Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уражаны галяндзец перавёў «Логвінаву» 2 тысячы даляраў


10 cакавіка — апошні тэрмін выплаты штрафу і канфіскацыі прыбытку за 2014 год прыватным выдавецкім унітарным прадпрыемствам «Логвінаў». Усяго трэба сплаціць дзяржаве больш за 967 мільёнаў рублёў.

На пачатку лютага стартавала кампанія #SaveLohvinau, ладзіліся шматлікія «Маратоны падтрымкі кнігарні Логвінаў», канцэрты, арт-аўкцыён. За гэты час больш за 500 чалавек прынесьлі свае ахвяраваньні непасрэдна ў кнігарню, яшчэ прыкладна столькі ж — пералічылі дыстанцыйна.

На 9 сакавіка, паводле падлікаў самога выдаўца Ігара Логвінава і з улікам гарантыяў ад добраахвотнікаў, сабрана каля 90% ад агульнай сумы (прыкладна 67 тысяч даляраў).

Выдавецтва падало просьбу аб адтэрміноўцы выплаты штрафу, але разгляд справы прызначаны на 16 сакавіка. Паколькі адразу выплаціць усю суму тэхнічна складана, бо ідзе яшчэ залічэньне, афармленьне сродкаў, у панядзелак Логвінаў пачаў выплачваць часткамі.

Сам выдавец Ігар Логвінаў такой рэакцыі чытачоў і проста неабыякавых людзей не чакаў:

«У нейкім фільме я пачуў фразу: прасіць грошы — карысна для душы». Мне вельмі цяжка апісаць пачуцьці, таму што сапраўды ў душы маёй нешта адбылося. Я не чакаў, што ў нас столькі неабыякавых людзей. Асабліва падчас нейкіх імпрэзаў у кнігарні людзі стаялі ў чэргах, каб перадаць і юрыдычна правільна аформіць свае ахвяраваньні. Былі кранальныя гісторыі, калі чалавек сталага веку прынёс 500 тысяч, але забыўся пашпарт. Патэлефанаваў дадому, каб жонка прадыктавала дадзеныя пашпарта, аформіў перадачу грошай і затрымаўся, каб паглядзець кніжкі. Ягоная жонка тэлефануе, запытваецца, навошта яму пашпартныя дадзеныя. Ён пачынае апраўдвацца, што, маўляў, гэта на працу трэба, нічога ён не ахвяруе... Былі аўкцыёны, дабрачынныя канцэрты, вечары, пералічвалі і замежнікі, і міжнародныя арганізацыі. Крыху давядзецца ўзяць у доўг — мы сёньня заключаем дамову пазыкі, каб сплаціць рэшту, якой нестае.

Мы сёньня зьяжджаем у Ляйпцыг на Міжнародны кніжны кірмаш. Вернемся — абавязкова разьмесьцім на сайце падзяку ўсім, хто ахвяраваў. Зладзім імпрэзу з ушанаваньнем усіх неабыякавых«.

Шмат розных збораў актывізавалі валянтэры праз інтэрнэт. Беларускі грамадзкі актывіст Аляксей Лявончык, які цяпер жыве ў Лёндане, пайшоў у заклад са сваім галяндзкім сябрам, што калі ягоны пост у Фэйсбуку з просьбай ахвяраваць на выратаваньне Логвінава набярэ 2 тысячы лайкаў, галяндзец перавядзе выдавецтву 2 тысячы даляраў.

Для кампаніі быў абраны не найлепшы час — Аляксей выставіў свой пост у ноч зь пятніцы на суботу. Толькі за адзін дзень было больш за 3 тысячы лайкаў, яшчэ за пару дзён — больш за 4 тысячы. Аляксей кажа, што разумее: ня ўсе ўпадабаньні, так бы мовіць, канвэртуюцца ў рэальныя грошы. У кагосьці іх проста няма, дый канцэпцыя такой вось дапамогі — ахвяраваньня грошай — для нас новая, бо ёсьць яшчэ пэўная непадрыхтаванасьць грамадзтва:

«Мая мэта, калі я ставіў гэты пост, была не паглядзець, колькі лайкаў ён набярэ, а як мага шырэй распаўсюдзіць інфармацыю праз фэйсбук. Вельмі мала людзей, як мне падаецца, ведалі пра праблему „Логвінава“ па-за межамі нейкага кола, а ў мяне вельмі шмат падпісчыкаў, прычым людзей не заангажаваных у палітыку, грамадзкую дзейнасьць. Вось гэты мой сябрук таксама хацеў паглядзець, наколькі гэта патрэбна ў Беларусі. Ён заўсёды падтрымлівае розныя ініцыятывы, рабіў шмат чаго і ў „гарачых кропках“, у прыватнасьці, у Аўганістане. Як высьветлілася, гэта варта. І ў панядзелак ён ужо пералічыў 2 тысячы даляраў. Я сачу за стужкай, якая зьяўляецца на #SaveLohvinau, і да маёй кампаніі ў пятніцу стужка стаяла на шасьці тысячах даляраў, а ў аўторак ужо было 12 тысяч. То бок — плюс амаль 4 тысячы назьбіралася яшчэ праз пару дзён. Мне падаецца, нейкі мультыплікатар мая кампанія мела, акрамя падтрымкі майго сябра-галяндца».

______________________________________

У кастрычніку 2013 году выдавецтву «Логвінаў» скасавалі ліцэнзію за выданьне альбома «Прэс-фота Беларусі-2011», які прызналі экстрэмісцкім. Са студзеня 2014 году ў Беларусі ўсіх кнігараспаўсюднікаў абавязваюць праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. Цягам 2014 году «Кнігарня ЛогвінаЎ» спрабавала зарэгістравацца шэсьць разоў, але раз за разам з надуманых прычын атрымлівала адмовы.

9 студзеня 2015 году эканамічны суд гораду Менску вынес рашэньне, што «Кнігарня ЛогвінаЎ» мусіць сплаціць штраф памерам 967 мільёнаў беларускіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG