Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падабаецца данецкім уцекачам беларуская мова?


Уцекачы з Данбаса ў беларусім Рагачове.
Уцекачы з Данбаса ў беларусім Рагачове.

Калі ўсе сьмяяліся з крывых рук будаўнікоў і штампаваных аграгарадкоў, ніхто падумаць ня мог, што сярод іншых іх заселяць уцекачы з Украіны.

Тры гісторыі уцекачоў з Данбасу пра сябе, беларускую мову і розьніцу паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

«У вас яшчэ, па шчырасьці, Савецкі Саюз»

Маладая маці Ганна Чакушына жыве ў аграгарадку ў Клічаўскім раёне, працуе бухгальтарам. Яе сыну 8 месяцаў. Ганна пераехала ў Беларусь зь невялікага гораду Жданаўкі, што за 56 кілямэтраў ад Данецку, разам з братам-інвалідам, сваімі маці і дзіцем.

Сямейства адмыслова не зьбіралася ехаць у Беларусь, але сваякі сказалі: калі хочаце хату ў вёсцы за працу — трэба зараз, бо пасьля іх ня будзе. Сабраліся, разьлічылі:

«Сказалі, спатрэбяцца дакумэнты. У нас, ва Ўкраіне, можна неафіцыйна працаваць. Думала, і тут — але ў Беларусі толькі афіцыйна», — кажа Ганна.

Яна ўладкавалася бухгальтарам у саўгасе Доўгаўскім Клічаўскага раёну, — менавіта каб атрымаць хату:

Катэдж Чакушыных.
Катэдж Чакушыных.

«Хата выдатная — дзякуй вашаму прэзыдэнту: і ванны пакой, і прыбіральня, і ацяпленьне газавае. Адно кепска — толькі 2 разы на тыдзень езьдзіць аўтобус у райцэнтар, і нават па паперку ў горад трэба адпрошвацца пасярод тыдня».

Ганна кажа, што радая агароду, і заўважыла — працалюбны народ у беларускай вёсцы: па 3 гектары зямлі, бульбу саджаюць, трымаюць па 10 сьвіней. Ва Ўкраіне такога няма: гародзікі да 10 сотак і 1–2 парасяці. Калгасы ва Ўкраіне паразвальваліся яшчэ ў 90-я, адзінае, што жыве, — птушкафабрыкі. Таму між уцекачоў з Данбасу няма заатэхнікаў і аграномаў, якія патрэбныя тут, — там людзі зараблялі ў шахтах і мэталюргіі.

Але галоўнае адрозьненьне ня ў гэтым:

«У нас капіталізм, — пераканана кажа Ганна. — У вас яшчэ, па шчырасьці, Савецкі саюз. У вас бясплатная мэдыцына, а ў нас за роды плаціць трэба. Дагэтуль страх: а што, калі дзіця захварэе?»

Па працы Ганьне неяк давялося зьехаць у горад у абед. Вярнулася, а ёй:

Ганна Чакушына.
Ганна Чакушына.

«Чаму абедаць не ідзеш? Ты ж не была на абедзе дома?» Яе зьдзівіла стаўленьне да перапынку: у нас нібы абавязкова ісьці на абед, а ва Ўкраіне — твае праблемы. «У нас кажуць: незаменных супрацоўнікаў няма. А сюды я прыйшла бухгальтарам, і ўжо пачыналі апускацца рукі... Кажу дырэктару: ведаеце, ня ўпэўнена, але, магчыма, ня здолею тут працаваць, мо варта ў горадзе нешта пашукаць. А ён: «Не выдумляй, што гэта такое?».

Там, адкуль паходзіць Ганна, звычайна даюць выпрабавальны тэрмін адзін месяц, калі працуеш альбо бясплатна, альбо на беларускія — за тысяч 700.

«Можа, у вас у гарадах і па-іншаму, але пакуль я сутыкнулася толькі са станоўчым», — падсумоўвае яна.

У горадзе, па назіраньнях Ганны, гаворка вельмі адрозьніваецца ад вясковай:

«Тут, дзе мы жывём, беларуская мова. Але, магчыма, гэта праз тое, што тут школа беларуская. А ў горадзе пераважна размаўляюць на расейскаай мове, як я».

У горадзе беларускую чула ці бачыла хіба ў грамадзкіх месцах — напрыклад, там, дзе транспарт:

«У вас „прыпынак“, у нас — „зупинка“. „Добра“ — у нас, у прынцыпе, так і ёсьць... Ваша мова бліжэйшая да ўкраінскай, чым да расейскай. Шчыра кажучы, я разумею ня ўсе словы. Напачатку,

Ваша мова бліжэйшая да ўкраінскай, чым да расейскай.

калі людзі са мной размаўлялі, даводзілася перапытваць некаторыя словы — не разумела. Яны мне паўтаралі не па-руску, але ня так хутка — і я разумела. У нас жа размаўляе па-ўкраінску толькі заходняя Ўкраіна і дзе-нідзе ў вёсках — але вёсак амаль і няма, зьехалі ў гарады», — згадвае суразмоўніца.

Але ўкраінскую мову там, дзе яна жыла, ведаюць — яна і сама вучылася ва ўкраінскім клясе і экзамэны ў ВНУ давялося здаваць на ўкраінскай, дзяржаўнай:

«У нас жа хацелі, каб былі ўкраінская і расейская мовы... Нават была праблема: калі людзі набываюць лекі — укладыш на ўкраінскай, і некаторым даводзілася рабіць пераклады».

«Справа часу, як нам сказалі: «Будзеце нашымі»

Ізэргіны — маладая сям’я, якая зьехала з гораду Рубежнае Луганскай вобласьці ў час, калі выехаць было ўжо амаль немагчыма. Крым, Масква, прыгарад Менску — такі быў іх маршрут.

Расказвае маці малога сына Алена.

«Мы думалі, што ў Крым ненадоўга, што ўсё хутка пройдзе, дзіця аздаровім, — кажа Алена. — Яму ж вайна вайной, а абед па раскладзе. Але мінуў другі месяц, і зразумелі, што сэнсу вяртацца няма. Думалі застацца ў Крыме, але ён і сам не на нагах; паехалі ў міграцыйную службу — там людзей ня тысячы, а мільёны».

З варыянтаў міграцыі трапілася Масква, дзе валянтэры спачатку прапанавалі працу, а пасьля — ехаць у Беларусь, на што сям’я і пагадзілася. У сеціве Алена знайшла жанчыну, гатовую прыняць, там жа паабяцалі працу мужу.

Пра Беларусь ведалі няшмат: там накшталт СССР і славутая стабільнасьць:

Сям'я ўцекачоў Ізергіных.
Сям'я ўцекачоў Ізергіных.

«Тым больш — мы зь невялікага гораду, для нас у Маскве стрэс жыць і нават працаваць. Усе шалі ад пачатку былі за Беларусь. Нам тут вельмі падабаецца, асабліва горад, дзе нас прынялі (Заслаўе): чысьціня, парадак, элемэнтарнае — дзіцячыя пляцовачкі. Там, дзе мы жылі, за 24 гады не пабудавалі ніводнага дому, садку ці школы. Радзіму не выбіраюць. Душа баліць за сваякоў і цягне дамоў, але хочацца застацца — тут больш пэрспэктываў. Там аддаць дзіця ў сэкцыю, садок — праблема і стратна. А тут у нас заробак, праца, магчымасьць адпачынку, стабільнасьць — больш нічога і ня трэба».

Пераяжджаючы, Алена думала ня толькі пра побыт — ехала ў іншую краіну:

«Вельмі перажывала: як будзем разумець людзей? Але нічога складанага: дыялект, вядома, ёсьць, але бліжэйшы да расейскай. Ёсьць і тыя, хто размаўляе чыста — бачна, што беларус. Мы разумеем усё — аніякага бар’еру. У вас ёсьць такія слоўцы — у мяне часам сустракаецца «добре». Муж кажа: «Ты не заўважаеш, што размаўляеш па-іхняму?» Справа часу, як нам сказалі: «Будзеце нашымі».

У родным мястэчку жанчыны, як яна кажа, усе размаўляюць па-расейску, але без выбухнога «г», часам «шо» праскоквае — больш падобна да суржыку. Дакумэнтацыя ды іншае — на ўкраінскай, якую вывучалі ў школе:

«То бок гэта родная мова, мы разумеем яе. Я вольна валодаю як расейскай, так і ўкраінскай... Цяжка бывае людзям СССР-аўскай загартоўкі — яны ўкраінскай ня ведаюць».

У вачах гэтых уцекачоў Беларусь ад Украіны адрозьніваецца ўсім — людзьмі, мэнталітэтам, думкамі.

«Мы з пакаленьня, якое палову жыцьця пераконвала сябе, што мы ўкраінцы»

Інжынэрам у беларускім СВК (былым саўгасе) ў Капыльскім раёне ўладкаваўся Сяргей, які з Данецку прыехаў з жонкай і двума дзецьмі. Пераехаць вырашылі пасьля таго, як дачка праседзела ноч у склепе.

У Беларусь сям’я прыехала 15 жніўня. Сябры на той час ужо нанялі ёй кватэру і паклікалі да сябе, пакуль ня знойдзецца іншага варыянту:

«Так мы і жылі тыдзень, 10 чалавек у двухпакаёўцы, — кажа Сяргей. — Потым адна жанчына прапанавала перазімаваць у яе хаце ў Капылі. Але мы ўгаварылі яе і пераехалі раней».

Сяргей быў згодны на любую працу, паехаў у першы саўгас, дзе былі вакансіі і давалі жыльлё, і атрымаў месца інжынэра праз тыдзень. Пакуль штораніцы на саўгаснай «газэлі» ён езьдзіць на працу, а праз 3–6 месяцаў чакае абяцанага дамка ў аграгарадку. У Беларусі ўсе імкнуцца зьяжджаць у гарады: там лепшая праца і інфраструктура. Перасяленцам таксама жыць у вёсцы складаней, у прыватнасьці тым, што школы толькі беларускія:

«А дачка ў Капылі пайшла ў расейскую, — кажа Сяргей. — Трэба будзе яе вазіць, што для нас праблематычна, таму мы не сьпяшаемся пераяжджаць. Мы даведваліся, у вёсках усе школы беларускія і падручнікі таксама. Можна было б пайсьці, калі б з пачатковых клясаў, а ў нас сёмы, і пачынаць вывучэньне фізыкі, хіміі, альгебры і геамэтрыі на незнаёмай мове для дзіцяці будзе складана».

Агулам у пляне мовы сям’і падалося, што тут шмат словаў, падобных з украінскімі, але размаўляюць галоўным чынам на расейскай зь некаторымі беларускімі словамі:

«Рэжа слых „гэта“, „няма калі“ ды іншыя, ня ўспомню, дый акцэнт чуваць. Незнаёмых слоў мала, пераважна калі чытаеш газэты, а пры гутарцы я незнаёмых слоў не сустракаў».

Надалей Сяргей з жонкай думаюць пасяліцца ў аграгарадку, завесьці гаспадарку і забраць бацькоў — «а там пабачым». Наконт таго, што дзеці эмігрантаў часам сябе адносяць не да той нацыянальнасьці, да якой належаць іх бацькі, яны ня надта пераймаюцца:

«Мы самі з пакаленьня, якое палову жыцьця адносіла сябе да рускіх (СССР), потым палову жыцьця пераконвалі сябе, што мы ўкраінцы. Кім будзем далей — ня ведаем, галоўнае — быць шчасьлівым і спакойным за сваю будучыню».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG