Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўра – яно маё? (граматычная загадка)


Зь першага студзеня 2015 году істотна зьмянілася валютная рэальнасьць вакол Беларусі. Я не пра эўразійскую валютную непрадказальнасьць, якой розумам не абняць і 30-працэнтавым аршынам не памераць. Я пра пераход Літвы з уведзенага ў 1922 годзе стабільнага літа на трывалае ды ўжо глябальнае эўра. Год таму перайшла Латвія, але яна меншая, дый беларусы ня гэтак тлумна туды езьдзяць. А вось калі ў Вільні эўры, то і слова ўваходзіць у актыўную лексыку многіх жыхароў Беларусі. ​

Слова эўра ўзаконіла Рада Эўрапейскага Зьвязу ў Мадрыдзе ў 1995 годзе. Кіраўнікі дзяржаваў абіралі назву супольнае валюты праз спрэчкі, ультыматумы ды без удзелу мовазнаўцаў. Адкінулі імёны вялікіх эўрапейскіх грошай эпохі Рэнэсансу: дукат, карона, флёрын, бо нехта бачыў у такіх назвах нацыянальны інтарэс кагосьці іншага. ​

Фіны там сказалі, што ў іх хадзіла валюта з рознымі назвамі – талер, карона, марка і рубль – і што яны могуць пагадзіцца на якую хаця, апрача рубля. Але ж і талер, які ведала ўся Эўропа і які пакінуў добры сьлед у гістарычнай памяці беларусаў, больш ніхто не падтрымаў. Брытанцы прапанавалі нацыянал-патрыятычны варыянт – кожны заве новую валюту традыцыйным у сябе імем з прыстаўкай эўра: эўрамарка, эўрафранк. Але прайшла толькі прыстаўка – эўра.

У выніку атрымалася слова хай кароткае і пазнавальнае, але праблемнае ў перадачы рознымі мовамі. Назва валюты мае быць аднолькавай ува ўсіх афіцыйных мовах Эўрапейскага Зьвязу, пісацца аднолькава ў заканадаўчых тэкстах, пры скланеньні ня траціць часткі эўр-.

Але, па-першае, у розных эўрапейскіх мовах пачатныя гукі гэтага слова гучаць па-рознаму – па-ангельску euro [ˈjʊərəʊ] (брыт.), па-нямецку Euro [ˈɔʏʁo], па-француску euro [øˈʁo]. >> слухаць

Да таго ж назва нашага кантынэнту пішацца і вымаўляецца адметна, скажам, у латыскай (Eiropa), у ірляндзкай гэльскай (Eoraip) і наагул у кельцкіх мовах, у мальтыйскай (Ewropa). А яшчэ ж у Эўрапейскім зьвязе, акрамя лацінкі, ужываецца старэйшы за яе грэцкі альфабэт і маладзейшы кірылічны (у баўгарскай).

Па-другое, цяжка патрабаваць ад моваў, дзе назоўнікі скланяюцца, нязьменнасьці патрэбнага штодня слова.

Па-трэцяе, слова на -о можа мець праблемы з вызначэньнем роду (у мовах, якія маюць граматычны род).

Таму імя новых грошай апынулася ў цэнтры моўна-палітычных канфліктаў. Яно папраўдзе кавалак, адсечаны ад старажытнагрэцкага слова Εὐρώπη [Eurṓpē], але Ευρώ зь літарай Ωω ("о мэга") на канцы, якую бачым на купюрах,

па-грэцку ня можа скланяцца, а грэкі хочуць скланяць, прынцыпова пішуць слова зь літарай Οο ("о мікрон") на канцы Ευρό і скланяюць як нармальны назоўнік ніякага роду. (Відаць, менавіта таму іх сабраліся выганяць з эўразоны.) Латышы вымаўляюць і пішуць назву кантынэнту Eiropa, адпаведна грош павінен быць eiro ці нават eira. Аналягічныя праблемы ў Мальты, Славеніі, Вугоршчыны.

Літоўцы дапасавалі гэты назоўнік да сваёй граматыкі: euras, мужчынскага роду, каб скланяць (2 eurai, 100 eurų). Але эўразьвязаўскія дакумэнты пішуць толькі зь нескланяльным euro. Таксама славакі, славенцы, харваты, чэхі euro скланяюць, у раманскіх мовах слова зьмяняецца па ліках, што пярэчыць фармальным вымаганьням Эўрапейскага цэнтральнага банку.

І мы не абмінем дыскусіяў вакол асваеньня ня дужа зручнага слова, прыдуманага для зручнай рэаліі, якая можа стаць нашай будучыняй. А можа і ня стаць. Пра гэта сумленна папярэджвае Віктар Шалкевіч:

Віктар Шалкевіч. Баляда пра Васю

Наляцела зьнекуль хэўра,

Ўо-ўо-ўо!

Адабралі ў Ваські эўра,

Ўо-ўо-ўо!

Вось жа каб надалей не адбіралі.

Утвараецца слова ад імя нашага кантынэнту – Эўропа.

Грэцкае пачатнае ε- (э-) звычайна захоўваецца па-беларуску: як эмблема, эпоха, эўфанія так і Эвангельле, Эўфрат.

Е. Ѳ. Карскій. Бѣлоруссы. Т. ІІ, Варшава, 1908. С. 47
Е. Ѳ. Карскій. Бѣлоруссы. Т. ІІ, Варшава, 1908. С. 47

Літару Э з асаблівым гукавым значэньнем, паводле Яўхіма Карскага, у XV ст. увялі ва ўжытак беларускія пісары – гэта наш уклад у разьвіцьцё кірыліцы. Прычым напачатку літара Э ў цяперашнім гукавым значэньні ўжывалася толькі ў словах іншамоўнага паходжаньня, напрыклад, у слове тэстамэнты (Статут ВКЛ 1588 году), Этѷмолѻ́гїа (этымалёгія) у граматыцы Мялета Сматрыцкага (1648 г.).

Што да расейскай мовы, то, хаця беларускі друкар Ільля Капіевіч ў сваіх шрыфтах меў гэтую літару і адпаведна яна была ўключаная ў прызначаны для Пятра І праект новага шрыфтавога стандарту, але літара Э ў цяперашняй ролі замацавалася там толькі з канца XVIII ст. (бо, напрыклад, М. Ламаносаў ёй супраціўляўся).

Літары з амстэрдамскай друкарні Ільлі Капіевіча, у тым ліку Э
Літары з амстэрдамскай друкарні Ільлі Капіевіча, у тым ліку Э

Наша літара Э люстэркава падобная да аднаго з варыянтаў напісаньня грэцкай літары ϵ (эпсылён) і адпаведна да знаку эўра, створанага на аснове апошняй. Таму – эўра. Падобнае да слова ў многіх іншых эўрапейскіх мовах, на слых пазнавальнае іншаземцамі лепш, чым расейскае слова евро (вымаўляецца [jэвра]) з прыстаўным [j-].

У расейскай мове яно афіцыйна нескланяльнае. Але нават калі загадам вызначыць нескланяльнасьць, жывая стыхія слова прарасьце праз бэтон. Мы ж скланяем па-беларуску слова паліто, насуперак спробам уніфікаваць гэтую моўную рысу з расейскай граматыкай. Вось як Ян Скрыган – знаўца мовы – пераклаў "Лазьню" М. Зошчанкі:

Надзяваю гэтыя штаны, іду па паліто. Паліта не выдаюць – нумарок патрэбен. А нумарок на назе забыты. Разьдзявацца трэба. Скінуў штаны, шукаю нумарка – няма нумарка. Матузок тут, на назе, а паперкі няма. Змылася паперка.

Падаю лазеншчыку матузок – ня хоча.

– Па матузку, кажа, не выдаю. Гэтак, кажа, кожны грамадзянін нарэжа матузкоў – політаў не набярэсься. Пачакай, кажа, – калі публіка разыдзецца – выдам, якое астанецца.

Або зьявяцца жаргонныя формы. Расейцы прыдумалі маласымпатычны жарганізм еврики. А нам лепш папусьціцца загадзя: хай скланяецца. Тры эўры. Пяці эўраў бракуе.

І ўрэшце: які ў слова эўра граматычны род? Жаночага роду eira ў латыскай і evra ў ісьляндзкай, мужчынскага – у францускай, каталянскай, літоўскай. Ніякага роду ευρώ/euro ў грэцкай, славацкай, чэскай, афіцыйна – у польскай (хаця дзьве апошнія краіны на гэты грош яшчэ не перайшлі і моўнае парадкаваньне наперадзе).

А ў нас? Няма аднаго эўра – як няма гора, возера – ці няма аднаго эўры – як ваяводы? Усё ж род тут ніякі – мора, срэбра, стабільнае эўра.

Такім чынам: у беларускай мове

€ = эўра,

назоўнік ніякага роду, скланяецца як возера.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG