Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя беларускія палітвязьні непакояцца за жыцьцё Надзеі Саўчанкі


Украінская лётчыца і народны дэпутат Надзея Саўчанка галадае ў расейскай турме 80 дзён. 2 сакавіка адвакат Надзеі Саўчанкі Мікалай Полазаў распавёў пра абсьледаваньне сваёй падабароннай нямецкімі мэдыкамі ў маскоўскім СІЗА «Матроская цішыня».

Украінская лётчыца і народны дэпутат Надзея Саўчанка галадае ў расейскай турме 80 дзён. 2 сакавіка адвакат Надзеі Саўчанкі Мікалай Полазаў распавёў пра абсьледаваньне сваёй падабароннай нямецкімі мэдыкамі ў маскоўскім СІЗА «Матроская цішыня». На думку адмыслоўцаў, калі Саўчанка працягне галадаць, 6–8 сакавіка надыдзе «пункт невяртаньня», за якім або інваліднасьць, або сьмерць. Сама Надзея Саўчанка прызналася сябру Грамадзка-назіральнай камісіі Зоі Сьвятловай, што адчувае сябе кепска, «як ніколі ў жыцьці», у яе кружыцца галава, але спыняць галадоўку не зьбіраецца.

Былыя беларускія палітвязьні, якія трымалі працяглыя галадоўкі ў зьняволеньні, хвалююцца за стан здароўя ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец: «Летальны зыход можа здарыцца ў любую хвіліну»

Былы палітвязень Сяргей Скрабец трымаў галадоўку ў зьняволеньні цягам 40 дзён. Пра галадоўку Надзеі Саўчанкі кажа:

«Я ведаю, што ёй ставілі кропельніцы з глюкозай, каб зьняць таксыкоз — ня ведаю дакладна, так ці не, але гэта праточвалася ў прэсу. Яна сапраўды галадае, але калі яе падтрымліваць глюкозай, яна можа яшчэ пратрымацца.

Больш за ўсіх галадалі ірляндзкія дэпутаты — адзін памёр на 52-гі дзень, другі на 45-ты. Але больш за 50 дзён чалавек ня можа трымаць галадоўку, калі не здымаць інтаксыкацыю арганізму глюкозай. Таму тут прагнозы цяжка рабіць, але калі яе ня будуць падтрымліваць, у любы дзень яна можа страціць жыцьцё.

На мой погляд, Пуцін ня дасьць згоды, каб яе адпусьцілі, бо гэта палічаць праявай ягонай слабасьці. Бо з пункту гледжаньня маралі Саўчанку трэба было ўжо даўно вызваліць. Але палітыка перашкаджае быць сумленным. Таму я ня веру, што яе вызваляць. Але летальны зыход можа здарыцца ў любую хвіліну».

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч пра паводзіны Пуціна: «Тупая дэманстрацыя сілы»

Мікалай Аўтуховіч у зьняволеньні двойчы трымаў даволі працяглыя галадоўкі пратэсту. У Гарадзенскай турме ён агулам прагаладаў 74 дні і страціў 43 кіляграмы вагі. Калі галадаў 40 дзён, а пасьля яшчэ 6 дзён трымаў сухую галадоўку, то апынуўся ў крытычным стане. Аўтуховіча тады завезьлі ў Гарадзенскую абласную клініку. Калі там яму зрабілі аналізы, усе лекары пачалі ахаць: яшчэ б пару гадзін — і быў бы канец.

Другая галадоўка была больш працяглай — 90 дзён. Але тады цягам тыдня яму ставілі кропельніцы, бо аналізы былі зусім дрэнныя, пачала раскладацца пячонка. Калі аналізы палепшыліся, ад кропельніц ён адмовіўся. Пра галадоўку Надзеі Саўчанкі выказаў такое меркаваньне:

Калі капаць глюкозу, можна шмат пратрымацца, бо глюкоза дадае сілы арганізму. Потым я чытаў, што яна адмовілася ад кропельніц. Цяжка ёй, што і казаць...

«Калі капаць глюкозу, можна шмат пратрымацца, бо глюкоза дадае сілы арганізму. Потым я чытаў, што яна адмовілася ад кропельніц. Цяжка ёй, што і казаць... Але ў гэтай жанчыны надзвычай моцны характар. Яны трымаецца, як сапраўдны мужык. Такая баявая, упартая.

Пуцін хоча яе зламаць, зламаць, каб яна пачала есьці. Я баюся, што гэта скончыцца трагічна, калі яна вырашыла ісьці да канца. Я так думаю, што Пуцін проста паказвае, што яму на ўсіх, як кажуць... зь вялікай горкі. А Саўчанка — гэта такі ж прыклад, як у нас Мікалай Дзядок. Хлопец не ламаецца. Для апазыцыянэраў улады паказваюць, што, маўляў, „будзеце зяпу адкрываць, і з вамі так будзе“. Гэтаксама і Пуцін: ён усім паказвае, што ён усё вызначае. Тупая дэманстрацыя сілы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG