Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Чачні ідзе трэцяя, неабвешчаная, вайна»


Карэспандэнт паўночнакаўкаскай службы Радыё Свабода Лёма Чабаеў камэнтуе сёньняшнія сутыкненьні ў сталіцы Чачні, Грозным.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, 10 паліцэйскіх загінулі, 28 атрымалі раненьні ў перастрэлках з групай ваеўнікоў, якая пранікла мінулай ноччу ў Грозны. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што ваеўнікі прыехалі ў Грозны з па-за межаў рэспублікі.

Чабаеў: «Сёньня пад раніцу гэтыя ваеўнікі распаўсюдзілі відэа, дзе тлумачаць, чаму зьявіліся ў Грозным. Гэта чачэнцы, яны сябе называюць прадстаўнікамі аднаго з эміраў „Эмірату Каўказ“ — падразьдзяленьня „эміра Хамзата“. Гэты чалавек у Чачні вядомы, як Іслам Бацюкаеў, — адзін з тых, хто рэпрэзэнтуе былую адміністрацыю Докі Ўмарава.

Людзі на відэа кажуць, што іх абурае стаўленьне адміністрацыі Кадырава да вернікаў. Некалькі тыдняў таму шырокі розгалас атрымаў відэаролік, дзе маладая жыхарка Чачні, якая носіць хіджаб, скардзілася, што зь яе і з такіх, як яна, зьдзекуюцца. На другі ці трэці дзень яе знайшлі, прывезьлі разам са сваякамі, братамі, сёстрамі да Кадырава, і той вельмі жорстка адчытаў гэтую дзяўчыну і яе сваякоў.

І людзі на відэа кажуць пра гэтую гісторыю. Пры гэтым яны таксама кажуць, што разумеюць — жывымі ім з Грознага ня выйсьці».

Знаткевіч: «А ці мае нейкае значэньне сёньняшняя дата, і ці было гэта неяк прымеркавана да выступленьня расейскага прэзыдэнта Ўладзімер Пуціна перад Фэдэральным сходам?»

Чабаеў: «Я так ня думаю. Я нават ня думаю, што гэта быў напад на Грозны. Выглядае, што група накіроўвалася на нейкае іншае заданьне, ім перакрыла дарогу дарожна-патрульная служба, і тады яны пачалі страляць».

Знаткевіч: «А на якую апэрацыю яны маглі накіроўвацца, і наколькі часта ў цяперашняй Чачні адбываюцца такога кшталту сутыкненьні, магчыма меншага маштабу?»

Чабаеў: «Сам Грозы і раённыя цэнтры — такія як Гудэрмес ці Шалі — маюць вялізную колькасьць вайскоўцаў і міліцыі, дзясяткі тысяч. Таму ў Чачні не засталося такіх сілаў, каб, як кажуць, „прасочвацца“ ў населеныя пункты. Але ў гарах празь дзень адбываюцца сутыкненьні, амаль кожны дзень, людзі гінуць. Тыдзень таму чатыры чалавекі былі забітыя ў Сунжанскім раёне. Штодня па некалькі чалавек арыштоўваюць за сувязі з ваеўнікамі. Гарады нібыта адбудаваныя, але гэта толькі вонкавы антураж. Мне здаецца, што ў такім стане чачэнскі народ ня быў нават у першую і другую вайну. Тады людзі мелі магчымасьць хоць нейкім чынам выказвацца. А цяпер, на маю думку, ідзе трэцяя, неабвешчаная, вайна — тэрор дзяржавы супраць любой думкі. З апошнія месяцы былі арыштаваныя тыя, хто мірна выказваў хоць нейкую нязгоду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG