Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЭ назваў швэдзкага дэпутата экстрэмістам


Крысьціян Хольм
Крысьціян Хольм

Беларуская дэлегацыя ў АБСЭ ня бачыць сэнсу ў супрацоўніцтве з рабочай групай па Беларусі, таму што яе «узначальвае экстрэміст» Крысьціян Хольм.

Беларуская дэлегацыя ў АБСЭ гатовая абмяркоўваць з арганізацыяй усе пытаньні, у тым ліку правы чалавека, але ня бачыць сэнсу ў супрацоўніцтве з рабочай групай па Беларусі, таму што яе «узначальвае экстрэміст».

Так старшыня камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Уладзімер Сянько пракамэнтаваў для БелаПАНа пляны беларускага боку наконт удзелу ў чарговай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене 18-20 лютага.

Сянько ўзначаліць беларускую дэлегацыю на пасяджэньні ПА АБСЭ. Кіраўнік рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Крысьціян Хольм паведаміў БелаПАН, што спадзяецца на сустрэчу беларускай дэлегацыі з рабочай групай. Адпаведную прапанову ён ужо накіраваў беларускаму боку.

У сваю чаргу кіраўнік беларускай дэлегацыі Уладзімір Сянько заявіў, што такая сустрэча не плянуецца.

«У мінулы раз, год таму, у мяне была нефармальная размова з кіраўніком гэтай рабочай групы. Я яму сказаў, што мы ня бачым патрэбы і сэнсу ў існаваньні гэтай групы як такой, таму што няма гэтай праблемы. Яна імі выдуманая, і нехта хоча на гэтым гуляць», — распавёў БелаПАН Сянько.

Паводле яго слоў, ён таксама меў зносіны з гэтай нагоды з кіраўніцтвам ПА АБСЭ.

«Я сказаў тагачаснаму старшыні і генэральнаму сакратару, што калі вы хочаце працаваць з намі, то давайце на прынцыпах сапраўды ўзаемнай павагі. Гэта ня проста ганарлівасьць. Калі вы хочаце з намі размаўляць, то мы з вамі зацікаўленыя супрацоўнічаць, у тым ліку і ў сфэры правоў чалавека. Але калі вы нам будзеце дыктаваць, навязваць нешта, калі будзеце з намі працаваць у стылі Хольма, то ў гэтым сэнсу няма, — сказаў Сянько. — І тады, яшчэ год таму, гэтыя кіраўнікі Парлямэнцкай асамблеі абодва далі мне зразумець, што так, мы падумаем, што гэтага чалавека трэба, мабыць, памяняць. Але ён па-ранейшаму застаецца па нейкіх прычынах».

Пры гэтым Сянько адзначае, што праблема не ў кіраўніку рабочай групы па Беларусі, а ў яе існаваньні.

«Для нас, што будзе „А“, што будзе „Б“, розьніца невялікая. Мы не бачым сэнсу ў існаваньні гэтай групы. А ўжо калі яе ўзначальвае экстрэміст, то, вядома, размаўляць зь ім няма сэнсу, і мы ня будзем размаўляць — заявіў Сянько. — Ён не праяўляе ані найменшага жаданьня да нармальнай размовы. Што такое экстрэміст? Гэта чалавек, які ад пачатку ня здольны ўспрымаць аргумэнты іншага боку. Мы ж не шукаем чалавека, які будзе гладзіць нас па галоўцы, але які здольны выслухоўваць нашы аргумэнты і прыслухоўвацца да іх. А ня проста так тарабаніць, запрашаць аднаго Саньнікава, іншага, трэцяга на трыбуну. Гэта ня шлях для таго, каб сапраўды ўзаемадзейнічаць і вырашаць нейкія праблемы».

У камэнтары парталу TUT. BY Крысьціян Хольм заявіў, што мала хто ў сьвеце можа назваць яго экстрэмістам: «Але я, напэўна, заўзяты прыхільнік дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека».

«Задача рабочай групы АБСЭ — весьці дыялёг з дэлегацыяй Беларусі. І, зразумела, я гатовы слухаць розныя пункты гледжаньня. Мы хочам кантактаваць з афіцыйнай дэлегацыяй, але мы маем зносіны і з грамадзянскай супольнасьцю, і зь беларускай апазыцыяй. Мы хочам разьвіваць адносіны зь Беларусьсю, і каб у ёй прайшлі свабодныя і справядлівыя выбары» — заявіў Хольм.

Ён адхіліў абвінавачваньні ў тым, што рабочая група дыктуе або навязвае нешта Беларусі: «У мяне няма мэты чытаць некаму лекцыі. Мы — парлямэнцкая асамблея АБСЭ, і мая задача — падкрэсьліваць важнасьць таго, каб парлямэнты былі абраныя дэмакратычным шляхам. Калі некага гэта абражае, то дарма».

Швэдзкі дэпутат ПА АБСЭ Крысьціян Хольм стаў кіраўніком рабочай групы па Беларусі ў 2013 годзе. Да яго на працягу 11 гадоў гэтую пасаду займала нямецкая дэпутатка Ута Цапф. Хольм вядомы рэзкай крытыкай палітыкі афіцыйнага Менску і зьяўляецца адным з найбольш актыўных швэдзкіх палітыкаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG