Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: нічога страшнага няма, калі мы пратрымаемся на гэтым узроўні коштаў


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў справе цэнаўтварэньня трэба рабіць так, каб ня ўгробіць рынак.

«Усе даручэньні ў гэтай частцы мною дадзены. Неабходныя рашэньні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прынятыя. Патрабую іх няўхільнага выкананьня. Шырокія паўнамоцтвы для гэтага нададзеныя чальцам ураду і губэрнатарам. Больш за тое, мы ўжо апрабавалі гэтыя мэтады працы. Атрымалася. Нармальна. Але пры гэтым я хачу вас папярэдзіць: мы не павінны паступіць так, асабліва ў сфэры цэнаўтварэньня, гэта галоўнае, каб загубіць бізнэс. Ні ў якім разе!» — падкрэсьліў Лукашэнка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў.

«Калі мы недзе ўручную пачалі нешта рэгуляваць, дык знайдзіце час пагаварыць зь бізнэсмэнамі, асабліва гэта тычыцца гандлю, каб яны вам распавялі, дзе якія праблемы, і ў вас ёсьць усе паўнамоцтвы для таго, каб там пасунуцца. Хоць я тут ня бачу таксама ніякіх праблемаў. Прымаючы гэтае рашэньне, я перш за ўсё меў на ўвазе тое, што ў нас непараўнальна зь мінулымі крызісамі таньнейшыя рэсурсы. Таму нічога страшнага няма, калі мы пратрымаемся на гэтым узроўні цэнаў. Мы іх не зьніжаем, але, можа, недзе і ўручную прыйдзецца іх адрэгуляваць на асобныя групы тавараў. У гэтым няма ніякага страху», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка расказаў, што падчас апошняга візыту ў Расею ў кулюарах абмяркоўвалася гэтая тэма.

Я кажу: ну вы ж такія рыначнікі, так прасунуліся, а сёньня — глядзіце, пачалі рэгуляваць цэнаўтварэньне ў гандлі, а мяне ж за гэта білі і нагамі тапталі!

«Я кажу: ну вы ж такія рыначнікі, так прасунуліся, а сёньня — глядзіце, пачалі рэгуляваць цэнаўтварэньне ў гандлі, а мяне ж за гэта білі і нагамі тапталі! Аб мяне хто толькі не выціраў у Расеі ногі, калі мы ў цяжкую хвіліну браліся за гэтыя рычагі і іншыя! А цяпер адзін да аднаго паўтараюць тое, што было ў нас. Правільна робяць. Таму што галоўнае — не пагоршыць сытуацыю, але і не парушыць асноўныя прынцыпы і законы функцыянаваньня эканомікі. Я не кажу, рынкавыя або адміністрацыйныя мэтады — усё роўна. Не парушыць, каб гэта не паўплывала на працу прадпрыемстваў, каб яны не зачыніліся і ня выкінулі на вуліцу людзей».

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Эўразійскім эканамічным саюзе фармуецца агульны рынак.

«Гэта пераходны пэрыяд, і ён мае пэўныя выдаткі. Мы ўжо з гэтым сутыкнуліся. У сувязі з гэтым нашы людзі павінны быць абароненыя. Чалавек мае законнае права прыйсьці ў краму ці на рынак і купіць неабходны яму тавар — добрай якасьці і па справядлівай цане».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG