Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі падтрымае Лукашэнку

абноўлена

З такой заявай сёньня выступіў расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў.

Пра гэта паведаміў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Адказваючы на пытаньне Свабоды, дыплямат, у прыватнасьці, заявіў, што Саюзная дзяржава стваралася ня дзеля таго, каб «разбураць уладу ў Беларусі». Ён таксама паведаміў, што сёлета Расея ня будзе патрабаваць ад Беларусі выплаты доўгу ў памеры 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў.

Беларускія палітолягі адзначаюць, што на трох апошніх выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы (а гэта 2001, 2006 і 2010 гады) Расея, калі адкінуць нязначныя нюансы, дзейнічае паводле аднаго і таго ж сцэнару. Уладзімер Пуцін кожны раз выдае Аляксандру Лукашэнку некалькі мільярдаў даляраў у выглядзе крэдыту. І гэтыя грошы ўрэшце і вырашаюць лёс выбараў, бо менавіта зь іх беларускія ўлады падкормліваюць электарат.

Гэта і дало мне сёньня падставу для пытаньня амбасадару — калі чакаць візыту расейскага прэзыдэнта і які будзе аб’ём чарговага фінансавага ўліваньня? На гэта спадар Сурыкаў адказаў так:

«Мы традыцыйна падтрымліваем Аляксандра Рыгоравіча. Мы навошта сфармавалі фармат Саюзнай дзяржавы — каб разбураць уладу ў Беларусі, ці што? Не, мабыць.

І наконт партфэля з далярамі, што спэцыяльна сюды прыяжджаў Уладзімер Уладзімеравіч. Я добра ня памятаю, ці быў ён тут у 2006 годзе? Здаецца, не. Ён прыяжджаў у 2007 годзе, ужо пасьля выбараў. Я сказаў, чаму мы падтрымліваем Аляксандра Рыгоравіча. Але гэта не зьвязана з прыездам нашага прэзыдэнта. А выбары вашага прэзыдэнта, Аляксандра Рыгоравіча, яшчэ не прызначаныя, між іншым. Няма адпаведнага рашэньня парлямэнту.

Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Я сказаў пра дапамогу Беларусі. Але нашто зьвязваць меры дапамогі з прыездам нашага прэзыдэнта? Ускосна гэта зьвязаць можна, але наўпрост — не».

Пра матэрыяльную дапамогу Беларусі Аляксандар Сурыкаў распавёў крыху раней, адказваючы на пытаньне іншага журналіста. Пасол расказаў, як Расея матэрыяльна дапамагае Беларусі. Ён нагадаў, што Беларусі ўжо выдадзены крэдыт на 110 мільёнаў расейскіх рублёў. Цяпер абмяркоўваецца перанос вяртаньня крэдыту ў памеры 850 мільёнаў даляраў з гэтага году на наступныя. А таксама 450 мільёнаў эўразійскага крэдыту. Такім чынам, падсумаваў Сурыкаў, Беларусі замест пагашэньня чатырох мільярдаў зьнешняга доўгу застанецца вярнуць толькі 2,7 мільярда.

Вядома, такі паварот падзеяў стане палёгкай для беларускай фінансавай сыстэмы. Але тут ёсьць і іншы аспэкт, лічыць экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

«З аднаго боку, можна пазытыўна ацаніць тое, што асноўны доўг, які вісіць над нашай краінай, гэта расейскі. Пазытыўна таму, што вяртаньне яго вельмі цесна зьвязанае з палітычнымі момантамі, з палітычным дыялёгам кіраўнікоў дзьвюх краін. Бо калі ідзе размова пра вяртаньне пазыкаў таму ж МВФ альбо нейкім іншым міжнародным структурам, то там трэба абавязкова зрабіць выплату ў канкрэтны тэрмін.

Аднак ёсьць і другі бок справы. І, магчыма, у ім якраз і хаваецца пэўны нэгатыў. Калі існуюць такія дамоўленасьці, дзе ўсё вырашае слова, то заўжды ўзьнікае пытаньне: а што за гэтым хаваецца? Я асабіста ня ведаю, што хаваецца за гэтым парывам такой шырокай душы з боку Расейскай Фэдэрацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG