Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгоды рэйтынгу: абвал або адскок?


Адным з самых цікавых вынікаў сьнежаньскага 2014 апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) сталі дадзеныя аб зьніжэньні за квартал рэйтынгу прэзыдэнта Лукашэнкі: калі ў верасьні за яго былі гатовыя галасаваць 45,2% апытаных, то ў канцы году — 40%. Зьніжэньне папулярнасьці пацьвярджаецца і дынамікай паказчыку даверу: тры месяцы таму кіраўніку дзяржавы давяралі 53,5% рэспандэнтаў, у сьнежні — 49,9%.

Гэтыя вынікі ўяўляюць асаблівую цікавасьць з улікам таго, што да канца мінулага году рэйтынгі А.Лукашэнкі больш-менш раўнамерна расьлі на працягу даволі доўгага часу.

Графік 1. Дынаміка электаральнага рэйтынгу прэзыдэнта А. Лукашэнкі,%

Менавіта тое, што сьнежаньскі зрух рэйтынгу парушыў тэндэнцыю, дало падставу некаторым выданьням інтэрпрэтаваць яго такім чынам, што рэйтынг будзе працягваць падаць і далей. Гэта знайшло адлюстраваньне нават у назвах старонак публікацый — «З-за праблем у эканоміцы Лукашэнка губляе падтрымку сярод беларусаў», «Рэйтынг Лукашэнкі падае».

«Губляе», «падае» — абазначае прагноз, што будзе зьніжацца і ў далейшым.

Зразумела, падобныя ацэнкі часьцяком палітычна афарбаваныя, аўтары прадказваюць тое, што адпавядае іх перакананьнях і жаданьням. Варта заўважыць, што зь верасьня 2011, падымаючыся са «дна», рэйтынг А.Лукашэнка двойчы — у сярэдзіне 2012 і ў канцы 2013 — зьніжаўся, аднак потым зноў працягваў уздым. У рэшце рэшт, з графіка вынікае, што рэйтынг у сьнежні 2014 апусьціўся да ўзроўню леташняга чэрвеня. Але тады тая ж лічба ацэньвалася (рознымі людзьмі — з рознымі пачуцьцямі) як посьпех беларускага лідэра.

Але ўсё ж: тады рэйтынг ішоў уверх, а цяпер — уніз. Дык, можа, падзеньне працягнецца? Гэта магчымы сцэнар, але зусім не абавязковы. Ёсьць і іншае тлумачэньне, якое можа наглядна праілюстраваць аналёгія з зусім іншай сфэры.

Усе бачылі, як у «чорныя» для расейскага рубля панядзелак і аўторак 15-16 сьнежня яго курс абрынуўся. Але пазьней павысіўся. Тое ж самае, дарэчы, было і з курсам беларускага рубля восеньню 2011, калі ў разгар фінансавага крызісу ўлады перайшлі да свабоднага курсаўтварэньня: спачатку адбыўся скок «з пералётам», потым — вяртаньне да больш разумнага значэньня.

Ня выключана, што падобны ж «адскок» адбыўся і ў сьнежні 2014 з рэйтынгам прэзыдэнта Беларусі. Згодна з гэтым тлумачэньнем, «курс» папулярнасьці Лукашэнкі ў верасьні 2014 быў «завышаны» па прычыне кан’юнктурных фактараў, аналягічных паніцы на валютным рынку. Прайшла паніка — ён вярнуўся да свайго нармальнага, досыць высокага значэньня.

І на карысьць такога тлумачэньня маюцца важкія аргумэнты. У аналітыцы па сьнежаньскаму апытаньню, апублікаванай на сайце НІСЭПД, выкарыстоўваецца тэрмін «анамалія-2014». Справа ў тым, што шматгадовыя дасьледаваньні ў Беларусі паказваюць досыць шчыльную сувязь паміж паказчыкамі папулярнасьці ўлады і матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва. Гэта пацьвярджалася і дадзенымі за 2011-2013 гады: эканамічны абвал — падзеньне рэйтынгу, эканамічнае выздараўленьне — павышэньне папулярнасьці. Пра тое, што гэта — даволі ўстойлівая заканамернасьць, сьведчылі і аналіз экспэртаў НІСЭПД і вынікі іншых дасьледаваньняў.

І вось прыйшоў 2014 год, у якім рэальныя даходы насельніцтва Беларусі вырасьлі толькі на 1%. А рэйтынг Лукашэнкі са сьнежня 2013 па сьнежань 2014 гады — амаль на 15% (Глядзі графік вышэй). Для параўнаньня: у 2013 годзе рост даходаў на 17%, рост рэйтынгу на 10%. Прычына «анамаліі-2014» — драматычныя падзеі ва Ўкраіне, страх многіх беларусаў, што полымя канфлікту можа перакінуцца на іх краіну, псыхалягічнае падвышэньне ў вачах многіх каштоўнасьці беларускай стабільнасьці ў параўнаньні з украінскімі «цікавым часам».

Гэтак жа, як панічныя настроі апускаюць курс нацыянальнай валюты значна ніжэй раўнаважкага ў «чорныя» панядзелкі, аўторкі, пятніцы і іншыя дні тыдня, гэтак жа і своеасаблівая паніка, страхі, нераўнаважны псыхалягічны стан падымае рэйтынг кіраўніка, як абаронцы і выратавальніка. Падымае вышэй раўнаважнага стану.

Дык што адбылося летась у апошнім квартале ў параўнаньні з папярэднім? Для беларусаў вайна ва Ўкраіне — гэта ў значнай ступені «вайна ў тэлевізары», але і аб’ектыўна ў чэрвені-жніўні ў Данбасе адбываліся самыя жорсткія і крывавыя баявыя дзеяньні, зь верасьня інтэнсіўнасьць баёў істотна зьнізілася. Для ўкраінцаў, для тых, хто ўважліва сочыць за падзеямі, маюць важнае значэньне і штодзённыя перастрэлкі, і бесперапынныя баі за данецкі аэрапорт, але грамадзкая думка Беларусі ў цэлым фіксуе агульны абрыс сытуацыі: да верасьня была вайна, цяпер яе няма.

Ну, а калі няма, дык страх праходзіць, панічны настрой зьмяняецца больш узважаным. Адпаведна, і стаўленьне да ўлады становіцца больш спакойным.

Варта заўважыць, што падобнае зьніжэньне рэйтынгу незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў здаралася і ў мінулым, у прыватнасьці, у красавіку 2001, за 5 месяцаў да выбараў (табліца 10) і ў верасьні 2010, за 3 месяцы да выбараў (табліца 3). Аднак у абодвух выпадках падзеньне не стала абвалам — пазьней рэйтынг пайшоў уверх і на выбарах дасягнуў піку.

Праўда, цяперашнія прагнозы катастрафічнага падзеньня рэйтынгу могуць грунтавацца ня толькі на факце яго зьніжэньня ў сьнежні 2014 і на ўласных пажаданьнях прагназістаў, але і на новым фактары — вострым эканамічным крызісе, які накрыў Беларусь у канцы году. Пры гэтым варта заўважыць, што згодна з паведамленьнем НІСЭПД апытаньне праводзілася ў пачатку сьнежня, іншымі словамі, рэакцыя на прыгоды беларускага рубля ў другой палове месяца на вынікі наконт папулярнасьці кіраўніка дзяржавы не паўплывала. Ну, а калі паўплывае, то...

То і тут магчымыя варыянты. Адзін зь іх, і праўда, не абяцае прэзыдэнту аптымістычных пэрспэктыў — усім памятны 2011 год, калі яго рэйтынг падаў да 20% (табліца 1). Але ёсьць і іншы вопыт, напрыклад, 2009 году, калі тагачасны таксама вельмі востры эканамічны крызіс практычна ніяк не адбіўся на рэйтынгу А.Лукашэнкі (табліца 1). А ў 1998 годзе, калі, як і цяпер, Беларусь накрыла крызісам, якія прыйшлі з Расеі, рэйтынг прэзыдэнта нават вырас (табліца 1).

Абодва згаданых крызіса — 1998 і 2009 гадоў — маюць агульную рысу: абодва яны мелі «імпартную» прыроду. Ці, прынамсі, беларуская ўлада здолела пераканаць насельніцтва ў менавіта такім характары тых крызісаў. І рэйтынг быў «тэфлёнавым», грамадзкая думка ўладу ў эканамічным бязладзьдзі ня вінаваціла.

Наогул кажучы, тое ж самае можа адбыцца і цяпер. І цяпер беларуская ўлада ўскладае віну за эканамічныя праблемы на Расею. Прычым, ня проста кажа пра тое, што крызіс прыйшоў з Расеі, робіцца шэраг жэстаў, шэраг заяў, каб замацаваць гэтую сувязь у грамадзкай сьвядомасьці. Дзеля таго, каб згарнуць рэакцыю грамадзтва на мадэль 1998 і 2009 гадоў, Лукашэнка гатовы нават трошкі пасварыцца з Масквой. Сваркі з Крамлём моцнага падзеньня рэйтынгу ў мінулым не выклікалі, эканамічны крызіс, віну за які меркаваньне народнае ўскладала на айчынную ўладу, выклікаў, і вельмі прыкметна. З дзьвюх бед выбіраецца меншая.

Зьмена ўраду і кіраўніцтва Нацбанку — яшчэ адзін спосаб стабілізацыі рэйтынгу, перакладаньня віны зь вярхоўнай улады на іншых.

Плюс да таго — навідавоку спроба і далей выкарыстоўваць мэханізм страху, параўнаньня Беларусі з Украінай, які так добра спрацаваў на рэйтынг у мінулым годзе. Уласна кажучы, навагодняя прамова прэзыдэнта менавіта гэтаму і была прысьвечаная.

Так, у сьнежні сталі ясныя межы магчымасьцяў працы гэтага мэханізму, але ўлада разьлічвае, што і ў наступным годзе яго інэрцыі хопіць прынамсі для ўтрыманьня, калі не для нарошчваньня рэйтынгу.

Так што сцэнар абвалу не выглядае непазьбежным. Але ён, безумоўна, верагодны. І тут больш чым сьціплыя электаральныя вынікі апазыцыі не павінны ўводзіць у зман. У беларускай палітыцы сапраўды існуе «закон несаабшчаюшчыхся сасудаў», памяншэньне папулярнасьці кіраўніка дзяржавы рэдка прыводзіць да росту рэйтынгаў яго апанэнтаў. І сьнежаньскае апытаньне 2014 пацьвердзіла гэтую заканамернасьць. Але, як пісаў францускі палітоляг ХХ стагодзьдзя Раймон Арон, ураду варта асьцерагацца не апазыцыі, а падзеяў. А 2015 год абяцае быць багатым на іх.

Перадрук з парталу tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG