Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ляціць да папы: Украіна сярод ключавых тэмаў


Папа Францішак прымае Уладзімера Пуціна ў Ватыкане 25 лістапада 2013 году.
Папа Францішак прымае Уладзімера Пуціна ў Ватыкане 25 лістапада 2013 году.

Сустрэча прэзыдэнта Расеі з папам Францішкам прызначаная на 17.00 серады 10 чэрвеня. Перад гэтым Пуцін наведае Сусьветную выставу ў Міляне і сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Італіі ў Рыме.

На думку італьянскай газэты La Repubblica сустрэча Ўладзімера Пуціна з прэм’ер-міністрам Італіі Матэа Рэнцы менш важная для расейскага лідэра, чым сустрэча з папам. Эканоміка Расеі цярпіць вялікія страты ад заходніх санкцыяў, але Італія, хоць і мае з Расеяй асаблівыя дачыненьні, дысцыплінавана трымаецца агульнай палітыкі Эўразьвязу. Мова ідзе хутчэй пра захаваньне кантактаў у спадзяваньні на «росквіт» дачыненьняў у будучыні, пасьля таго або іншага разьвязаньня ўкраінскага крызісу. Таксама мяркуецца, што Італія закліча Пуціна дапамагчы ў разьвязаньні крызісу з уцекачамі ў Сырыі.

Затое сустрэча з папам Францішкам важная таму, што Ватыкан пакуль што не асудзіў ваеннага ўмяшаньня Расеі ва Ўкраіне. У лютым сёлета Францішак толькі назваў вайну ў Данбасе «братазабойчай», што выклікала незадавальненьне ва Ўкраіне. Пуцін ведае, піша La Repubblica, што Ўкраінская Грэка-Каталіцкая царква аказвае на апостальскую сталіцу магутны ціск з тым каб папа ўсё ж асудзіў расейскую агрэсію.

Таксама і паводле брытанскай газэты The Guardian сустрэча Пуціна з Францішкам будзе мець вырашальнае значэньне падчас знаходжаньня расейскага прэзыдэнта ў Італіі. Газэта прыводзіць меркаваньне інтэрнэт-парталу Crux, які назваў Пуціна і Францішка «нечаканай геапалітычнай парай», у якой узьнікла «неверагодна моцнае партнэрства». У 2013 годзе Францішак паслаў Пуціну ліст, у якім заклікаў знайсьці неваеннае рашэньне канфлікту ў Сырыі. Ёсьць зьвесткі што Пуцін працытаваў гэты ліст у гутарцы зь іншымі сусьветнымі лідэрамі. У выніку Захад ня ўжыў вайсковую сілу ў Сырыі.

Можа ўзьнікнуць ў гутарцы Пуціна з Францішкам і тэма дачыненьняў Ватыкану з Расейскай Праваслаўнай царквой. Цяпер гэтыя дачыненьні перажываюць не найлепшыя часы. На мінулым тыдні кракаўскі кардынал Дзівіш паведаміў журналістам, што атрымаў ліст ад кіраўніка аддзелу вонкавых дачыненьняў РПЦ мітрапаліта Іларыёна. У гэтым лісьце ўтрымлівалася адмова ў адказ на запрашэньне ад Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Польшчы да патрыярха Кірыла наведаць Кракаў падчас Сусьветных дзён моладзі ў 2016 годзе. Улічваючы, што там будзе прысутнічаць і папа Францішак, гэта было фактычнае запрашэньне да сустрэчы расейскага патрыярха з папам. У лісьце Іларыёна сьцьвярджалася, што у цяперашні час прыняць такую прапанову патрыярх Кірыл ня можа з прычыны пазыцыі Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Польшчы па канфлікце ў Данбасе.

Ад такой пазыцыі РПЦ церпяць і беларускія католікі абодвух абрадаў, якія ніяк ня могуць дачакацца візыту папы рымскага ў Беларусь. Гэтай вясной запрашэньне да папы прыехаць зь візытам у Беларусь агучылі ўжо ня толькі ўлады Каталіцкай царквы ў Беларусі, але і ўсе галіны ўлады Беларусі. Пра гэта на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 14 сакавіка 2015 году заявіў дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал П’етра Паралін. Тым ня менш РПЦ выступае супраць такога візыту і заяўляе, што яе згоды на візыт папы ў Беларусь няма. У гэтай сувязі экспэрты кажуць, што насамрэч згоды РПЦ на візыт папы ў Беларусь не патрабуецца. Гэтая норма не прапісаная нідзе ў міжцаркоўных дакумэнтах. Гэта проста правіла ветлівасьці, якое ў апошнія 20 гадоў добраахвотна ўзяў на сябе Ватыкан. У 2001 годзе папа Ян Павал ІІ наведаў Львоў і Кіеў, так і не дачакаўшыся згоды Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG