Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крушэньне авіяляйнэра А320. «Распылілі» пры падзеньні


Адзін з бартавых самапісцаў ляйнэра A320
Адзін з бартавых самапісцаў ляйнэра A320

Працягваецца выратавальная апэрацыя на месцы падзеньня самалёта авіякампаніі Germanwings ў францускіх Альпах.

Раніцай 25 сакавіка ў францускіх Альпах, прыкладна ў дзесяці кілямэтрах ад вёскі Сейны-лез-Альп дэпартамэнту Альпы Верхняга Праванса, на вышыні паўтары тысячы мэтраў, аднавілася выратавальная апэрацыя. У ёй прымаюць удзел сілы францускай жандармэрыі, паліцыі, службы выратаваньня, а таксама судмэдэкспэрты. Найпершая задача — выявіць і апазнаць астанкі загінулых і як мага хутчэй даставіць іх сем’ям. Лягер ратавальнікаў разьбіты ў Сейны-лез-Альп — гэтая невялікая вёска апынулася самым блізкім населеным пунктам да месца катастрофы. Сюды звозяць парэшткі загінулых і фрагмэнты ляйнэра.

«Распыленьне» — вось слова, якім ахарактарызавалі ратавальнікі месца крушэньня «Аэробуса-320». Абломкі настолькі малыя, што сярод іх практычна не адрозьніць частак самалёта. Іх раскідала ў радыюсе ад аднаго да чатырох гектараў. Калі выратавальнікам задалі пытаньне пра целы загінулых, усё, што яны маглі сказаць: чалавечыя парэшткі на месцы катастрофы ня ў лепшым стане, чым абломкі фюзэляжу.

Адзін з бартавых самапісцаў выявілі яшчэ ўчора, дзякуючы гукавому сыгналу, які ён выдаваў. Сёньня стала вядома, што гаворка ідзе пра «чорную скрыню», якая запісвала тое, што адбывалася ў кабіне пілётаў. Па словах экспэртаў, самапісец пашкоджаны, але не зламаны. Сьледчыя разьлічваюць на гэтыя запісы, каб зразумець, што адбывалася ў апошнія хвіліны перад крушэньнем.

«Аэробус-320» нямецкай кампаніі Germanwings — лаўкостэра філіялу нацыянальнай авіякампаніі Lufthansa — разьбіўся 24 сакавіка ў 10:53 раніцы ў раёне горнага масіву Эстроп. Ляйнэр выконваў рэйс 4U9525 з Барсэлёны ў Дзюсэльдорф. Ён вылецеў з аэрапорта Эль-Прата ў раёне 10 гадзін раніцы, з паўгадзінным спазьненьнем, і павінен быў зьдзейсьніць пасадку ў пункце прызначэньня ў 11:55. На борце знаходзілася 144 пасажыры і 6 чальцоў экіпажу.

Неўзабаве пасьля крушэньня намесьнік міністра транспарту Францыі Ален Відаліс паведаміў, што ў 10:47 быў зафіксаваны сыгнал бедзтва самалёта, «калі ляйнэр знаходзіўся на вышыні 5000 футаў (1500 мэтраў), у аварыйнай сытуацыі», над горным масівам Эстроп. Пазьней паведамленьне аб атрыманьні сыгналу бедзтва было аспрэчана Галоўным упраўленьнем грамадзянскай авіяцыі Францыі. У паведамленьні ўпраўленьня гаварылася: «Экіпаж ляйнэра не падаваў сыгналу бедзтва mayday. Рашэньне пра абвяшчэньне таго, што самалёт церпяць бедзтва, было прынятае кіраваньнем палётамі ў Экс-ан-Праванс ў 10:30, паколькі з экіпажам больш не было сувязі, а самалёт імкліва губляў вышыню».

У момант катастрофы ўмовы надвор’я ў вызначаным раёне былі спрыяльнымі. Не назіралася ні ападкаў, ні воблачнасьці, ні ветру. Дажджы і навальніцы былі толькі над Міжземнамор’ем — гэты адрэзак шляху ляйнэр ўжо мінуў. Такім чынам, вэрсія аб тым, што аварыя адбылася ў сілу прыродных фактараў, не зьяўляецца прыярытэтнай. Прадстаўнікі нямецкай авіякампаніі «Люфтганза», даччыным філіялам якой зьяўляецца Germanwings, паведаміла ўчора, што катастрофа была няшчасным выпадкам, і ўсе астатнія здагадкі (у тым ліку вэрсія тэракту) «зьяўляюцца толькі спэкуляцыямі».

Галоўнае пытаньне, на якое ў экспэртаў пакуль няма адказу: чаму экіпаж не падаваў сыгнал бедзтва? Ляйнэр стаў імкліва губляць вышыню, але пілёты маўчалі. Гэта працягвалася каля дзесяці хвілінаў — ляйнэр ішоў уніз, прыкладна па 1200 мэтраў у хвіліну. Пры гэтым спробы наземнага дыспэтчара зьвязацца з экіпажам не далі выніку. Верагодна, на гэтае пытаньне дапамогуць адказаць бартавыя самапісцы, а таксама спадарожнікавыя запісу і запісы радараў з шматлікіх ваенных баз, разьмешчаных у дадзеным раёне.

На дадзены момант францускія экспэрты, да працы якіх сёньня далучацца нямецкія калегі, не выключаюць ніводную з вэрсій: тэхнічная непаладка, неадэкватная рэакцыя экіпажа на аварыйную сытуацыю, тэракт. Спэцыялісты, якія аналізуюць гэтае пытаньне ў СМІ, схільныя лічыць, што самалёт разьбіўся непасрэдна пры падзеньні, а не выбухнуў ў паветры.

Пра тэхнічны стан самалёта сказаць што-небудзь канкрэтнае пакуль складана. Як заявіў кіраўнік кампаніі Germanwings Томас Вінкельман, «Аэробусу» было 24 гады, апошнюю агульную праверку ён праходзіў летам 2013 году. Як правіла, калі такая праверка праходзіць пасьпяхова, ліцэнзію на эксплюатацыю ляйнэра падаўжаюць на пяць гадоў. Акрамя таго, перад кожным палётам самалёт праходзіць агляд і інспэктуецца пілётамі. Усё гэта, лічаць экспэрты, не выключае магчымасьці паломкі таго ці іншага вузла або сыстэмы ляйнэра. Сьледчым спатрэбіцца не адзін дзень, для таго каб прааналізаваць усе сабраныя на месцы катастрофы доказы, але менавіта на падставе такіх магчыма ўсталяваць сапраўдную прычыну крушэньня.

Выратавальнікі, якія прыбылі на месца трагедыі, пацьвердзілі, што тых, хто выжыў у катастрофе, няма. На борце пацярпелага крушэньне самалёта знаходзілася 45 грамадзян Гішпаніі і 67 грамадзян Нямеччыны, а таксама грамадзяне Турцыі і Аўстраліі.

У Гішпаніі сёньня аб’яўлена трохдзённая нацыянальная жалоба. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой выказалі сваё глыбокае ўзрушэньне тым, што здарылася і паведамілі пра адмену ўсіх заплянаваных на гэтыя дні афіцыйных мерапрыемстваў. Абедзьве сёньня павінны прыбыць у Францыю, каб разам з прэзыдэнтам Аляндам адправіцца на месца катастрофы.

Гэта найбольш буйная авіякатастрофе на тэрыторыі Францыі са сьнежня 1981 году, калі 180 чалавек загінулі ў выніку крушэньня самалёта MD-81 югаслаўскай кампаніі Inex-Adria Aviapromet на вяршыні гары Сан-П’етра на Корсыцы. Яшчэ адна катастрофа адбылася ў ліпені 2000 году блізу парыскага аэрапорта Шарль дэ Голь — тады разьбіўся звышгукавы самалёт «Канкорд», усе 109 пасажыраў і членаў экіпажу загінулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG