Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскае віно хоць вылівай у мора


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Расейцы больш ня хочуць крымскага віна. Крым хрыстом-богам просіць не адмаўляцца ад сваіх гатункаў: налівай «масандру»! Але разумее, што просьбы не дапамогуць.

І крымскі начальнік Аксёнаў патрабуе ад Масквы «абараніць унутраны рынак віна». Як? Ягоныя падначаленыя вінаробы за тое, каб забараніць у Расеі замежнае віно. Толькі крымскае няхай будзе! Вось чым заканчваюцца вінныя войны.

Руская душа, як вядома, прагне гарэлкі. Але й вінцом часам пабалавацца ня супраць. Сапраўдных знаўцаў і аматараў віна перабілі ў грамадзянскую, выгналі ў эміграцыю. І перайшлі на пладова-ягаднае, любоўна празванае ў народзе чарнілам.

Падмуркамі вінаробства, сапраўднымі скарбамі заставаліся крымскія падвалы з марачнымі вінамі. Калі ўспаміналі СССР, то пасьля «Сталічнай» якраз называліся з армянскім каньяком разам крымскія віны.

Пуцінская Расея, падсыпаючы солі на любімыя раны, адчула ў душы выразна маральную траўму: «масандра» ў чужых руках! Астатнія вінныя гатункі таксама. У такіх выпадках выйсьце нескладанае: выкупіць вінаграднікі, укласьці грошы ў разьвіцьцё. У выпадку з Крымам быў адпаведны момант, калі моцна памерзьлі плянтацыі, што здарылася ў часы Юшчанкі. Украіна ня мела грошай, каб іх якасна аднавіць.

Аднак Расея дзейнічала хутчэй ірацыянальна. Яна забараняла па чарзе ўвоз малдаўскага, грузінскага, крымскага віна. Не адпавядаюць нашым высокім стандартам і вытанчаным густам! Хаця сапраўднай бядой дзяржавы расейскай было і ёсьць змаганьне з кантрафактнай гарэлкай. Расея працягвае дынамічна сьпівацца і нястомна паміраць ад сваёй падробнай гарэлкі. Пастаянна паяўляюцца паведамленьні аб выкрытых новых падпольных заводах, на Паўночным Каўказе, у прыватнасьці.

У такой сытуацыі адмаўляцца ад малдаўскага ці іншага віна азначала наступаць на граблі 1985 году, калі хутка пачалі зьнішчаць вінаграднікі, каб зьменшыць у СССР п’янства, крыніцай якога была агульнадаступная танная гарэлка.

Чаго было больш у вінных войнах пуцінскай Расеі супраць навакольных суседзяў? Палітыкі ці эканомікі? Канечне, палітыкі. Агрэсіўная зьнешняя палітыка была на першым месцы і ў выпадку з крымскім віном. Славутыя падвалы захопленыя без адзінага стрэлу! Ура, таварышы! Але спажыўца няма, ратуйце! Расея абвясьціла харчовую вайну Захаду, крымскае віно туды цяпер не ідзе зусім. Украіна таксама больш яго ня п’е, яна разьлівае сваё крымскае, паколькі лічыць па-ранейшаму гатункі сваёй уласнасьцю.

Масква так старанна стварала нэгатыўны імідж крымскага віна з Украіны, што расейцы перасталі яго хацець, калі яно стала расейскім. Ім цалкам хапае сваёй гарэліцы, тым больш Пуцін крышку цану панізіў. Вось чым, бывае, заканчваюцца вінныя войны, што праводзяцца паасобнымі блізарукімі дзяржавамі. Трагіфарсам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG