Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2014. Вайна пасярод г@на


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

З усяго важнага, што ў мінулым годзе зьмянілася ў грамадзкай сьвядомасьці, я выбраў гэта: «Вайна пасярод г@на».

Так у нас здаўна казалі пра сварку мужа і жонкі на кухні. Прыказка нібы падкрэсьлівае, што ў кухоннай бітве ня можа быць станоўчага пэрсанажа. Як і ў кожнай вайне.

Людзі пра гэта ведалі заўсёды. Пакуль сто гадоў таму не пачалася першая сусьветная зь мільённай статыстыкай палеглых. Пасьля была рэвалюцыя са сваімі мільёнамі палеглых, што суправаджалася бравурнай прапагандай посьпехаў і зьдзяйсьненьняў. Пачалася гераізацыя. Уся культура стала паэтызаваць вайну і станоўчых герояў на ёй. Другая сусьветная ўжо ад пачатку да нашых дзён ішла пад лёзунгам «Подзьвіг народа бясьсьмерцен». Ад чаго народ мусіў прасякацца сваёй значнасьцю і ня надта зьвяртаць увагу на «цягаты і лішэньні» будзённага жыцьця.

Гераізацыя вайны цалкам падмяніла сабою праўду фактаў і адкінула матыў спачуваньня рэальным ахвярам.

Васіль Быкаў найбольш раздражняў цэнзуру менавіта гэтым – адсутнасьцю выразнага станоўчага героя. Тым ня менш, мэйнстрым дзяржаўнай героікі эфэктыўна працаваў да самага апошняга часу. Думаю, будзе ён працаваць і далей. Але эфэкт ад яго канчаткова выветрыўся менавіта ў 2014-м. Па-першае, мы так і ня здолелі нічога талковага сказаць на сотыя ўгодкі першай сусьветнай, бо савецкая і постсавецкая прапаганда захінула праўду той вайны сваёй залачонай заслонай пра вялікую і айчынную. Па-другое, напад Расеі на Ўкраіну цалкам зьнівэляваў усе згадкі пра ўсё савецкае, што магло яшчэ неяк аб’ядноўваць людзей на постсавецкай прасторы. Па-трэцяе, не засталося дзеяздольных вэтэранаў.

Знакам гэтых перамен стаў выхад у 2014-м кнігі Андрэя Лазуткіна «Палігон». Кніга толькі зьнешне пра вайну. У руінах разбомбленага Менску пэрсанажы гавораць сёньняшнім слэнгам. Насамрэч гэта адлюстраваньне, зрэз сьвядомасьці цяперашніх 20-гадовых, на якіх бравурная прапаганда вайны не адбілася ўжо ніяк.

Тут ня проста «Вайна пасярод г@на», тут кожны радок сьведчыць, што вайна – гэта і ёсьць г@но, як і ўсе людзі, якія ў гэтым удзельнічаюць. На зьмену колішнім паняткам геройства і ідэйнасьці прыйшла бессэнсоўнасьць вайны, якая ці то скончылася ці то працягваецца, ня маючы ніякіх вынікаў, не імкнучыся ні да чога.

Андрэй Лазуткін зрабіў наступны за Быкавым крок – да расчалавечваньня вайны, а таксама адлюстраваў пераломны момант, які адбыўся ў 2014-м. Кніга, напісаная ў жанры фэнтэзі, аказалася найбольш адэкватным сёньняшнім сьведчаньнем пра вайну. Мы быццам ізноў прыходзім на нулявы кілямэтар, каб казаць праўду і паспрабаваць вярнуць сабе пачуцьцё спачуваньня.

На 2015-ы поўным ходам плянуюцца дзяржаўныя мерапрыемствы да 70-х угодкаў перамогі. Будуць парады і патасныя сэрыялы ў тэлевізары. Няшчырасьць была ўласьцівая гэтаму патасу ад пачатку, але прынамсі дастаткова было спажыўцоў, гатовых на гэта купляцца. У траўні мы пабачым і адчуем, што на масавым узроўні такіх спажыўцоў больш няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG