Лінкі ўнівэрсальнага доступу

150 гадоў таму пад Лідай нарадзіўся лідэр крымскататарскага руху Мацей Сулькевіч


Пра кіраўніка Крыму ў чэрвені-лістападзе 1918 году піша на сайце «Крым. Реалии» крымскі гісторык Гульнара Бэкірава. Прапануем вашай увазе пераклад публікацыі ў скароце. Паселішча Кемейшы, дзе нарадзіўся яе герой, знаходзіцца ў Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі.

20 ліпеня 2015 году спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэньня выдатнага вайсковага начальніка, генэрал-лейтэнанта Сулеймана Сулькевіча — кіраўніка Крымскага краявога ўраду, які існаваў з чэрвеня па лістапад 1918 году. Мацей Аляксандравіч (мусульманскае імя Сулейман) Сулькевіч паходзіў з татараў ВКЛ.

Фармаваньне гэтай этнічнай групы пачынаецца з ХIV стагодзьдзя. Палітыка кіраўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў значнай ступені дзіўная — у той час як Эўропа «ўзбройвалася супраць татараў», літоўскія князі ахвотна зь імі супрацоўнічалі.

У 1395 годзе разгромлены Тамэрланам хан Тахтамыш некаторы час знаходзіўся ў Літве, а яго сын Джэлал-ад-Дзін удзельнічаў у знакамітай Грунвальдзкай бітве. 15 ліпеня 1410 году яго кавалерыя разьмясьцілася на правым флянгу польска-літоўскага войска, атакаваўшы тэўтонцаў.

Прадэманстраваўшы Вітаўту свае намеры працягваць бацькаву палітыку дружалюбнага супрацоўніцтва, Джэлал-ад-Дзін атрымаў падтрымку вялікага князя Літоўскага ў барацьбе за ханскі пасад. Ужо ў наступным годзе ён абвясьціў сябе ханам спачатку ў Крыме, а да вясны 1412 году ўжо і ў Сараі — адбылося гэта пры падтрымцы ВКЛ.

Татарскія воіны ВКЛ
Татарскія воіны ВКЛ

Паводле летапісца Міхалона Літвіна, будучы заснавальнік Крымскага ханства Хаджы Герай нарадзіўся ў Літве ў Троках.

Сулейман Сулькевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1865 году у Віленскай губэрні ў радавым маёнтку Кемейшы ў шляхецкай сям’і. У 1883-1886 гадах ён скончыў у Варонежы Міхайлоўскі кадэцкі корпус, затым артылерыйскую вучэльню.

Яго ваенная кар’ера разьвіваецца пасьпяхова: штабс-капітан, капітан, камандзір роты, старшы ад’ютант штабу 34-й пяхотнай дывізіі. У 1899 Сулькевіч ўпершыню узнагароджаны — ён атрымлівае ордэн Сьвятога Станіслава 3-й ступені, і ў сьнежні таго ж года — званьне падпалкоўніка. Праз чатыры гады, у кастрычніку 1903 году, Сулькевіч прызначаны на пасаду начальніка штабу 15-й пяхотнай дывізіі, у сьнежні таго ж году атрымлівае званьне палкоўніка.

Расейска-японская вайна прыносіць яму новыя высокія ўзнагароды. Не абыходзіць яго бокам Першая сусьветная вайна. У сакавіку 1915 году Сулькевіч прызначаецца начальнікам 33-й пяхотнай дывізіі 21-га армейскага корпусу 3-й арміі, яму прысвоенае званьне генэрал-лейтэнанта.

Рэвалюцыі — Лютаўская буржуазная, а затым Кастрычніцкая сацыялістычная — уносяць карэнныя зьмены ў жыцьцё народаў былой Расейскай імпэрыі. Сулькевіч ўсталёўвае сувязі з абраным у траўні 1917 году ў Маскве на Ўсерасейскім зьезьдзе дэлегатаў мусульманскіх вайсковых арганізацыяў кіраўніцтвам (Харб Шуро) і прыступае да фармаваньня на Румынскім фронце 1-га адмысловага мусульманскага корпусу. Яго мэтай было аказаньне дапамогі Крыму або Казані ў рэалізацыі плянаў нацыянальнага адраджэньня.

Узімку 1918 году бальшавікі разагналі прадстаўнічы орган крымскіх татараў — Курултай, па-зьверску расправіўшыся з старшынём нацыянальнага ўраду і муфтыем Крыма Наманам Челебіджыханам. Адносіны крымскіх татараў з бальшавікамі, і без таго не бязвоблачныя, сталі яшчэ больш нацягнутыя.

10 сакавіка 1918 году бальшавіцкі ўрад абвясьціў сваім дэкрэтам тэрыторыю Крыму Савецкай сацыялістычнай рэспублікай Таўрыдай. Аднак урад гэтай рэспублікі прабыў ва ўладзе крыху больш за месяц.

У выніку выбараў 18 красавіка 1918 году склад новага Савету стаў зьмяшаным — у яго, акрамя бальшавікоў, увайшлі эсэры і меншавікі. Аднак у гэты момант да Крыму падступілі немцы. Чальцы савецкага ўраду, баючыся як немцаў, так і паўстанцаў крымскіх татараў, прынялі рашэньне не змагацца за захаваньне савецкай улады і бегчы з Крыму.

Джафэр Сэйдамет
Джафэр Сэйдамет

Такім чынам, 1 траўня 1918 года ў Крыме запанавалі немцы. Раней, 21 красавіка, было створанае Часовае бюро курултая. На пасяджэньні 19 траўня быў зацьверджаны дакумэнт, згодна зь якім крымска-татарскі парлямэнт павінен быў быць папоўнены прадстаўнікамі іншых народаў. Курултай абвясьціў сябе часовым крымскім парлямэнтам з ініцыятывай фармаваньня ўраду. Прэм’ер-міністрам быў абраны Джафэр Сэйдамет, але яму так і не ўдалося сфармаваць урад, а нямецкі ўрад вырашыў зрабіць стаўку на генэрала Сулькевіча. У канцы чэрвеня 1918 году ім быў сфармаваны Крымскі краявы ўрад, куды ўвайшоў і Джафэр Сэйдамет — як міністар замежных спраў.

Мацей Сулькевіч
Мацей Сулькевіч

Кабінэт Сулькевіча праводзіў пасьлядоўную палітыку, накіраваную на ўмацаваньне сувэрэнітэту Крыму. У пэрыяд існаваньня ўраду Сулькевіча ствараецца міністэрства замежных справаў, засноўваецца крымскае грамадзянства, зацьвярджаюцца сьцяг і герб Крыму. У плянах было і стварэньне ўласных узброеных сілаў. Усе гэтыя ініцыятывы не маглі спадабацца камандаваньню нямецкіх акупацыйных войскаў. Урад Сулькевіча праіснаваў да 15 лістапада 1918 году — спыніўшы існаваньне пасьля сыходу нямецкіх войскаў з Крыму.

Грашовая купюра Крымскага часовага ўраду
Грашовая купюра Крымскага часовага ўраду

Не знайшоўшы агульнай мовы з Антонам Дзянікіным, які неўзабаве заняў Крым са сваёй добраахвотніцкай арміяй, Сулейман Сулькевіч пакінуў Крым і накіраваўся ў Баку, дзе ўзначаліў Генэральны штаб азэрбайджанскай арміі.

А неўзабаве жыцьцё Сулеймана Сулькевіча трагічна абарвалася. У траўні 1920 году, пасьля ўступленьня ў Азэрбайджан 11-й арміі Савецкай Расеі, ён быў арыштаваны ВЧК і 15 ліпеня 1920 году расстраляны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG