Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі і Славаччыне лічаць, што Расея спрабуе апраўдаць вайсковую інтэрвэнцыю 1968 года


Міністар замежных справаў Чэхіі Любамір Зааралек выклікаў пасла Расеі Сяргея Кісялёва для размовы аб зьяўленьні імёнаў чатырох чэскіх палітыкаў у так званым «чорным сьпісе» Крамля, а таксама аб трансьляцыі фільму «Варшаўская дамова» у эфіры тэлеканалу «Россия-1».

Дакумэнтальны фільм «Варшаўская дамова» быў паказаны па расейскім тэлебачаньні ў канцы траўня. У ім ставіцца пад сумнеў, што ўвод савецкіх войскаў у Вугоршчыну ў 1956 годзе і войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе быў агрэсіяй.

У прыватнасьці, у фільме робіцца акцэнт на непрыязнай рэакцыі пражанаў на ўвод войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну.

Расейскія войскі ў Празе
Расейскія войскі ў Празе

Выкарыстоўваюцца кадры з дакумэнтальных фільмаў, зьнятых у савецкі час, у якіх нэгатыўная рэакцыя жыхароў Прагі на падзеі 1968 году характарызуецца як выпад у адрас нядаўніх вызваліцеляў. Чэхаславацкіх апазыцыянэраў, якія рэзка асудзілі акупацыю краіны, называюць раней судзімымі, фашыстамі, эсэсаўцамі, памагатымі Гітлера, баевікамі-наймітамі.

Аўтары фільму сьцьвярджаюць, што дзеяньні Варшаўскай дамовы не падтрымлівалі толькі ў Празе, а на ўскраінах сталіцы Чэхаславаччыны і ў сельскай мясцовасьці насельніцтва нібыта не крытыкавала ўвод войскаў.

Дзеяньні краінаў Варшаўскай дамовы ў фільме апраўдваюцца падрыхтоўкай ўварваньня ў Чэхаславаччыну войскаў НАТА, а таксама ўзброеным пераваротам, які нібыта плянаваўся ў Празе. На карысьць гэтых тэзаў прыводзяцца ў тым ліку кадры прапагандысцкага савецкага фільму «Адпор ворагам сацыялізму».

«У гэтым фільме ёсьць ідэалягічныя клішэ, ілжывыя тэзы і скажоныя факты. Міністар замежных спраў Чэхіі задае пытаньне, чаму праз столькі гадоў, на працягу якіх за гэтую акупацыю папрасілі прабачэньня ня толькі прадстаўнікі Савецкага Саюзу, але і ўлады сучаснай Расеі, стала магчымым зьяўленьне такога дакумэнтальнага фільму на расейскім дзяржаўным тэлебачаньні», — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода Міхаэла Лагранёва зь Міністэрства замежных спраў Чэхіі.

Фільм асудзілі і іншыя чэскія палітыкі.

Акрамя Чэхіі ноту пратэсту ў сувязі са зьяўленьнем на расейскім тэлебачаньні «Варшаўскай дамовы» распаўсюдзіла таксама Міністэрства замежных справаў Славаччыны.

«Паказ дакумэнтальнага фільму, які імкнецца перапісаць гісторыю і фальсыфікаваць факты аб змрочнай старонцы нашай мінуўшчыны, наносіць шкоду расейска-славацкім адносінам, якія дэкляруюцца як добрыя, — гаворыцца ў дакумэнце. — Мы настойваем на павазе да праўды пра падзеі 1968 году, якія для Чэхаславаччыны і яе жыхароў азначалі вялікую і шматгадовую трагедыю».

Карэл Шварцэнбэрг
Карэл Шварцэнбэрг

Міхаэла Лагранёва таксама распавяла, што размова кіраўніка МЗС Чэхіі з паслом Расеі была неабходнай яшчэ таму, што міністэрства не атрымала тлумачэньняў прычынаў ўнясеньня чэскіх палітыкаў у «чорны сьпіс», а таксама не было азнаёмленае з працэдурай абскарджваньня пэрсанальных санкцыяў.

Былы міністар замежных справаў і кіраўнік партыі «Топ-09» Карэл Шварцэнбэрг, яго намесьнік Марэк Жэнішэк, дэпутаты Эўрапарлямэнту Ярамір Шцеціна і Штэфан Фюле ўключаныя Масквой у сьпіс непажаданых пэрсонаў. Усяго ў «чорным сьпісе» 89 палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў з краінаў Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG