Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 пладоў для падаўжэньня маладосьці


Многія навукоўцы лічаць, што забаронены плод, якім Эва спакусіла Адама ў садзе Эдэм, быў не яблык, а гранат. Таму мой сьпіс адкрыю гранатам.​


Гранат і гранатавы сок: зьніжэньне халестэрыну і крывянога ціску

​Сваім моцным антыаксыдантным ўласьцівасьцям гранат абавязаны ўнікальнаму паліфэнольнаму комплексу, які ўключае тлустыя кіслоты, пунікалагіны, дубільныя рэчывы, элагавую кіслату і антацыяны. Элагітаніны зьяўляюцца асноўнымі паліфэноламі пладоў граната і ягонага соку, дзякуючы ім гранат мае такое ўмацавальнае ўзьдзеяньне на здароўе.

Цяпер актыўна вядуцца дасьледаваньні, якія вывучаюць ўплыў граната на здароўе сэрца. Клінічныя выпрабаваньні паказваюць, што рэгулярнае ўжываньне граната зьніжае ўзровень «шкоднага» халестэрыну, павышае ўзровень «карыснага» халестэрыну і паніжае крывяны ціск.

Гранат прысутнічае ў пэрсыдзкіх і грэцкіх мітах, а таксама ў індуізьме і кітайскім фальклоры як сымбаль жыцьця, шлюбу, плоднасьці, росквіту і рэгенэрацыі. У хрысьціянстве зерне гранату сымбалізуе асобных вернікаў, якія сабраліся разам у адной суполцы. У ісламскіх традыцыях папулярнае ўяўленьне, што гранаты растуць у райскіх садах.

Вішня: здароўе суставаў і добры сон

Яшчэ адзін амаладжальны прадукт — вішня. Вішня ў народнай мэдыцыне традыцыйна выкарыстоўваецца для лячэньня падагры, артрыту і іншых хваробаў суставаў. Клінічныя выпрабаваньні з удзелам спартоўцаў паказваюць, што рэгулярнае ўжываньне вішнёвага соку пры падрыхтоўцы да спартовага спаборніцтва, падчас яго і непасрэдна пасьля яго значна памяншае болевыя адчуваньні і павышае цягавітасьць. Найбольш лягічнае тлумачэньне мэханізму працы вішнёвага соку — зьмяншэньне акісьляльнага стрэсу ў выніку вялікіх фізычных нагрузак.

Вішня да таго ж адзіны прадукт харчаваньня, які ўтрымлівае істотную колькасьць мэлатаніну, гармону «добрага сну і маладосьці».

Дурніцы і маліна: запавольваньне кагнітыўнага старэньня

Кагнітыўныя функцыі мозгу — гэта здольнасьць разумець, успрымаць, вывучаць, запамінаць, перадаваць інфармацыю. Ня так даўно ў часопісе Annals of Neurology былі надрукаваныя вынікі дасьледаваньня, якое прааналізавала дадзеныя больш за 16.000 жанчын сталага ўзросту. Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што жанчыны, якія рэгулярна (больш за 2 разы на тыдзень) ўжывалі ягады, у асноўным дурніцы і маліну, мэнтальна старыліся на два з паловай гады пазьней, чым жанчыны, якія елі ягады нерэгулярна.

Якім чынам гэта адбываецца? Самая распаўсюджаная тэорыя базуецца на тым, што ягадныя флаваноіды антацыяны могуць пераадолець так званы гематаэнцэфалічны бар’ер (бар’ер паміж крывёю і мозгам) і лякалізавацца ў абласьцях мозгу, адказных за працэсы навучаньня і памяці (напрыклад, у гіпакампе).

Антацыяны — гэта сінія, чырвоныя, або фіялетавая пігмэнты ў ягадах, садавіне, гародніне і лісьці.

Кавун: зьніжае і рызыку ўзьнікненьня раку прастаты, запавольвае старэньне скуры

Кавун — выдатная крыніца караціноіду лікапіну. Сярод усіх караціноідаў лікапін пераважае ў чалавечай плазьме, розных тканках і прастаце. Лічыцца, што рэгулярнае спажываньне лікапіну можа значна зьнізіць рызыку ўзьнікненьня раку прастаты.

Той жа поліфэнол лікапін здольны процістаяць ультрафіялетаваму пашкоджаньню скуры, якое вядзе да заўчаснага яе старэньня.

Клінічныя дасьледаваньні дэманструюць і гіпатэнзіўны (паніжаючы ціск) эфэкт кавуна. Рэгулярнае ўжываньне невялікай колькасьці кавуна здольнае істотна панізіць ціск як у людзей з нармальнай вагой, так і ў людзей з атлусьценьнем, якія пакутуюць на гіпэртэнзію. Адна з тэорый заключаецца ў тым, што гэтаму спрыяе амінакіслата L-цытрулін, якая ў значнай меры прысутнічае ў кавуне.

Трускалкі: зьніжэньне сьмяротнасьці

Новыя дасьледаваньні прыводзяць істотныя доказы для клясыфікацыі трускалак ў якасьці функцыянальнага прадукту харчаваньня, які можа мець некалькі прафіляктычных і тэрапэўтычных пераваг для здароўя. Эпідэміялягічнае дасьледаваньне жаночага здароўя ў штаце Айова, у якім на працягу 16 год назіралася амаль 35 тысяч жанчын, паказала значнае зьніжэньне сьмяротнасьці ад сардэчна-судзінных захворваньняў (ССЗ) пры ужываньні трускалак. Ужываньне гэтых ягад усяго раз на тыдзень было ўжо дастатковым фактарам для зьніжэньня рызыкі сьмяротнасьці ад ССЗ. Эпідэміёлягі таксама выявілі зваротную сувязь паміж спажываньнем трускалак і гіпэртаніяй (павышаным крывяным ціскам).

Іншыя дасьледаваньні выявілі здольнасьць трускалак да паніжэньня ўзроўню ліпідаў (дрэнных тлушчаў у крыві), а таксама паслабленьня наступстваў акісьляльнага стрэсу пасьля прыёму ежы з занадта высокім утрыманьнем калёрый і тлушчу ў пацыентаў, якія мелі фактары сардэчна-ссудзіннай рызыкі. Гэтыя наступствы для здароўя могуць быць аднесены да сінэргетычнага эфэкту пажыўных рэчываў у трускалках (яны ўтрымліваюць паліфэнолы і вітаміны).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG