Патрабаваньне да ўдзельнікаў мець пры сабе пашпарт або іншае пасьведчаньне асобы Віцебскі гарвыканкам выстаўляе ўпершыню.
І гэта нягледзячы на тое, што грамадзкае абмеркаваньне будзе праводзіцца ня ў нейкім афіцыйным будынку, а проста на вуліцы.
13 сакавіка гарвыканкам плянуе абмеркаваць з жыхарамі Віцебску высечку дрэваў і кустоў каля будынку бібліятэкі імя Леніна. Гутарка чыноўнікаў з народам мае адбыцца на там самым месцы, пра якое пойдзе гаворка, — каля бібліятэкі.
Перад уваходам у бібліятэку растуць блакітныя елкі і іншыя дрэвы, зроблены клюмбы. Замест гэтага гарвыканкам прапануе «правесьці добраўпарадкаваньне і азеляненьне тэрыторыі ў межах праграмы «Зялёны горад».
Што да спробаў добраўпарадкаваньня і азеляненьня тэрыторыі каля бібліятэкі, то з блакітнымі елкамі тут скандал ужо быў. Дзьве зь іх былі зьнішчаныя ў 1996 годзе без аніякага абмеркаваньня з грамадзкасьцю — каб усталяваць помнік паэтцы Еўдакіі Лось.
Мясцовыя жыхары тады абураліся: якое дачыненьне да гораду мае хай сабе і выдатная паэтка Еўдакія Лось, якая наведала Віцебск усяго аднойчы, у 1974 годзе? Але грошы на помнік былі выдаткаваныя, хоць і чакаў ён усталяваньня каля 5 гадоў. Ня менш абураліся людзі і зьнішчэньнем каштоўных дрэваў. Шмат пратэстаў гучала ад імя вэтэранаў, якія цьвердзілі, што блакітныя елкі прывезьлі на знак памяці з блякаднага Ленінграду.
Імёнаў тых пратэстоўцаў ужо ніхто ня памятае. Затое цяпер усіх незадаволеных можна будзе перапісаць па пашпартах. А незадаволеныя відавочна будуць: віцяблянам даўно не падабаецца «барацьба з блакітнымі елкамі», якую праводзяць віцебскія чыноўнікі.
Так, у красавіку 2011 году блакітныя елкі бясьсьледна зьніклі ад помніка Пятру Машэраву, што на вуліцы Замкавай. Замест елак на газонах высадзілі туі.
Але самая вялікая хваля грамадзкага абурэньня ўзьнялася ў Віцебску ў 2009 годзе, калі на загад тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца зьнішчылі ўсе зялёныя насаджэньні падчас рэканструкцыі плошчы Перамогі. Тады зьніклі і блакітныя елкі, і кусты ружаў, і розныя экзатычныя дрэвы, якія ўпрыгожвалі плошчу. Пасьля рэканструкцыя па пэрымэтры плошчы зноў-такі высадзілі туі. З грамадзянамі ніхто праектаў такога «добраўпарадкаваньня і азеляненьня» не ўзгадняў.
Зрэшты, некалькі разоў грамадзкія абмеркаваньні ў Віцебску ўсё-ткі праводзілі. Прыкладам, вывучалі думку віцяблянаў наконт усталяваньня помнікаў князю Альгерду, княгіні Вользе і Аляксандру Неўскаму. Якраз гэтымі днямі праходзіць грамадзкае абмеркаваньне генпляну забудовы гораду. Але дасюль у ахвотных выказацца пасьведчаньня асобы не патрабавалі.