Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Троіцкі распавёў, чаму адгаварыў жонку мяняць беларускае грамадзянства на расейскае


Арцём Троіцкі
Арцём Троіцкі

Госьць Свабоды — вядомы расейскі публіцыст, блогер, музычны крытык, адзін зь першых прапагандыстаў рок-музыкі ў Савецкім Саюзе Арцём Троіцкі.

Ганна Соўсь: У дзень апошніх менскіх перамоваў аб ваенным канфлікце ва Ўкраіне паводле дадзеных аналітычнага фірмы Topsy, слова «Менск» згадвалася больш за 325 000 разоў на расейскай і ангельскай мовах — куды больш, чым словы «Пуцін» або «Мэркель». Менск фактычна стаў новай дыпляматычнай сталіцай, і імідж апошняга дыктатара ў Эўропе Лукашэнка зьмяніў на імідж міратворца і гасьціннага гаспадара. Наколькі вам падаецца небясьпечным у такой сытуацыі магчымая легітымізацыя Аляксандра Лукашэнкі Захадам? Або «менскі мір», якім бы прывідным ён ні быў, важнейшы?

Арцём Троіцкі: Па-першае, мне не падаецца, што менскія дамоўленасьці могуць прывесьці да міру. Я гляджу на сытуацыю больш скептычна. Што да рэпутацыі Аляксандра Лукашэнкі, так, несумненна, ягоная рэпутацыя вельмі выйграла ад таго, што адбылося за апошні год. З аднаго боку ён відавочна як дыктатар адышоў далёка ў цень Уладзіміра Пуціна, які цяпер галоўны дрэнны хлопчык у Эўропе. З другога боку, сапраўды, Аляксандар Лукашэнка займае дастаткова ўзважаную, збалянсаваную пазыцыю, дыстанцыяваную ад Расеі пазыцыю, што, на мой погляд, вельмі разумна зь яго боку, і, канечне, дадае яму ачкоў у нейкай ягонай палітычнай гульні. Наколькі гэта добра ці дрэнна для беларускага народу, думаю, што збольшага гэта добра, таму што калі Лукашэнка сапраўды зможа зблізіцца з Эўропай, калі гэта не часовыя манэўры, а нейкая больш стратэгічная палітыка на збліжэньне з Эўропай, то думаю, што людзям у Беларусі ад гэтага будзе толькі лепей.

Соўсь: Барыс Нямцоў казаў, што новая дэмакратычная Беларусь непазьбежна стане часткай аб’яднанай Эўропы і, такім чынам, пакажа прыклад Расеі. «Чым хутчэй пераможаце вы, тым хутчэй пераможам мы», казаў ён. Ці вы згодныя?

Троіцкі: Я падзяляю гэты пункт гледжаньня нябожчыка Барыса Яфімавіча. Заўсёды лічыў, што рана ці позна, так ці інакш, але Беларусь абавязкова выйдзе на наўпроставую эўрапейскую дарогу. Мая жонка Вера — грамадзянка Рэспублікі Беларусь, і адзін час яна хацела зьмяніць беларускае грамадзянства на расейскае, паколькі я — грамадзянін Расеі, дзеці ў нас — грамадзяне Расеі. І я яе заўсёды адгаворваў ад гэтага і казаў: «Вера, што будзе з Расеяй, я ня маю ўяўленьня, і вельмі можа быць, што нічога добрага ня будзе, а вось твая родная краіна Беларусь рана ці позна будзе ў поўным парадку. Так што захавай сваё першапачатковае грамадзянства».

Соўсь: Як вы лічыце, ці зьменіць Расею забойства Нямцова?

І я яе заўсёды адгаворваў ад гэтага і казаў: «Вера, што будзе з Расеяй, я ня маю ўяўленьня, і вельмі можа быць, што нічога добрага ня будзе, а вось твая родная краіна Беларусь рана ці позна будзе ў поўным парадку

Троіцкі: Складанае пытаньне, адказу на якое я пакуль даць не магу. Я думаю, што забойства Барыса Нямцова можа вельмі сур’ёзна зьмяніць Расею і паслужаць каталізатарам для сур’ёзных зьменаў, але, на маю думку, рашэньне па гэтым пытаньні (відавочна будзе не адно рашэньне, а цэлая пасьлядоўнасьць рашэньняў) яшчэ не прынятае. У знакамітым учорашнім артыкуле «Новай газэты» размова вялася як раз пра тое, што расейскія ўлады, Пуцін, цяпер стаяць на раздарожжы, куды павярнуць. Цяпер Пуцін узяў тайм-аўт, ён нібыта хворы,і тыдзень яго нідзе не было бачна. Я думаю, што пасьля гэтага ён выдасьць нейкае рашэньне. Што гэта будзе за рашэньне, цікава будзе паглядзець. Вельмі можа быць, што сытуацыя пагоршыцца, а можа і палепшыцца...

Соўсь: Як шмат можа зрабіць адзін чалавек? Напрыклад такі, як украінская лётчыца Надзея Саўчанка?

Троіцкі: Я думаю, што ніхто акрамя аднаго чалавека ўласна нічога зрабіць і ня можа. Тое, што ў сьвеце адбываецца, робяць людзі. Першы чым яны зьбіраюцца ў групы, арміі, партыі, арганізацыі, яны самі для сабе прымаюць сур’ёзныя рашэньні. І, натуральна, ад аднаго чалавека залежыць вельмі шмат У прыватнасьці Надзея Саўчанка дае прыклад рэальнага гераізму, які не зусім тыповы для ХХІ стагодзьдзя, пра якое мы прызвычаіліся думаць як пра крайне прагматычны і павярхоўны час. Аказваецца, што такое магчыма і ў наш час. Гэта добра.

Ганна Соўсь і Арцёмі Троіцкі ў студыі Свабоды ў красавіку 2013 году.
Ганна Соўсь і Арцёмі Троіцкі ў студыі Свабоды ў красавіку 2013 году.

Соўсь: У Эстоніі вас цяпер называюць лідэрам грамадзкай думкі. Вы былі запрошаныя на прыём да прэзыдэнта Эстоніі Томаса Ільвэса, дарэчы былога дырэктара эстонскай службы Радыё Свабода, з нагоды Дня незалежнасьці. Няма ў вас адчуваньня, што цяпер усе прыстойныя людзі ў Расеі ўсё больш цкаваныя на радзіме, але пры гэтым любімымі і вельмі папулярнымі становяцца ў суседніх з Расеяй краінах, як прадстаўнікі Расеі, за якую ня сорамна? Напрыклад, Андрэй Макарэвіч, цяпер напэўна лідэр грамадзкай думкі Беларусі пасьля таго, як прасьпяваў па-беларуску, ня кажучы ўжо пра яго пазыцыю наконт вайны ва Ўкраіне...

Надзея Саўчанка дае прыклад рэальнага гераізму, які не зусім тыповы для ХХІ стагодзьдзя, пра якое мы прызвычаіліся думаць як пра крайне прагматычны і павярхоўны час

Троіцкі: Я ня згодны з тым, што я — лідэр грамадзкай думкі ў Эстоніі. Па-мойму, гэта перабольшаньне. Думаю, што ў Эстоніі ёсьць іншыя лідэры грамадзкай думкі. Я даволі папулярны журналіст і блогер, ня больш за тое. Наконт людзей, якія ня вельмі прызнаныя ў сваёй айчыне, але выклікаюць інтарэс за мяжой... Так, я думаю, што ў Расеі заўсёды так было. Заўсёды былі людзі, ня згодныя зь яе думкай, якія крытыкуюць яе з-за мяжы. У ХІХ-ХХ стагодзьдзі было шмат такіх прыкладаў — Герцэн, Агароў, Бакунін, Пляханаў, дый Ленін таксама доўгі час базаваўся ў іншых краінах. Што да мяне ў Эстоніі, так гэтая краіна вельмі ўтульная, свабодная, празрыстая, і адчуваю сябе я там добра.

Соўсь: Вы — вядучы перадачы «Рознакаляровыя навіны» на расейскамоўным інтэрнэт-канале ARU TV, адзін са стваральнікаў якога — беларускі палітэмігрант Павел Марозаў. Як вы думаеце, які найбольш дзейсны спосаб супрацьстаяць прапагандзе расейскіх СМІ?

Троіцкі: Я думаю, што дзейсных спосабаў супрацьстаяць такой масіраванай прапагандзе фактычна няма, таму што тыя людзі, на якіх яна ўзьдзейнічае, як мне ўяўляецца, з гэтай іглы ўжо ня зьлезуць. Для мяне яны ўяўляецца загубленымі душамі, і я даўно перастаў весьці зь імі нават унутраны дыялёг, таму што гэта фактычна размова людзей узаемна глухіх, якія абсалютна адзін аднаго не разумеюць. Колькі ім аргумэнтаў ні прыводзь, яны ўсё роўна будуць казаць, што Крым наш, што Пуціну замены няма і што Расея ўстае з кален. Уласна ў пацьверджаньне гэтых тэзісаў ім сказаць асабліва няма чаго, але трымаюцца яны за іх даволі моцна. Таму займацца контрапрапагандай мне зусім нецікава. Тое, што я раблю на партале ARU TV... Там вельмі сымпатычныя маладыя хлопцы, яны папрасілі мяне ім дапамагчы, падтрымаць. Я думаю, што, сапраўды, без маёй дапамогі ім было б крыху складаней прабіцца да больш шырокай аўдыторыі. І я гэта зь вялікім задавальненьнем раблю. Тое, што я раблю, гэта іранічныя нататкі, камэнтары, лёгкі сьцёб, таму што гаварыць на гэтую тэму з трагізмам і драматызмам мне ня хочацца.

Соўсь: Я нядаўна пачула ад аднаго з аўтарытэтных экспэртаў меркаваньне, што калі расейцам на працягу некалькіх тыдняў з тэлеэкранаў падаваць інфармацыю, наўпрост процілеглую таму, што яны цяпер чуюць, то яны хутка ў гэта павераць, і што можна зьмяніць вось гэтыя 85 адсоткаў расейцаў. Вы згодныя з гэтым?

Троіцкі: Калі палітыка нашага тэлебачаньня раптам, натуральна, на загад зьверху зьменіцца на 180 градусаў, я не сумняваюся ў тым, што 95% журналістаў з задавальненьнем выявяць свае хамэлеонскія здольнасьці і пачнуць казаць наўпрост процілеглае таму, што яны кажуць цяпер. Што тычыцца публікі, то яна не настолькі вёрткая, як журналісты, але думаю, што не праз некалькі тыдняў, а праз паўгода сытуацыя з настроямі ў краіне зьменіцца вельмі моцна. ТВ у гэтым сэнсе сапраўды сатанінская сіла. І ад гэтага тэлебачаньня зашмат залежыць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG