Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com.Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.
Афіша:
У Літаратурным музэі Петруся Броўкі (Менск, вул. Карла Маркса, 30) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Андрэя Хадановіча «Нататкі таткі» ў рамках праекту «Сустрэча з аўтарам». Пачатак а 19.00.
У прасторы ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16) адбудзецца адкрыцьцё выставы «Сучасны фотаздымак Лацінскай Амэрыкі». Пачатак а 19.00.
У гісторыі:
1796 — нарадзіўся Ян Чачот, беларускі і польскі паэт і фальклярыст. У 1818 стаў чальцом тайнага таварыства філяматаў. Пасьля выкрыцьця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаваньняў у 1823 зьняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Ўрал. Толькі празь 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На паэтычным турніры ў 1818 годзе Чачот быў прызнаны трэцім паэтам пасьля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.
1880 — нарадзіўся Іван Краскоўскі, дзяяч беларускага і ўкраінскага нацыянальнага руху.
1900 — нарадзіўся Кузьма Чорны, беларускі пісьменьнік.
1934 — сталіца Ўкраіны перанесена з Харкава ў Кіеў.
1941 — войскі нацысцкай Нямеччыны занялі Горадню.
1945 — прайшоў Парад Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве. Парад прымаў маршал Георгі Жукаў. Камандаваў парадам маршал Канстанцін Ракасоўскі.
1989 — у Вільні пачаўся I Устаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».
Цытата:
«Татка сеў пісаць нататку,
А малая — скок на татку.
Цап яго за бараду:
Беражыся — я іду!
Татка, хто спаймае мячык?
Татка, я хачу да качак!
Паглядзець на ліхтары,
Пакатацца на шары!
Пагайдацца ў парасоне,
Рыцца лыжкай у вазоне!
Паляцець, як Віні Пух!
Лепей, татачка, удвух!
Татка, дай зубную шчотку!
Пакажы вунь тую фотку!
А цяпер здымі з каня
І сьпявай пра зубраня!
Ой, парваўся мой блакноцік!
Што за лужына? Кампоцік!
Зьела на вячэру блін,
Крэйду, фарбу й пластылін...
Карацей, замест нататак —
Вэрхал. Зь вершамі ў дадатак:
Для дзяцей, іх мам і татак.»
Андрэй Хадановіч