Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты Мельнічук і Сацук шакаваныя рэакцыяй улады на іх пытаньні Лукашэнку


На прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў чацьвер журналісты замежных і недзяржаўных СМІ ўзьнялі вельмі вострыя пытаньні. Прычым некаторыя ня проста выступілі з крытыкай, а паспрабавалі весьці канструктыўны дыялёг з кіраўніком дзяржавы.

І ўжо ў пятніцу па даручэньні кіраўніка дзяржавы чыноўнікі пачалі даваць адказы, разьбірацца.

Карэспандэнтка ВВС Тацяна Мельнічук узьняла праблему іміджу ўлады, прывёўшы ў прыклад арышты грамадзкіх актывістаў каля помніка Тарасу Шаўчэнку пасьля ўшанаваньня памяці ахвяраў кіеўскага Майдану, а таксама перасьлед людзей, якія выйшлі да французскай амбасады з шыльдамі «Я — Шарлі».

«Калі ўлада пачынае мітусіцца і гэта рабіць, гэта ідыёты. Яны проста дзейнічаюць на шкоду гэтай уладзе», — заявіў Лукашэнка.

На наступны дзень, у пятніцу, менская міліцыя па даручэньні прэзыдэнта разабралася — афіцыйнае агенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла апэратыўна падрыхтаваны «адказ» на зварот журналісткі.

Тацяна Мельнічук была шакаваная адказам і камэнтаром у эфіры АНТ начальніка сталічнай міліцыі генэрала Аляксандра Барсукова:

Я нават не спадзявалася, што гэта будзе такое шоў. Мне падалося, калі мы размаўлялі на прэс-канфэрэнцыі са спадаром прэзыдэнтам, што тэма была акрэсьленая і зразумелая цалкам дакладна.

«Я нават не спадзявалася, што гэта будзе такое шоў. Мне падалося, калі мы размаўлялі на прэс-канфэрэнцыі са спадаром прэзыдэнтам, што тэма была акрэсьленая і зразумелая цалкам дакладна. І гэтая тэма — адказнасьць усіх нас за імідж нашай краіны, тэма свабоды слова, свабода крытыкі — я казала, што моцная дзяржава ніколі ня будзе баяцца крытыкі, а сродкі масавай інфармацыі ня будуць ухіляцца, каб падаваць нейкія крытычныя зьявы ў нашым жыцьці, дзеля таго каб улада на іх адэкватна рэагавала. І вось ужо некалькі дзён я пачуваю сябе як у той вядомай прыказцы: „Хто дурнейшы за дурня? Дурань з ініцыятывай“. То бок мне падалося, што прэзыдэнт мяне зразумеў, што ягоная рэакцыя была сапраўды адэкватная, але цяпер я магу толькі паўтарыць, калі я бачу, як на тое спрабуюць адрэагаваць усялякія чыноўнікі: адбываецца такое „адмываньне мундзіру“, і гэта выглядае досыць сьмешна. Досыць сьмешна, калі людзі падмяняюць сутнасьць размовы нейкімі дробнымі дэталямі».

Дарэчы, за ўшанаваньне памяці загінулых на Майдане актывісты адседзелі па 5 і 10 сутак (двое выйшлі з Акрэсьціна на волю толькі ў нядзелю ўвечары). А Аляксандар Макаеў і Максім Вінярскі працягваюць адбываць пакараньне ў 15 сутак.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька атрымаў позву ў суд на 4 лютага за акцыю каля французскай амбасады, нягледзячы на заявы Лукашэнкі. Тацяна Мельнічук працягвае:

У такім выпадку, пры такой нагодзе людзей ня трэба ні арыштоўваць, ні шчаміць, ні судзіць. Нават калі крымінальная „братва“ зьбіраецца ўшанаваць сваіх загінулых, то не па-людзку ўмешвацца ў гэты працэс.

«У такім выпадку, пры такой нагодзе людзей ня трэба ні арыштоўваць, ні шчаміць, ні судзіць. Нават калі крымінальная „братва“ зьбіраецца ўшанаваць сваіх загінулых, то не па-людзку ўмешвацца ў гэты працэс. Сутнасьць у тым, што з дробязнай справы робяць, як кажуць, з мухі слана. І ўлада падстаўляецца ў гэтым. А народ, відавочна, сьмяецца з гэтых апраўданьняў. Пачытайце, да прыкладу, на форуме tut. by, што людзі кажуць. Там шмат допісаў, і ва ўсіх іх вельмі непрыглядныя ацэнкі дзеяньняў улады. Вось гэта сапраўдная рэакцыя.

А неяк далей увязвацца ў палеміку ня хочацца. Калі будзе прапанова, я гатовая прыйсьці на сэмінар і ўсур’ёз гаварыць пра тое, як варта шанаваць не чысьціню свайго мундзіра, а ўвогуле імя і імідж нашай краіны».

Галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук узьняў на прэсавай канфэрэнцыі праблему карупцыі. Літаральна на наступны дзень яго запрасілі да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Косінца.

Адгукнуўся і намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Валеры Міцкевіч: маўляў, адміністрацыя правярае інфармацыю пра карупцыю, пра якую казаў журналіст. Паводле Міцкевіча, Сяргей Сацук не падаў канкрэтных фактаў карупцыйных злачынстваў і праяў ні ў вусным, ні ў пісьмовым выглядзе.

Журналіст Сяргей Сацук кажа, што ён шакаваны, як улады перакруцілі ягоны пасыл да прэзыдэнта:

«Я такую тэндэнцыю заўважыў, што аб’ядналіся ўсе: і прадстаўнікі ўлады, і анархісты, і прадстаўнікі яшчэ нейкіх крайніх радыкальных апазыцыяў: ну вось, Сацук атрымаў тое, чаго дамагаўся, „за што бароўся, на тое і напароўся“, так яму і трэба. Пусьціліся ў дэмагогію, у пустую дэмагогію. Я казаў пра адно, а яны ўсе перакруцілі ў цалкам іншае. Прадстаўнікі ўлады кажуць, што ён, маўляў, факты не прадставіў, што гэта ўсё ня так. Усё перакруцілі, пераставілі з ног на галаву.

Мяне цяпер проста закідалі лістамі па электроннай пошце, тэлефанаваньнямі, людзі ідуць у рэдакцыю — усе з фактамі карупцыі. Яны пачулі, што, маўляў, Сацук ня змог прадставіць факты карупцыі, і нясуць.

Хоць я казаў не пра факты карупцыі, я казаў пра тое, што ў нас ствараюцца цяплічныя ўмовы для росквіту карупцыі. Але службовыя асобы ўсё перакруцілі, каб перавесьці размову ў іншую плоскасьць, выгадную для іх, што Сацук ня змог прадставіць факты карупцыі.

Факты насамрэч усім вядомыя. І гэта ня ўзровень прэзыдэнта — шукаць факты. Таму я размаўляў з прэзыдэнтам пра факты, якія дапамогуць у барацьбе з карупцыяй, пра факты, які ствараюць цяплічныя ўмовы для карупцыі, каб іх прадухіліць, прыбраць прычыны, а не наступствы. Таму я нават крыху шакаваны такім паваротам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG