Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русский мир» – не пусьцілі ў Хэльсынкі, прывецілі ў Горадні


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сёньня ў Хэльсынкі Парлямэнцкая асамблея АБСЭ разглядае рэзалюцыю пад назвай «Працяг відавочных, грубых і ня выпраўленых парушэньняў Расейскай Фэдэрацыяй абавязацельстваў у рамках АБСЭ і міжнародных нормаў». Такі дакумэнт для разгляду прапанавала канадзкая дэлегацыя. У ім тое, што Расея робіць адносна Ўкраіны, названа «фактам ваеннай агрэсіі». Каторы раз Расею заклікаюць спыніць пастаўкі цяжкага ўзбраеньня, боепрыпасаў у «ДНР» і «ЛНР», а таксама – расейскіх армейскіх аддзелаў і наёмнікаў.

Вельмі бедаваў гаспадзін Нарышкін, старшыня Дзярждумы, што яго ў Хэльсынкі не пусьцілі. Ён бы даў дастойны адпор усім нядобразычліўцам у АБСЭ на чале з канадцамі. Такі ўдар: узялі ды забаранілі ўезд у Фінляндыю! А толькі што гаспадзін Нарышкін вярнуўся з Горадні, зь іншай сэсіі — 48-й парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. І ўсё так цудоўна атрымалася, так міла, так добразычліва, што ўявіць сабе немагчыма!

Гаспадзін Нарышкін робіць вялікія вочы: чаму яго ў тых правінцыйных Хэльсынках убачыць не пажадалі?! Затое ва Ўлан-Батар ён трапіць абавязкова, калі зьбярэцца наступная сэсія ПА АБСЭ: «Я ўпэўнены, што ўлады Манголіі ў поўным аб’ёме выканаюць свае абавязкі». А на Хэльсынкі Дума рэагаваць ня будзе, фінскім дэпутатам забараняць уезд ня будзем, сказаў Нарышкін і патлумачыў: «Ну я думаю, што ня трэба гэта, не. Не, мы вышэй, мы вышэй за гэта. Мы высакародныя, вялікія, моцныя, гордыя».

Як вядома, Нарышкін — пуцінскі «голуб міру», усяцэла падтрымаў анэксію Крыму, Дума дазволіла Пуціну выкарыстаць расейскую армію за межамі Расеі, як яму было патрэбна ў той момант, аб чым ён прасіў.

Але калі яшчэ будзе той Улан-Батар (і ці будзе?), сёньня гаспадзіну Нарышкіну застаецца цешыцца ўспамінамі з гарадзенскай сэсіі, на якой ён быў самым высокапасадным госьцем, вакол якога ўсе завіхаліся.

Над уваходам у Дзяржунівэрсытэт імя Янкі Купалы на электронным табло бягучым радком паведамлялася, што адбудзецца мерапрыемства з удзелам старшыні Расейскага гістарычнага таварыства Сяргея Нарышкіна. Вельмі запрашалі госьця гісторыкі купалаўскія.

Ён расказаў прысутным, што з гарадзенскай зямлёю быў зьвязаны вялікі царскі рэфарматар Сталыпін, які пабыў тут губэрнатарам, а затым зрабіўся вялікім палітыкам. Быў яму помнік у Горадні, які потым зьнік, пабедаваў старшыня Думы і Парлямэнцкага сходу СБР.

Між іншым, шыльда са Сталыпіным вісіць на аблвыканкаме, дзе праходзіў расейска-беларускі сход. Дарадчыкі не дакапаліся толькі, што стаіць будынак на былой, у царскія часы, вуліцы Мураўёва, вядомага як «вешальніка». А шкада, напэўна ж гісторыка і буйнога расейскага палітыка гэты факт пацешыў бы яшчэ болей. Што да бюсьціка Сталыпіну, дык ён стаяў перад губэрнатарскім, былым палацам Антонія Тызэнгаўза, дзе служыў цару і сам Пятро Аркадзевіч. У Першую сусьветную ў палац трапіла бомба, ён згарэў. І бюсьцік не ацалеў, што зробіш: вайна.

Цяпер на месцы губэрнатарскага палацу бронзавы савецкі салдат, абэліск, вечны агонь. Апошнім пунктам знаходжаньня Нарышкіна з паплечнікамі ў Горадні было ўскладаньне кветак у гэтым месцы. Міліцыянты выключылі сьветлафоры, спынілі перад вечным агнём тралейбусы. Я скарыстаўся момантам, перайшоў вуліцу і пайшоў далей. Праз паўхвіліны мяне абагнаў картэж зь вялікіх чорных лімузінаў, у адным быў Нарышкін. Кветкі ўсклалі мёртвым салдатам, можна дамоў. А мне міжволі падумалася: чым горшыя салдаты сёньня, чаму Дума не пратэстуе супраць гібелі ўкраінскіх, толькі задаволеная? На сваіх жа ўвогуле не зьвяртае ўвагі, як на гарматнае мяса.

І яшчэ: гісторыкі ў Купалаўскім унівэрсытэце запрасілі да сябе, безумоўна, вялікага калегу. Як вядома, гаспадзін Нарышкін зрабіў надзвычайнае навуковае адкрыцьцё, заявіўшы з высокай трыбуны на Дзень Расеі, што адзначаецца 12 чэрвеня: «Крым быў анэксаваны Ўкраінай 23 гады назад. Па сутнасьці, 23 гады назад была ажыцьцёўленая анэксія Крыму, праўда, мірная, але гэта была сапраўды анэксія».

Як бачым: ёсьць чаму павучыцца гарадзенскім гісторыкам у старшыні Расейскага гістарычнага таварыства, філію якога яны прапанавалі адкрыць у Беларусі. Гаспадзін Нарышкін даў згоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG