Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: Кожны з «магутнай купкi» мог быць старшынём Талакi, але пагадзiлiся на Сержука


Сяржук Вітушка на мітынгу ў абарону Верхняга гораду ў Менску
Сяржук Вітушка на мітынгу ў абарону Верхняга гораду ў Менску

Пра Сержука Вітушку і Талаку згадвае Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

З войска я прыйшоў у кастрычніку 1986-га, i Талака ўжо зьвінела ваўсю. Ня ведаю мэханiзмаў выбару старшынi Талакi, але арагнiзоўвалася, кiравалася яна калектыўным розумам, «магутнаю купкай», куды ўваходзiлi мае старыя як на той час знаёмыя Вiнцук Вячорка, Алесь Суша, Вiктар Iвашкевiч i новы для мяне знаёмец – маладзейшы за нас, але гарачы, прыгожы, шчыры беларус, студэнт-гiсторык Сяргей Вiтушка.

Яго i вылучылi наперад, у старшынi, бо ён меў завадатарскiя здольнасьцi, выклiкаў натуральны давер i выглядам, i размоваю, i шчырай захопленасьцю. Быў бялявым, сiнявокiм такiм хлапчынам, за якiм хацелася iсьцi i рабiць штосьцi супольнае.

Кожны з «магутнай купкi» мог бы быць старшынём Талакi, але яны пагадзiлiся на Сержука, як хiба што на самага вiдочнага i заваднога.

У канцы 1986 году арганiзавалася яшчэ адно «нефармальнае аб'яднаньне» – Таварыства маладых лiтаратараў «Тутэйшыя», дзе актыўнiчаў я. Паводле сваiх поглядаў i агульных накiрункаў дзеяньня мы – Талака i Тутэйшыя – былi разам i дзеялi супольна.

Неўзабаве мяне абралi прэзыдэнтам Тутэйшых i я часта хадзiў на паседжаньнi Талакi, кантактаваў з талакоўцамi i зь Сержуком. Мы разам падпiсвалi i заяўкi на розныя iмпрэзы, i звароты.

Iмпэт Сержука, ягоная вера у нашу адраджэнскую беларускую справу натхнялi i падтрымлiвалi i мяне таксама. У мяне было такое адчуваньне, што разам зь Сержуком ды iншымi хлопцамi i дзяўчатамi мы горы зьвернем. Стасункi памiж намi былi заўсёды добрымi, бо мы разумелi, што робiм адну справу. I мэты ў нас былi адныя: аб'яднаць вакол беларускай iдэi як мага больш моладзi.

Сяржук мне падабаўся тым, што нiколi не баяўся браць цяжар штодзённай працы на сябе i не баяўся адказнасьцi i наступстваў ад сваёй актыўнасьцi. Беларушчына была для яго галоўнай мэтай жыцьця. Памятаю як у 1988 годзе ён вёў цi ня першы у Беларусi мiтынг у Верхнiм горадзе ў абарону яго ад разбурэньня. Гэта было рызыкоўна, бо маглi быць рэпрэсii, але Сяржук не збаяўся.

Такiм лiдэрам, завадатарам беларускай моладзi, новай, дэмакратычнай, беларускай плынi ён i застаецца ў маёй памяцi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG