Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не аплачвайце прэзыдэнту Зэману паездку ў Маскву


З такой прапановай выступіла старшыня мандатнай камісіі чэскага парлямэнту Міраслава Немцава.

Чэскі прэзыдэнт плянуе наведаць Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 70-годзьдзя заканчэньня Другой усясьветнай вайны.

Немцава, якая ў папярэднім скліканьні была старшынёй парлямэнту, лічыць, што Мілаш Зэман ня меў бы езьдзіць ў Маскву з-за сытуацыі ва Ўкраіне, а таксама з-за таго, што там плянуецца і прысутнасьць паўночна-карэйскага дыктатара Кім Чэн Ына. «Упэўненая, што важны юбілей канца вайны мы можам адзначыць інакш, чым на сьвяце ў краіне, якая парушае міжнароднае права і з дапамогай прапаганды пагражае ўнутранай бясьпецы шэрагу краін Эўропы, у тым ліку Чэскай рэспублікі», піша Немцава.

Напярэдадні прэзыдэнт Зэман асабіста сустракаў у праскім аэрапорце дзясяткі патомкаў чэхаў з усходняй Украіны, якім Чэхія прадаставіла від на жыхарства. Большасьць іх прыехалі з гораду Чэхаград. На працягу паўгоду яны будуць мець бясплатнае жыльлё ў гатэлі міністэрства аброны, фінанансавую і моўную дапамогу.

Прэм’ер краіны Багуслаў Собатка не падзяляе трывогі адносна візыту чэскага кіраўніка ў Маскву. Собатка заявіў мэдыям, што «дзяcяткі тысяч салдат, якія загінулі пры вызваленьні нашай зямлі не нясуць адказнасьць за сёньняшнюю непрымальную палітыку Пуціна». Удзел прэзыдэнта ў маскоўскім парадзе, падкрэсьлівае кіраўнік чэскага ўраду, ніяк не мяняе наша стаўленьне да ўкраінскага крызысу.

Чэскі прэзыдэнт вядомы сваімі прарасейскімі сымпатыямі, ён добра гаворыць па-расейску. Прэзыдэнт Зэман са свайго боку спаспасылаецца на сустрэчы эўрапейскіх лідэраў з Пуціным у нарманскім фармаце і лічыць, што зь яго боку будзе дастаткова адной дыпляматычнай перасьцярогі — калі ў Маскве ён не падасьць руку Кім Чэн Ыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG