Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Портнікаў: Украіна паглыне Пуціна, як паглынула Гарбачова


Барыс Ельцын і Ўладзімер Пуцін. Травень 2000 году.
Барыс Ельцын і Ўладзімер Пуцін. Травень 2000 году.

Найбольш цікавай асаблівасьцю сучаснай палітычнай думкі — і калі гаворка ідзе аб экспэртах, і калі мы чытаем камэнтары карыстальнікаў сацыяльных сетак — стала амаль рэлігійная вера ва Ўладзімера Пуціна.

Прычым веру гэтую падзяляюць як палымяныя прыхільнікі, так і апанэнты расейскага прэзыдэнта. Першыя ўпэўненыя, што Пуцін ужо ўсіх перагуляў — і будзе перагульваць. Іншыя перакананыя, што ў сучасным сьвеце ніхто ня можа супрацьстаяць расейскаму прэзыдэнту — амэрыканскі прэзыдэнт нерашучы, эўрапейскія лідэры слабыя, ўкраінскія карумпаваныя. Словам, гэтых людзей, глыбока занепакоеных будучым сучаснага сьвету, Пуцін таксама ўсіх перагуляў!

Зрэшты, гісторыя палітычнай кар’еры Ўладзімера Пуціна — гэта гісторыя нязьдзейсьненых жаданьняў і палітычных паразаў. Пуцін выйграваў толькі тады, калі за ім стаялі куды больш магутныя, ўплывовыя і стратэгічна думаючыя людзі — ва ўсіх астатніх выпадках ён адыходзіў і ўжо ня мог ўвасобіць у жыцьцё свае амбіцыйныя пляны.

Адзінае рэальнае самастойнае палітычнае дзеяньне Ўладзімера Пуціна — гэта кіраўніцтва палітычным штабам Анатоля Сабчака падчас перадвыбарчай кампаніі ў Санкт-Пецярбургу. «Прараб перабудовы» пацярпеў прыніжальную паразу ад свайго былога намесьніка Ўладзімера Якаўлева. Каманда Сабчака была бязьлітасна разгромленая гэтым аўтарытэтным рэгіянальным палітыкам, страціў сваю працу і Пуцін, які вымушаны быў пачынаць новае жыцьцё дробнага чыноўніка ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына. Нават калі Пуцін стаў прэзыдэнтам, ён нічога не зрабіў з Якаўлевым, які ўзначальваў тады антыельцынскую партыю «Ўся Расея». Якаўлеў яшчэ доўга будзе заставацца гаспадаром «паўночнай сталіцы», а Пуцін будзе рыхтавацца да яго адстаўцы.

Пуцін і ня спрабаваў аслабіць уплыў сваіх новых заступнікаў, паслухмяна выконваючы іх жаданьні і ажыцьцяўляючы алігархічную праграму.

У кабінэты прэм’ер-міністра і прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Пуціна практычна за руку прывёў Барыс Беразоўскі. Менавіта Беразоўскі пераканаў Ельцына паставіць на Пуціна, а не на былога прэм’ера Сяргея Сьцяпашына або Мікалая Анісенку. Менавіта Беразоўскі стварыў для Пуціна партыю «Адзінства» і накіраваў да яго сваіх журналістаў, якія акультурвалі тады непублічнага, з цяжкасьцю здольнага выказаць свае думкі чыноўніка. Ўнёсак Пуціна ў дасягненьне ўлады ў Расеі практычна роўны нулю.


Пуцін так ніколі і не пазбавіўся б ад ўсемагутнага «алігарха», калі б не канфлікт апошняга з сямействам манарха-пэнсыянэра Барыса Ельцына. У выніку спэцапэрацыі па выдаленьні з краіны Берозаўскага і іншага «алігарха», Ўладзімера Гусінскага, які гуляў на баку праціўнікаў Ельцына, Пуцін апынуўся акружаным вылучэнцамі ельцынскай «сям’і», якія да гэтага часу займаюць ключавыя чыноўніцкія пасады ў дзяржаве.

Пуцін і ня спрабаваў аслабіць уплыў сваіх новых заступнікаў, паслухмяна выконваючы іх жаданьні і ажыцьцяўляючы алігархічную праграму. Яму дапамог выпадак — раскол у «сям’і» з нагоды канфлікту двух слупоў алігархічнай сыстэмы — Міхаіла Хадаркоўскага і Рамана Абрамовіча. Хадаркоўскі апынуўся ў турме, яго прыхільнікі — у адстаўцы, а трыюмфатар Абрамовіч стаў ледзь не новым Беразоўскім расейскай палітыкі. Але ўсё ж у Пуціна ўпершыню зьявілася магчымасьць самастойна кіраваць краінай і выяўляць хоць нейкую палітычную ініцыятыву. З гэтай задачай ён не справіўся. З чым справіўся — дык гэта з маргіналізацыяй палітычнага жыцьця і дэградацыяй кіруючага клясу.

Бяздарная кадравая палітыка Пуціна — бясколерныя прэм’еры, паслухмяныя міністры, афіцэры КДБ сярэдняй рукі — сфармавала няздольную адказваць на выклікі, карумпаваную намэнклятуру клептаманаў. Але нават у гэтай сытуацыі Пуцін прайграў «сям’і» Ельцына бой за свайго пераемніка, калі адмовіўся ад ідэі абраньня новым прэзыдэнтам Расеі генэрала-чэкіста Сяргея Іванова і пагадзіўся з вылучэньнем на вышэйшую пасаду ў дзяржаве стаўленіка «сям’і» Дзьмітрыя Мядзьведзева. — палітыка, зрэшты, настолькі слабага, што нават калі б ён стаў Госпадам Богам, усё роўна лічыў бы сваім найвышэйшым дасягненьнем у жыцьці «сэлфі» са Шварцэнэгерам.

Пуцін, якога мы ведаем цяпер, пачынаецца з моманту знакамітай «ракіроўкі», якая канчаткова падвяла рысу пад расейскім палітычным жыцьцём і спрыяла фармаваньню новага «блізкага кола» прэзыдэнта з асабіста і мэнтальна блізкіх яму людзей. Пры гэтым нават тут няма адзінства поглядаў на паводзіны ў экстрэмальнай сытуацыі, у якой Расея апынулася ў выніку авантурнай палітыкі «новага Пуціна» — манарха і самадзержца.

Пуцін паўтарае шлях аднаго з сваіх папярэднікаў у Крамлі з фатаграфічнай дакладнасьцю

Пакуль у Пуціна не атрымалася дасягнуць ніводнай з сапраўдных мэтаў, якія ён ставіць перад сабой. Украіна, якую ён разьлічваў зрабіць паслухмянай калёніяй, адказала яму Майданам. «Наваросія», якую ён зьбіраўся ператварыць ва ўласны пратэктарат, адказала яму спачатку абыякавасьцю, а затым — нянавісьцю. Лідэры краінаў Эўразійскага саюзу робяць усё магчымае, каб дыстанцыявацца ад непрадказальнага партнэра. Эканоміка трашчыць па швах і няма нікога, хто б ведаў рэцэпт яе выздараўленьня. Грамадзтва дэградавала, пазбавілася інстынкту выжываньня і практычна ня здольнае ўплываць на ўладу і зьмяніць яе самагубную палітыку. Калі гэта — перамога, то што тады такое параза? І пры гэтым неабходна памятаць, што ключавыя пасады ў дзяржаве — кіраўніка ўраду, міністра абароны, у рэшце — чалавека, які адказвае за раскол Украіны — займаюць зусім не сябры Пуціна, а прадстаўнікі «сямейнага», ельцынскага кляну, якія чакаюць свайго часу. Кантроль за ўнутранай палітыкай ўсё яшчэ ў руках прадстаўнікоў нібыта разгромленага, але ўсё яшчэ жывога кляну намэнклятуры, якая супрацьстаяла Ельцыну і Пуціну ў 1999 годзе, якая імкнулася правесьці ў прэзыдэнты Яўгена Прымакова. Ды і сам Прымакоў, патрыярх тых, хто прагне дэмантажу постельцынскага рэжыму і выгнаньня з раю яго адэптаў, цяпер ходзіць у Крэмль...

У гэтым сэнсе Пуцін ўсё менш паходзіць на Ельцына, які з дапамогай танкавых гарматаў разграміў ўсіх сваіх ворагаў у эліце — і ўсё больш на апошняга савецкага прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова, які добраахвотна атачыў сябе таемнымі нядобразычліўцамі. Вынікам гэтай гарбачоўскай неразборлівасьці і страху перад зьменамі і моцнымі асобамі стаў жнівень 1991 і крах Савецкага Саюзу. Пуцін паўтарае шлях аднаго са сваіх папярэднікаў у Крамлі з фатаграфічнай дакладнасьцю.

Віталь Портнікаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG