Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Філіпенка: Быць беларусам — значыць жыць у абсурдзе


Расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня, аўтар раманаў «Былы сын» і «Задумы», вядучы тэлеканалу «Дождж», колішні сцэнарыст праграмы «Прожекторперисхилтон» Саша Філіпенка апублікаваў блог у часопісе «Большой»

Прапануем вам пераклад блогу.

Быць беларусам — крута. Быць беларусам — гонар. Быць беларусам — значыць усё жыцьцё валодаць таямніцай, якая даступная нешматлікім. Быць беларусам — значыць пераходзіць з мовы на мову ў залежнасьці ад кампаніі, і, у жаданьні скарыць дзяўчыну, валодаць козырам, якім не валодае больш ніхто. Козыр гэты — радкі зь вершу Багдановіча: «Я хацеў бы спаткацца з вамi на вулiцы...».

Быць беларусам — значыць жыць у лінгвістычным пекле​

Быць беларусам — значыць, апісваючы сябру сваю каханую, ужываць слова, якое адзіна падыходзіць — «выкшталцоная». Быць беларусам — значыць жыць у лінгвістычным пекле, таму што на першым ўроку вам распавядаюць, што «что» пішацца праз «ч», а на другім, што «што» пiшацца праз «ш», што карова пішацца праз «о», а на самой справе — праз «а». Быць беларусам — гэта наагул ведаць, што сабака — ён мой, і вечна жартаваць пра «Кафку». Быць беларусам — значыць пэрманэнтна спрачацца пра адзіную патрэбную мову, асабліва з тымі, хто 19 сьнежня 2010 году застаўся дома, таму што працягваў весьці спрэчкі аб адзіна правільнай мове.

Быць беларусам — значыць сачыць за самымі дзіўнымі відамі спорту, таму што нашы вечна выйграюць у якой-небудзь лухце. Быць беларусам — значыць у канцы 90-х глядзець КВЗ як спорт і заўзець за БДУ і «ЧП» больш, чым за зборную па футболе, бо які сэнс наагул за яе заўзець, хоць у ёй і ёсьць (у той час) Бялькевіч.

Быць беларусам — гэта ніколі ня ведаць, колькі ж у рэчаіснасьці каштуе даляр, і, пачуўшы, што «юбілейнай дэвальвацыі дакладна ня будзе» — імкліва несьціся ў абменны пункт. Быць беларусам — значыць у сярэдзіне двухтысячных звар’яцець ад прыгнаных са Штатаў тачак. Быць беларусам — азначае, праз дзесяцігодзьдзе, на шчасьце, да гэтых тапельцаў астыць. Быць беларусам — значыць памятаць песеньку «Хто я? Дзед-Барадзед» і зьяжджаць зь Менску, каб пасядзець на трамплінах у Раўбічах. Плаваць у саляных азёрах і, накупляўшы прысмакаў, езьдзіць па заходняй частцы краіны, разглядаючы касьцёлы, да якіх у Францыі вялі б пякельныя тысячы турыстычных сьцежак.

Быць беларусам — значыць слухаць ідыёцкія жарты суседзяў пра бульбу​

Быць беларусам — значыць ведаць, што такое хмарачос (хоць іх і няма ў краіне), і прызвычаіцца да раўнінаў, да раўнінаў ва ўсім. Як вынік, быць беларусам — значыць раз і назаўжды забіць на палітыку (ва ўсякім выпадку пакуль). Быць беларусам — значыць ненавідзець фразу «абы не было вайны» і ў той жа час радавацца, што яе пакуль няма. Быць беларусам — значыць ведаць, што Купала круты, а Колас ня вельмі, што неймаверна круты Быкаў і, як Быкаў, круты Міхалок. Быць беларусам — значыць ведаць, што сапраўдным беларусам, як і Міхалок, можна стаць.

Быць беларусам — значыць слухаць ідыёцкія жарты суседзяў пра бульбу. Радавацца таму, што ў цябе сіні, а не чырвоны пашпарт, і таму, што ў нас хоць бы няма замежных пашпартоў. Быць беларусам — значыць кожны раз, апынуўшыся на пашпартным кантролі, шкадаваць, што на нашым пашпарце дагэтуль няма «Пагоні». Быць беларусам — значыць памятаць пра зубраў і ніколі іх ня бачыць, ведаць пра БелАЗы і бачыць іх толькі разабранымі, выпадкова праяжджаючы завод. Быць беларусам — значыць хоць бы раз у жыцьці, ноччу, пабываць у «Макдональдсе» на Бангалёры. Быць беларусам — значыць ненавідзець, але аднойчы зразумець, прыняць, дараваць і нават палюбіць трасянку. Быць беларусам — значыць, вядома ж, раз у год, у траўні, падчас чэмпіянату калі і не глядзець, то хаця б ведаць, што ідзе хакей.

Быць беларусам — значыць пажыць у абсурдзе, пажыць значна даўжэй і раней за іншых. Быць беларусам — значыць ведаць, што лепшыя вечарынкі — хатнія, шуфлядка — высоўная паліца стала, а палова тваіх сяброў кажа «збольшага ў мяне ўсё добра». Але самае галоўнае: быць сапраўдным беларусам — значыць усё жыцьцё, змагаючыся перш за ўсё не з ворагамі, але з самім сабой, імкнуцца ня быць скотам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG