з касой сам Дэпардзьё ў поле, настальгічную беларускую «Касіў Ясь канюшыну» ад «Песьняроў», але яна гучала ў маіх вушах, калі я разглядаў фоткі экзатычнага касца, што прыляцеў з Парыжу.

Не, я ня згодны, што ён перастаў быць выдатным акторам. Быў ім і застаўся. Канечне, калі пачалася яго эпатажная гісторыі з выдачай расейскага пашпарту, з прапіскай ў мардоўскім горадзе Саранску, затым чачэнскае жыхарства, абдымкі з Пуціным ды Кадыравым, кепікі прасіліся на язык. Ну, але калі Дэпардзьё перш кінуўся да Юшчанкі, засвойваць краіну, Бальзакам некалі засвоеную, успомніце, напэўна мы гаварылі: малаток!?

Чалавеку проста стала мала таго, што мае, чаго дасягнуў, а мае ўсё, што хоча. Заняўся вінаробствам спачатку. Дома, затым за мяжою. Але ў чалавека існуюць нейкія палітычныя прыхільнасьці, альбо, скажам, цікавасьць да незвычайных палітычных спраў. Яго перш уразіў майдан. Першы майдан у Кіеве. Масавы парыў людзьмі звацца. І перамога! Чалавек прыляцеў да Юшчанкі: давайце сябраваць, пан прэзыдэнт. Юшчанка, вядома, быў рады, сустракаў яго па казацкіх звычаях, у мазанцы вясковай. Дэпардзьё заманулася нават набыць вінаграднік у Крыме.

Але потым нешта разладзілася, расчараваўся. Ці ў самім Юшчанку, твар якога нагадваў пэрсанажа «Сабору Парыскай божай маці», ці штосьці яшчэ пашкодзіла. Любоў да Ўкраіны прайшла.

Ня варта вінаваціць чалавека, ня ведаючы акалічнасьцяў. Спашлюся на прыватны прыклад. Мой замежны знаёмы, навуковец, палюбіў Беларусь з Украінай. І ў Крыме многае яму падабалася, як некалі таму ж Дэпардзьё. Але запрасілі аднойчы ў вялікі горад, унівэрсытэцкі цэнтар. І чалавек ледзь дачакаўся, калі закончыцца камандзіроўка. Украінскае хлебасольства яго дабіла. Кожнай раніцы замест патрэбнай яму кавы прыносілі абед, закускі з салам, абавязкова бутэльку гарэлкі. І налівалі настойліва: ты мяне паважаеш, містэр? Ну каму такое спадабаецца, калі ты сам не ўкраінец? Хіба што расейцу.

Што й казаць: прэзыдэнтам, зразумела, вельмі патрэбныя сьпевакі, артысты, замежныя зоркі першай велічыні. Успомнім, як у 2010-м Кустурыца прылятаў у Менск і сустрэўся з Лукашэнкам, і яны абмяняліся камплімэнтамі. Госьць пахваліў Лукашэнку «за захаваньне незалежнасьці краіны», калі верыць афіцыйным паведамленьням. Той у адказ прапанаваў здымаць кіно, сказаўшы, што Кустурыца «ня ўмее здымаць дрэнныя фільмы».

Сёньня, зноў жа перад выбарамі, прылятае славуты Дэпардзьё, каб падзівіцца, як Лукашэнку любіць абсалютная большасьць насельніцтва. І атрымлівае ў рукі касу, каб адчуў смак беларускага хлеба, што здабываецца з потам. І вось ужо аматары кіно ня могуць дачакацца абавязковага тыдня датэрміновага галасаваньня. Сам Дэпардзьё захапляецца Лукашэнкам, сябры выбаршчыкі!

Не зьдзіўлюся, калі французу прапануюць зрабіць канкрэтную справу: пасадзіць вінаграднік у чарнобыльскай зоне, зямля — бясплатная! Каб зрабіць новы гатунак віна пад назвай «Касіў Дэпардзьё канюшыну».

А ўвогуле, калі кінуць поглядам у далячынь, Лукашэнка напэўна ж хоча быць прэзыдэнтам заўсёды, таму нас, беларусаў, чакаюць новыя кіназоркі. Можна дапусьціць, што першымі здадуцца і прыляцяць такія, як Майкл Дуглас, карані якога ў беларускай зямлі, аб чым ён цяпер сам ведае дакладна. І прэзыдэнцкая адміністрацыя таксама.

Аляксандар Лукашэнка і Жэрар Дэпардзьё
Аляксандар Лукашэнка і Жэрар Дэпардзьё

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG