Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі журналіст, які прыгразіў Беларусі ліквідацыяй: «Час ехаць у Менск даваць паказаньні КДБ»


Шырокі рэзананс у Байнэце выклікала публікацыя
ў расейскай газэце «Взгляд» артыкулу «Менску пара вызначацца» журналіста Эдуарда Бірава з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі правесьці восеньню 2015 году рэфэрэндум аб далучэньні Беларусі да Расеі.

У адваротным выпадку «Беларусь у цяперашнім выглядзе ліквідуюць», пісаў Біраў. Ён адзначаў, што Лукашэнку трэба вызначыцца, з кім ён — з Расеяй або Захадам, «іначай Беларусь можа напаткаць лёс Украіны».

Зараз спадар Біраў (нікнэйм у Рунэце russkiy-malchik) апублікаваў свой аналіз беларускай рэакцыі на яго публікацыю. Прапануем вам гэты аналіз у скароце.

Мая калёнка ў «Взгляде» з прапановай Лукашэнку правесьці рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі выклікала нечакана бурную хваравітую рэакцыю ў Беларусі і выявіла нешта такое, што для мяне да гэтага часу было не зразумела.

Пачалося з таго, што на адным са сьвядомых сайтаў мой тэкст падалі пад такой назвай «Расейцы патрабуюць ад Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум аб аб’яднаньні ў 2015 годзе».

І тут жа — «Расейскае выданьне пагражае Беларусі ліквідацыяй».

Ну гэта значыць Эдуард Біраў адначасова стаў і «ўсімі расейцамі» і «расейскім выданьнем». Прымітыўны такі прыём. Далей больш — сказана так, быццам я пагражаў, што калі Беларусь не ўвойдзе ў Расею, то Расея зробіць гэта сілком.

Хоць у тэксьце зусім інакш — калі Беларусь ня ўстане разам з Расеяй, то Захад яе ліквідуе.

Тут жа падключылася ЦРУшнае «Радыё свабоды» — «Расейская прэса: альбо Беларусь увойдзе ў склад Расеі, альбо яе ліквідуюць». І пайшло-паехала.

Першае. У Беларусі ўжо сфармаваны вельмі немаленькі і вельмі агрэсіўны інтэрнэт-атрад сьвядомых, якія ўжо працяглы час апрацоўваюць праз сацсеткі мазгі маладых беларусаў. Гэта прыкладна як у пачатку 2000-х гадоў на Ўкраіне. Ідуць яны практычна па той жа мэтадычцы і з тымі ж наборамі фразаў: ад «давайце застанемся братамі, але ня лезьце нас са сваёй імпэрскай любоўю» да «будзь праклятая вашая крывавая арда, мы, бяларусы, гордыя і цывілізаваныя эўрапейцы-літвіны».

Адчуваньне, што чытаеш кіеўскія агіткі або слухаеш майданаўскіх крыкуноў.

Адчуваньне, што чытаеш кіеўскія агіткі або слухаеш майданаўскіх крыкуноў.

Да гэтага хору далучаюцца і расейскія сьведкі сэкты Лукашэнкі, якія дзейнічаюць ад адваротнага — маўляў, у Расеі праклятая алігархія і бруд, у Беларусі чысьціня і парадак, незасеяныя палі, сьпіваюцца вёскі і інш. І ня трэба лезьці да іх са сваім статутам, хай лепш Лукашэнка Крэмль ўзначаліць, або перш чым аб’ядноўвацца, хай Пуцін сваіх злодзеяў пасадзіць і інш. Розныя быццам бы пазыцыі аб’ядноўвае адно — рэзкае непрыманьне Расеі як галоўнай сілы, якая аб’ядноўвае рускі сьвет. Калі са сьвядомымі усё зразумела (аб’яднаньне для іх сьмерці падобнае), то патрыётаў Лукашэнкі зусім не апраўдвае іх тлумачэньне, што Менск лепшы за Маскву, і гэта яшчэ трэба падумаць, хто ў каго павінен уваходзіць. Тут адчуваецца ўласаўшчына пад выглядам рускага патрыятызму — маўляў, у Маскве ўлада няправільная, таму і Расея няправільная.

І трэцяя выснова — гэта ўласна пазыцыя самой беларускай улады. Яна роўна такая ж — спалох і падазрэньне Расеі ў тым, што яна рыхтуе агрэсію. Як мне сказалі, па маім тэксьце заварушыліся нават у менскім КДБ. Так што час ехаць у Беларусь даваць паказаньні. Тэлефанавалі зь беларускага радыё (на жаль, ня змог адказаць), а гэта значыць, што тэма была агучаная ў эфіры і ўхаваленая адпаведнымі службамі.

Адчуваньне, што афіцыйныя асобы таксама ўспрынялі мае словы не як добрую дружалюбную падказку, заклік да аб’яднаньня сілаў, да ўзьяднаньня і аднаўленьня адзінай рускай сям’і, а як пагрозу свайму існаваньню. На жаль, беларуская эліта, якая сканструяваная Аляксандрам Лукашэнкам па сваім вобразе і падабенстве, ставіць свае местачковыя амбіцыі вышэй за гістарычны лёс рускага народу. А ў выпадку ўзьяднаньня рускіх па абодва бакі межаў амбіцыі менскіх элітаў будуць, вядома ж, сур’ёзна абмежаваныя. Таму яны будуць рабіць усё, каб іх сувэрэнітэт (не дзяржавы, а гэтай эліты) праіснаваў як мага даўжэй.

Вось гэта і сумна. Беларусь, вядома, не Ўкраіна, але псыхалёгія асобнай краіны за гэтыя 23 гады сфармавалася ў вельмі многіх. А гэта значыць, што сцэнар добраахвотнага ўзьяднаньня малаверагодны.

Калі гэта так — то мае папярэджаньні, прынятыя ў Беларусі як пагроза, рэалізуюцца. На вялікі жаль.

Вельмі хочацца памыліцца і ў чарговы раз прызнаць адсутнасьць сваёй рацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG