Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры праблемы Эўразьвязу-2015: Брытанія, Грэцыя, Расея


Сутыкненьні паліцыі з пратэстоўцамі падчас сустрэчы мінжнародных фінансістаў у Афінах у красавіку 2014 году
Сутыкненьні паліцыі з пратэстоўцамі падчас сустрэчы мінжнародных фінансістаў у Афінах у красавіку 2014 году

Выбары ў дзьвюх дзяржавах Эўразьвязу і змаганьне вакол санкцыяў супраць Расеі могуць выклікаць праблемы ў ЭЗ сёлета, піша карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рычард Юзьвяк.

Выбары ў Грэцыі могуць выклікаць новы крызіс эўразоны

Хоць здавалася, што крызіс зоны эўра ўжо скончыўся, пачатак новага году можа стаць непрыемным сюрпрызам для Брусэлю.

Пасьля трох няўдалых спробаў у сьнежні дабіцца абраньня свайго прэзыдэнцкага кандыдата парлямэнтам Грэцыі, прэм’ер-міністар гэтай краіны Антоніс Самарас быў вымушаны, паводле Канстытуцыі, абвясьціць датэрміновыя выбары. Выбары 25 студзеня адчыняюць дзьверы для магчымага новага эканамічнага крызісу ў краіне, дзе папярэдні крызіс пачаўся з 2009 годзе.

Прычына ў тым, што ў апытаньнях правацэнтрысцкая Новая дэмакратычная партыя Самараса адстае на 3 працэнтных пункты ад папулісцкай левай партыі Сырыза. Лідэр гэтай партыі Алексіс Цыпрас абяцае павялічыць заробкі, павялічыць колькасьць працоўных месцаў у дзяржаўным сэктары і пераканаць зону эўра сьпісаць частку пазыкаў Грэцыі. Кожны з гэтых крокаў быў бы парушэньнем абавязаньняў, якія Грэцыя ўзяла на сябе, каб атрымаць пакет міжнароднай дапамогі пасьля крызісу 2009 году. Гэтыя крокі могуць таксама прывесьці да дэфолту краіны і прымусіць яе ўвогуле пакінуць эўразону.

Калі такое здарыцца, дык іншыя слабейшыя краіны могуць пайсьці тым самым шляхам, і агульная эўрапейская валюта можа апынуцца пад вялікім ціскам ці ўвогуле пад рызыкай краху.

Яшчэ адна спрэчка вакол санкцый для Расеі

Адно з самых гарачых пытаньняў, якія, верагодна, будуць падзяляць Эўразьвяз сёлета, гэта спрэчка пра тое, ці варта падаўжаць санкцыі, уведзеныя супраць Расеі летась за анэксацыю Крыму і інтэрвэнцыю ва ўсходняй Украіне. Чакаецца, што Масква зробіць усё магчымае, каб узмацніць падзел у гэтым пытаньні сярод краінаў Эўразьвязу.

Першымі, у сакавіку, маюць падаўжаць санкцыі, якія тычацца замарожваньня маёмасьці канкрэтных асобаў і візавых забаронаў. Паколькі яны тычацца найперш сэпаратыстаў і асобных дэпутатаў расейскай Дзярждумы, дык імаверна, што іх падоўжаць без асаблівых праблемаў.

Аднак вялікія рашэньні маюць быць прынятыя ў чэрвені і ліпені, калі пад перагляд трапяць эканамічныя санкцыі супраць расейскіх банкаў і энэргетычных кампаніяў.

Рашэньне працягнуць санкцыі павінна быць аднагалосным, а гэта значыць, што на яго павінны пагадзіцца ўсе 28 краінаў Эўразьвязу. І ёсьць шмат краінаў якія з розных прычынаў будуць вагацца.

Паўднёвыя краіны могуць пакутаваць з-за згаданых вышэй праблемаў эўразоны і казаць, што трэба большы доступ да расейскіх рынкаў. Падобным жа чынам, шмат якія ўсходнеэўрапейскія суседзі Расеі могуць заявіць, што расейкае эмбарга на іх сельскагаспадарчую прадукцыю занадта нэгатыўна ўплывае на іх дзяржаўныя бюджэты. Апасеньні, што Расея на мяжы эканамічнага каляпсу могуць стаць іншым аргумэнтам супраць працягу санкцыяў падчас абмеркаваньняў у Брусэлі гэтым летам.

Сыход Брытаніі?

Дэйвід Кэмэран тлумачыць пляны сваёй партыі 2 студзеня 2015 году
Дэйвід Кэмэран тлумачыць пляны сваёй партыі 2 студзеня 2015 году

Вялікабрытанія ўжо нейкі час адыходзіць ад ядра Эўразьвязу. Але выбары, якія маюць адбыцца 7 траўня, могуць увогуле стаць пачаткам канца брытанскага сяброўства ў ЭЗ. Прынамсі яны могуць прывесьці да яшчэ аднаго раўнду складаных і доўгіх перамоваў пра дамовы Эўразьвязу.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран паабяцаў правесьці рэфэрэндум аб сяброўстве краіны ў Эўразьвязе, калі ягоная Кансэрватыўная партыя пераможа на выбарах. Цяперашнія апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што шанцы Каэмэрана застацца ва ўладзе даволі добрыя — а вынікі рэфэрэндуму аб сяброўстве Брытаніі ў Эўразьвязе цяжка прадказаць, бо галасы падзелены прыблізна пароўну.

Кэмэран заявіў, што рэфэрэндум адбудзецца да канца 2017 году, але потым казаў, што гэта можа быць і раней.

Больш за тое, ідуць нават размовы пра тое, што ў кааліцыйны ўрад з Кансэрватарамі можа ўвайсьці Партыя незалежнасьці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP), якая стаіць на пазыцыях эўраскептыцызму.

Да рэфэрэндуму Кэмэран плянуе па новай дамовіцца пра правілы сяброўства Брытаніі ў Эўразьвязе — у прыватнасьці, каб абмежаваць дапамогу па беспрацоўі для грамадзян іншых краінаў Эўразьвязу, якія шукаюць працу ў Вялікабрытаніі. Гэта ў сваю чаргу значыла б складаны працэс зьменаў у дамове аб Эўрапейскім зьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG