Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовы аналітык пра хакейны дэмарш: Гэта ганьба. Вылазяць бокам 85%, якія галасуюць за Пуціна


Зборная Канады трыюмфальна завяршыла чэмпіянат сьвету па хакеі ў Чэхіі, разграміўшы ў фінале расейцаў зь лікам 6:1. Такім чынам, каманда «кляновых лістоў» стала адзінай на турніры, якая прадэманстравала стопрацэнтны вынік — 10 перамог у 10 сустрэчах — пры фантастычнай розьніцы шайбаў +51.

Ад самага пачатку ўсясьветнага першынства канадцы акрэсьлілі максымальныя мэты, пасьлядоўна зьмятаючы на сваім шляху канкурэнтаў. Прадстаўнікоў хакейнага «падвалу» яны распрасавалі як катком: па 10 галоў немцам і аўстрыйцам, 9 — беларусам, 7 — швайцарцам.

Не пашкадавалі і намінальна роўных у клясе: па 6 шайбаў — швэдам, чэхам і расейцам. Апошнія былі разьбітыя ў фінале і не змаглі адказаць нічым лепшым, як дэмаршам, які абурыў нават аматараў хакею ў Расеі — падначаленыя Алега Знарка дэманстратыўна пакінулі пляцоўку перад выкананьнем дзяржаўнага гімну Канады, на лёдзе засталіся толькі некалькі гульцоў на чале з Аляксандрам Авечкіным. Як вынік — сёньня ніводзін заўзятар не прыехаў у маскоўскі аэрапорт «Внуково» сустракаць срэбных прызэраў чэмпіянату сьвету.

У мінулым адзін зь лідэраў нацыянальнай зборнай Беларусі, яе шматгадовы капітан Аляксандар Андрыеўскі перакананы: як бы прадстаўнікі расейскага штабу ні спасылаліся на стомленасьць і эмацыйную спустошанасьць, такі жэст нічым не апраўданы:

«Хто там даў каманду ці гульцы самі сышлі — гэта трэба ведаць дакладна, проста так кідацца словамі няправільна. Ня ведаю, хто паехаў першы, як так увогуле атрымалася, але суперніка трэба паважаць, гэта факт. Зразумела, што прайгралі, прычым параза буйная; зразумела, што крыўдна. І ўсё ж нават у такім стане трэба знайсьці сілы і аддаць павагу зборнай Канады, быць на пляцоўцы да канца ўзнагароджваньня. Эмоцыі б’юць цераз край, гэта ўсё відавочна, аднак трэба ўмець прайграваць, трэба ўмець трымаць удар. Канадцы выйгралі надзвычай упэўнена, і, магчыма, якраз гэта расейцаў і раззлавала. У выніку атрымалася тое, што мы ўсе ўбачылі. Дзеля справядлівасьці, невялікая група расейскіх хакеістаў усё ж засталася, на сіняй лініі махалі рукамі, каб і астатнія спыніліся. Думаю, гэтыя пару чалавек — хлопцы, якія самі гуляюць у НХЛ».

Канадзкая прэса сёньня піша пра «беспрэцэдэнтны ўчынак» расейскіх хакеістаў — спартовыя аглядальнікі ня могуць згадаць, каб нешта падобнае адбылося за ўсю гісторыю ўсясьветных першынстваў. Прэс-аташэ расейскай каманды Ігар Ларын вымушаны запэўніваць журналістаў, што інцыдэнт з сыходам большай часткі гульцоў пасьля матчу да выкананьня гімну Канады будзе расьсьледаваны: «Проста так „выпарыцца“, зьнікнуць з пляцоўкі нельга. Ёсьць арганізатары, якія адказваюць за сыход каманды, гэта спэцыяльная цырымонія. Таму будзем разьбірацца», — патлумачыў ён.

Тым часам прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакея Рэнэ Фазэль запэўніў, што Фэдэрацыя хакея Расеі будзе пакараная за непавагу, якую расейскія гульцы выявілі ў дачыненьні да зборнай Канады. Па яго словах, за 29 чэмпіянатаў сьвету, на якіх яму давялося прысутнічаць, гэта першы падобны выпадак.

Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка

Між тым, як кажа спартовы аналітык, у мінулым аўтар і вядучы спартовых перадачаў на Беларускім тэлебачаньні Ўладзімер Даўжэнка, акт публічнай непавагі да суперніка адлюстроўвае агульны стан усяго расейскага грамадзтва:

«Гэта сумна, гэта, канечне, ганьба. На жаль, усё больш вылазяць бокам так званыя 85%, якія галасуюць за Пуціна. Зьвярніце ўвагу: Авечкін заклікаў гульцоў вярнуцца — марна. Зрэшты, яго зразумець можна: гуляе ў НХЛ, усё ж пабачыў сьвет, вопыт нейкі ёсьць. Дый цудоўна разумее: каб ён таксама пакінуў лядовую арэну разам з астатнімі, то яго б за акіянам абсьвісталі, там хлопцы да двух ня лічаць. А ўвогуле сам факт — з шэрагу паказальных. Больш за тое, я б нават не зьдзівіўся, каб трэнэр Знарок сказаў, што там былі канадзкія бандэраўцы, нейкія фашысты, у такім вось духу. А працяг будзе, і, на жаль, у дрэнны бок. Бо, як казаў клясык, была б гэта апошняя бяда. Яшчэ што-небудзь абавязкова выкінуць. Не забывайцеся, што наступнае хакейнае першынства пройдзе ў Расеі, у 2018-м яны прымаюць чэмпіянат сьвету па футболе. Таму такіх вось шарыкаўскіх выбрыкаў будзе дастаткова, матрасьня яшчэ ня раз зганьбіць сваю краіну. Ну і няхай ганьбіць...»

Каманда Беларусі па выніках усясьветнага першынства заняла сёмае месца, прадэманстраваўшы досыць высокі ўзровень гатовасьці. Самыя разгромныя паразы здарыліся якраз ад фіналістаў спаборніцтваў — Канады (0:9) і Расеі (0:7). Менавіта гэтыя вынікі выклікалі абурэньне Аляксандра Лукашэнкі — капітана, як падае афіцыйная прапаганда, «самай моцнай аматарскай хакейнай дружыны ў сьвеце». Назваўшы капітуляцыю «пазорышчам», аматар № 1 заявіў, што хопіць цешыцца фактам выхаду ў чвэрцьфінал, трэба нарэшце апраўдваць укладзеныя ў хакей велізарныя грошы. Дык ці маглі беларусы скочыць вышэй за цяперашні вынік?

Аляксандар Андрыеўскі, які мае багаты досьвед ня толькі гульца, але і трэнэра, выступ землякоў у Чэхіі ацэньвае наступным чынам:

«Я лічу, што, нягледзячы на буйную паразу ад канадцаў у чвэрцьфінале, зборная выступіла надзвычай прыстойна. Калі па пяцібальнай сыстэме, то можна паставіць чацьвёрку зь вялікім тлустым плюсам. Аб’ектыўна кажучы, на працягу многіх сэзонаў мы не паказвалі такой гульні, якая была на гэтым чэмпіянаце сьвету. Таму яшчэ раз паўтаруся: выступ каманды заслугоўвае толькі добрых словаў. Другое запар пападаньне ў васьмёрку мацнейшых сьведчыць перадусім пра тое, што мы можам гуляць на высокім узроўні. І хлопцам за гэта дзякуй».

Карэспандэнт: «Выглядае, што Аляксандар Лукашэнка пагарачыўся?».

«Думаю, пасьля такіх сакрушальных паразаў гэта ўсё ж было сказана на эмоцыях. Але зь іншага боку, як мы бачым, зборныя Канады і Расеі — гэта якраз тыя калектывы, якія ў выніку занялі першыя два месцы. І калі азірнуцца назад, то ў асноўны час мы прайгралі толькі гэтым супернікам. То бок правялі зь імі аб’ектыўна не найлепшыя гульні, але ж іншыя вынікі добрыя. Так, былі буйныя паразы, якія, дзеля справядлівасьці, аўтаматычна не азначаюць, што ў цэлым гульня беларусаў была дрэнная».

Беларусы вярнуліся дадому ў суботу 16 траўня. Вялікага ажыятажу з гэтай прычыны ў аэрапорце не назіралася — гульцоў сустракалі пераважна сваякі ды журналісты. Капітан зборнай Аляксей Калюжны на крытыку Аляксандра Лукашэнкі адрэагаваў адным сказам: «Гэта хто як глядзіць на гульню...». Пра нарады, прысьвечаныя вынікам выступу каманды Беларусі на ўсясьветным першынстве ў Чэхіі, пакуль не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG