Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны: Улада нягоднікаў у Расеі павінна быць зьнішчаная


Абарона апазыцыянэра Аляксея Навальнага абскардзіла захаваньне яму меры стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту да ўступленьня ў сілу прысуду па справе «Іў Рашэ».

Пра гэта ў сваім твітэры напісаў адвакат Вадзім Кобзеў.

Паводле адваката, суд прыняў вельмі дзіўнае рашэньне: вынесьці чалавеку ўмоўны прысуд і пакінуць яго пад хатнім арыштам.

Раней Кобзеў паведаміў РБК, што пасьля навагодніх сьвятаў ён мае намер падаць апэляцыйную скаргу на прысуд у Масгарсуд. Гэта адтэрмінуе як мінімум на некалькі месяцаў ўступленьне ў сілу рашэньня Замаскварэцкага суда.

Раней сёньня Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў Расеі (ФСВП) накіравала ў Замаскварэцкі суд Масквы матэрыялы аб парушэньні Аляксеем Навальным рэжыму ўтрыманьня пад хатнім арыштам. Напярэдадні вечарам апазыцыянэр паспрабаваў прайсьці на Манэжную плошчу ў Маскве, дзе праходзіла несанкцыянаваная ўладамі акцыя супраць прысуду, вынесенага судом яму і яго брату Алегу па справе аб крадзяжы ў кампаніі «Іў Рашэ», але быў затрыманы і дастаўлены дадому.

Аднак Замаскварэцкі суд Масквы вярнуў гэтыя матэрыялы ФСВП. Як паведаміла «Інтэрфаксу» прэс-сакратар суду Юлія Пятрова, прадстаўленьне было вернутае, паколькі прысуд ужо вынесены і палажэньні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Расеі ў дадзеным выпадку не ўжываюцца.

Напярэдадні Замаскварэцкі суд Масквы прысудзіў Аляксея Навальнага да трох з паловай гадоў умоўна, а яго брата Алега — да такой жа рэальнага тэрміну пазбаўленьня волі па справе аб крадзяжы ў кампаніі «Іў Рашэ». Пры гэтым суд вырашыў, што да ўступленьня прысуду ў сілу Аляксей Навальны будзе ўтрымлівацца пад хатнім арыштам.

Учора ўвечары на Манэжную плошчу выйшлі некалькі тысяч чалавек, каб выказаць сваё абурэньне прысудам Аляксею і Алегу Навальным, а таксама ў цэлым палітыкай Крамля.


Людзі скандавалі як лёзунгі ў падтрымку Навальнага, так і ў цэлым антыпуцінскія лёзунгі, а таксама лёзунгі ў падтрымку Ўкраіны (напрыклад, «Слава Ўкраіне», «Рускія і ўкраінцы — браты навек»). Акцыя доўжылася каля дзьвюх гадзінаў. Каля 9-й вечара пачаўся разгон, было затрымана 255 чалавек. У дачыненьні да 70 з іх былі складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

У сваім блогу Аляксей Навальны напісаў: «Улада злодзеяў, нягоднікаў і здраднікаў у Расеі павінна быць зьнішчаная. Яшчэ раз заклікаю ўсіх памятаць: існуе яна толькі з адной прычыны — мы яе дазваляем сваёй пасіўнасьцю. Тут выбар просты: альбо ты робіш свой асабісты ўнёсак, альбо пачынай проста цяпер прыдумляць тлумачэньне для сваіх дзяцей і ўнукаў на тэму „чаму я глядзеў у стол“. Мільёны складваюцца з адзінак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG