Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры Эўразьвязу пагадзіліся прадоўжыць санкцыі супраць Расеі


Кіраўнікі краінаў-сябраў Эўрапейскага зьвязу пагадзіліся зь неабходнасьцю захаваньня санкцыяў супраць расейскіх кампаніяў да поўнага ажыцьцяўленьня менскіх пагадненьняў.

Гэтая дамоўленасьць была дасягнутая ў чацьвер на саміце Эўразьвязу ў Брусэлі. Дональд Туск, старшыня Эўрапейскай Рады заявіў на прэс-канфэрэнцыі аб тым, што «кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што тэрмін дзеяньня санкцыяў будзе наўпрост увязаны з поўным ажыцьцяўленьнем менскіх пагадненьняў». Дональд Туск папярэдзіў пра гатоўнасьць лідэраў ЭЗ распачаць «далейшыя рашэньні ў выпадку неабходнасьці», што азначае магчымасьць узмацненьня жорсткасьці рэжыму санкцыяў.

Афіцыйнае рашэньне пра будучыню санкцыяў будзе прынятае на чэрвеньскім саміце ЭЗ. Паводле дыпляматаў, гэтая дамоўленасьць фактычна гарантуе захаваньне да канца году рэжыму санкцыяў, накіраваных супраць энэргетычнай, фінансавай і абароннай галінаў расейскай эканомікі. Яна стала вынікам кампрамісу, выпрацаванага пры пасярэдніцтве канцлера ФРГ Ангелы Мэркель, прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда і старшыні Эўрапейскай Рады Дональда Туска.

Пакуль дасягнутае рашэньне аб працягу эканамічнага пакету санкцыяў. Паводле зьвестак інфармацыйнага агенцтва «Reuters», ёсьць верагоднасьць адмены санкцыяў супраць расейскіх і ўкраінскіх грамадзянаў да канца году ў выпадку прыкметнага паляпшэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG