Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Бераставіца: Ленін у позе інваліда і памяць пра ўласаўцаў-гвалтаўнікоў


Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца

Цэнтральная плошча ў Вялікай Бераставіцы — цудоўнае месца для фоталетапісцаў Беларусі сёньняшняй. Маленькі і страшны мангалоідны Ленін у позе інваліда са зламанай рукой стаіць на велізарным пастамэнце, нібы дзіця на табурэтцы. А за Леніным узвышаецца велічная грамада касьцёла. Якому сёлета спаўняецца 400 гадоў. Але, як кажа бераставіцкі гісторык Мікалай Пацэнка, ня толькі гэтым слаўны гэты храм.

— Ён пабудаваны ў 1615 годзе ўладальнікам Бераставіцы і кашталянам віленскім Геранімам Хадкевічам. Тут у 1621 годзе было пахаванае сэрца вядомага военачальніка Рэчы Паспалітай Яна Караля Хадкевіча. Які каля горада Хоціна ўшчэнт разьбіў асманскае войска, чым выратаваў Заходнюю Эўропу ад турэцкага нашэсьця і выратаваў хрысьціянства. За што яму папа Рымскі абвясьціў падзяку.

І ў Раванічах, што на Чэрвеньшчыне, і ў Расьне, што пад Дрыбінам, і тут я чую адну і тую ж гісторыю. Што напрыканцы 80-х касьцёлы зьбіраліся рэстаўраваць. Нават паставілі рыштаваньні. Але разваліўся СССР, і рэстаўрацыю спынілі. Няўжо, працягні Саюз яшчэ колькі гадоў, і ўсе гэтыя храмы былі б уратаваныя? Зрэшты, бераставіцкая сьвятыня згарэла адразу пасьля путчу ГКЧП.

— У сярэдзіне 80-х гадоў пачалі ўзводзіць рыштаваньні вакол гэтага касьцёла. А тут пачалася перабудова, і тэмпы запаволіліся. Хоць рыштаваньні яшчэ стаялі. Праект рэстаўрацыі быў зроблены. Ну, а потым так здарылася, што напрыканцы жніўня 1991 году, калі ў Маскве разагналі ГКЧП, тут успыхнуў пажар. А там, у касьцёле, доўгі час была сталярная майстэрня, там шмат пілавіньня, дошак. Там жа і бамжавалі. І загарэлася. І рыштаваньні згарэлі, і дах, які яшчэ трымаўся, таксама згарэў. Кажуць, пажар быў відаць і зь Беластоку, і з Ваўкавыску, і з Гародні.

Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца

Палац шляхціцаў Касакоўскіх мог стаць сапраўдным упрыгожаньнем Вялікай Бераставіцы. Зграбны, двухпавярховы, з мноствам вежачак, падобны да казачнай дэкарацыі. Але ад палаца засталася толькі ўязная брама. А вось лёс апошніх з роду Касакоўскіх варты прыгодніцкага раману. Слова бераставіцкаму старажылу Мар’яну Баеру.

— У 39-м годзе тут жылі графы Касакоўскія. Была графіня старая, маладая і яе маладая дачка, што прыехала сюды з Аўгустоўскага канала нараджаць. І вось у 39-м годзе сюды прыйшлі расейцы. Выгналі графіню. А мужы былі афіцэрамі. Іх забралі ў рэгулярную армію. Праз два тыдні іх усіх выселілі з палаца. Яны пасяліліся на нашай вуліцы Дольнай у такіх Малынічаў. Былі тры дзевы. Адна замужам, а дзьве дзевы. Адна, Яніна, настаўніца, другая, Тэрэса, была падафіцэрам польскай арміі. І Касакоўскіх да іх перасялілі. У лютым месяцы 1940 году іх усіх вывезьлі.

Дзьве жанчыны, Яніна і Тэрэса Малыніч, выратавалі апошняга з роду Касакоўскіх, Аляксандра, якому зімой 40-га не было і году. І які проста ня выжыў бы па дарозе ў Сыбір. Канваіраў падманулі з дапамогай лялькі. Гаворыць жонка пана Баера, Вяслава.

— Ёй зрабілі ляльку замест дзіцяці. І павезьлі іх у Пагранічны на цягнік. А сын графіні застаўся. 9 месяцаў было яму. І ён у іх гадаваўся. Я сябравала з гэтымі жанчынамі. І яны ў 52-м годзе яго пераправілі ў Польшчу да радні.

Ён да 16 гадоў быў у радні ў Польшчы. А маці была на той час ужо ў Лёндане. Бо іх з Сыбіры праз Афрыку забрала Англія. Яго забрала маці. Але моцна ён зь ёй не кантактаваў. Ён усё хацеў гэтую Тэрэсу забраць да сябе. Ягоная польская радня зрабіла ёй выклік. Ён наняў кватэру ў Польшчы. Ён хацеў, каб яна прыехала. Яна сабралася. Усё гаварыла, што купіла і халат прыгожы. Але яе ня выпусьцілі. Ня выпусьцілі ў Польшчу. Яна так перажывала. І Аляксандар так перажываў.

І палац Касакоўскіх, і большасьць бераставіцкіх будынкаў згарэлі падчас адступленьня гітлераўцаў. Палілі горад байцы Рускай Асвабадзіцельнай Арміі генэрала Ўласава. Вось чым запомніліся беларусам гэтыя «асвабадзіцелі». Слова пану Баеру.

— Калі немец ужо адступаў, ззаду ішла армія Ўласава. Абоз вялікі. Везьлі і каровы, і ўсё на сьвеце. Адступалі. І калі абоз адышоў, апошняя часьць пачала Бераставіцу паліць. Увесь цэнтар згарэў. Яны ўсе размаўлялі па-расейску. Яны тут такім займаліся... Да бабаў чапляліся. Бабцю маю хацелі трахнуць. Выкруцілі палец ёй, яна ў малінах ляжала. А па суседзтву жыла ксяндзоўская матка без нагі. Яны завялі яе ў гарод і там яе «шпахалі». Вось так яны адыходзілі.

— Згвалцілі матку ксяндза? А колькі ж ёй гадоў было?

— Старая баба. За шэсьцьдзесят. Ненармальныя былі. Галодныя да баб.

Як выглядаў той палац, можна паглядзець у бераставіцкім музэі, што адкрыўся восеньню. Але музэй адметны ня толькі бездакорным макетам палаца. Тут вельмі цікава будзе дзецям. Герб Вялікай Бераставіцы — вавёрка. І таму адна заля цалкам прысьвечаная гэтаму зьвярку.

Ёсьць інтэрактыўныя мапа сьвету, на якой можна ўбачыць арэалы, дзе жывуць самыя разнастайныя вавёркі.

Можна памацаць рукамі поўсьць некаторых зь іх.

Можна ўбачыць, што ўяўляе сабой вавёрчына дупло.

Можна нават сфатаграфавацца з жывой вавёркай, якая жыве ў музэі.

Карацей, калі едзеце ў бок Польшчы, абавязкова наведайце вавёрчын музэй.

Дзеці будуць у захапленьні.

Але і дарослым тут ёсьць на што падзівіцца.

Толькі тут я ўпершыню пабачыў, скажам так, рэклямную ўлётку часоў акупацыі пра шчасьлівую долю тых, каго пагналі на працу ў Нямеччыну.

Выкладчык маляваньня ў мясцовай школе мастацтваў Андрэй Уташурын — карэнны віцяблянін, але, апынуўшыся воляй лёсу ў Вялікай Бераставіцы, стаў яе адданым летапісцам. У жыцьці расейскамоўны, піша краязнаўчыя кнігі толькі па-беларуску. Бо лічыць важным, якое слова застанецца пасьля цябе. Выпускае за свой кошт паштоўкі, прысьвечаныя бераставіцкім гістарычным датам. І, як можа, змагаецца за касьцёл.

— Тут уся гісторыя трымаецца на гэтым помніку. Які быў месцам сканцэнтраваньня думак ня толькі бераставічан. Тут была і школа, і шпіталь для жабракоў. Храм прыцягваў да сябе ўсе тыя сілы, якія спрыяюць жыцьцю.

Уваходы ў храм цяпер замураваныя. Але над сьценамі ўжо ўзвышаюцца вершаліны дрэваў, якія растуць усярэдзіне.

— Яны замуравалі вокны і дзьверы, і як быццам пакінулі яго ў спакоі. Што людзі туды ня пойдуць больш. А разбурэньне знутры ідзе. Калі вершаліны тырчаць, то там такой вышыні дрэвы растуць.

Зразумела, што сёньня пра поўную рэстаўрацыю касьцёла гаварыць не выпадае. Але што замінае накрыць муры дахам? Каб аднойчы на цэнтральным пляцы не застаўся адзін толькі страшны Лукіч?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG