Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выратаваць кнігарню «ЛогвінаЎ»: палова сумы штрафу сабраная


Кнігарня «ЛогвінаЎ».
Кнігарня «ЛогвінаЎ».

За месяц, што ідзе грамадзянская кампанія #SaveLohvinau, сабралі палову сумы штрафу — прыкладна 32,5 тысячы даляраў.

У кастрычніку 2013 году выдавецтву «Логвінаў» скасавалі ліцэнзію за выданьне альбома «Прэс-фота Беларусі-2011», які прызналі экстрэмісцкім. Са студзеня 2014 году ў Беларусі ўсіх кнігараспаўсюднікаў абавязваюць праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. Цягам 2014 году «Кнігарня ЛогвінаЎ» спрабавала зарэгістравацца шэсьць разоў, але раз за разам з надуманых прычын атрымлівала адмовы.

9 студзеня 2015 году эканамічны суд гораду Менску вынес рашэньне, што «Кнігарня ЛогвінаЎ» мусіць сплаціць штраф памерам 967 мільёнаў беларускіх рублёў. Фактычна гэта гадавы абарот прадпрыемства, штраф для кнігарні — непад’ёмны. Таму з пачатку лютага стартавала кампанія #SaveLohvinau. І вось палова шляху пройдзеная, кажа арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч:

«Сёньня Зьміцер Вайцюшкевіч пагадзіўся зладзіць канцэрт, падтрымала нас кампанія „Будзьма беларусамі“. То бок мы ўсё яшчэ спадзяёмся, што зьбяром усю суму. Калі не — мы падалі просьбу ў эканамічныя інстанцыі, каб дазволілі нам адтэрміноўку на аплату штрафу на паўгода. Цікава, што адказ на пытаньне аб адтэрміноўцы павінен прыйсьці таксама 10–11 сакавіка. Таму сытуацыя даволі хісткая. У нас яшчэ засталося некалькі дзён, спадзяёмся, што нашы прыхільнікі актывізуюцца і будуць зьбіраць больш інтэнсіўна. Інакш давядзецца абвяшчаць банкруцтва».

Павал Касьцюкевіч
Павал Касьцюкевіч

Валянтэры актывізуюць розныя зборы праз інтэрнэт. У самой кнігарні і ў галерэі «Ў» амаль штодня ладзяцца «Маратоны падтрымкі кнігарні Логвінаў». Правядзеньне арт-аўкцыёну ініцыявала польская мастачка Цэліна Кануньнікава. Адгукнуліся іншыя мастакі — Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў, Уладзімір Цэсьлер, Алесь Кудрашоў, Алесь Пушкін, Андрэй Анро, Міхаіл Гулін. Але больш за ўсё кранае тое, што адгукнуліся простыя людзі, абсалютна не заможныя — пэнсіянэры, інваліды, кажа Павал Касьцюкевіч:

Бо людзі несьлі літаральна апошняе. У нас была адна сытуацыя, калі пэнсіянэр, чалавек сталага веку прыйшоў у кнігарню і пачаў ахвяраваць невялічкую суму, і яму патэлефанавала, відаць, жонка. І ён кажа: „Не-не, я не пайшоў у кнігарню, я не ахвярую“.

«Бо людзі несьлі літаральна апошняе. У нас была адна сытуацыя, калі пэнсіянэр, чалавек сталага веку прыйшоў у кнігарню і пачаў ахвяраваць невялічкую суму, і яму патэлефанавала, відаць, жонка. І ён кажа: „Не-не, я не пайшоў у кнігарню, я не ахвярую“. Мы адчуваем, што людзі небагатыя адбіраюць ад сябе, каб дапамагчы заплаціць за нашу літаратуру і за нашу культуру. Вось гэтая грамадзкая падтрымка вельмі расчуліла. І тое, што прыходзяць да нас і цярпліва чакаюць у чэргах, асабліва пасьля мерапрыемстваў вышнуроўваюцца даволі доўгія чэргі. І гэта вельмі прыемна».

За 15 гадоў у выдавецтве «ЛогвінаЎ» выйшла каля 1000 кніг і альбомаў. Кнігарня стала цэнтрам прыцягненьня творчай інтэлігенцыі — тут прайшлі сотні прэзэнтацыяў, творчых сустрэчаў літаратараў з чытачамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG