Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сымбалі эпохі». Што засталося ад Савецкай спадчыны


Беларусь застаецца самай «савецкай» з усіх 15-ці рэспублік, якія уваходзілі ў склад СССР.

По колькасьці помнікаў правадыру, вуліц, названых у гонар рэвалюцыйных дзеячаў і савецкіх кіраўнікоў краіна — наперадзе плянэты ўсёй«. Прычым, у краіне ня проста беражна захоўваецца ўся савецкая спадчына, але і зьяўляюцца новыя атрыбуты, ўзводзяцца новыя помнікі.

Варта толькі ўважліва паглядзець на мапу Беларусі, на назвы населеных пунктаў — Акцябрскі, Ленінскі, Дзяржынск, Кіраўск, Чырвоны Сцяг, Пралетарская Перамога і нават вёскі Леніна і Роза Люксэмбург.

Замежнікі і нават людзі з беларускіх рэгіёнаў, упершыню прыехаўшы ў Менск, не хаваюць зьдзіўленьня: галоўная плошча краіны называецца Плошчай Незалежнасьці, а станцыя мэтро пад ёй — плошча Леніна.У цэнтры сталіцы — вуліцы Леніна, Маркса, Энгельса, Савецкая, Кастрычніцкая, Рэвалюцыйная, Валадарскага, Кірава, Сьвярдлова, Мясьнікова, Калініна, і нават Камуністычная з Сацыялістычнай. Праўда, на пачатку 1990-х, калі Беларусь стала незалежнай краінай, былі спробы пазбавіцца гэтай савецкай спадчыны.

У пачатку 1990-х у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня была створана тапанімічная камісія, якую ачольваў Ніл Гілевіч, распавёў тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Яна павінна была і па палітычных пазыцыях, і па небеларускіх пазыцыях уносіць прапановы ўладам, каб улады гэтыя назвы мянялі, каб у нас было ўсё прыгожа і дастойна. Але людзі гэтую справу „замылілі“, і нейкіх рашучых дзеяньняў у нас у гэтым накірунку не было».

Карэспандэнтка: «Але ж тое-сёе пасьпелі. Напрыклад, вуліцу Ўрыцкага перайменавалі...»

«Тое-сёе пасьпелі, але вельмі мала. Калі гаварылі, што Ўрыцкі — тэрарыст, Валадарскі — таксама, было столькі пратэстаў! І антысэмітамі называлі тых дэпутатаў. Гэта такі працэс, які павінен ісьці нармальным чынам. Але я ня ведаю тых актывістаў, якія гэтым бы проста „завяліся“ і ўпрыгожылі краіну беларускім назвамі. Няма энтузіястаў, спакойных і пасьлядоўных. Я б нават сказаў так: няма тых, хто хоча Беларусь рабіць беларускай».

Вуліцы і праспэкты

Сапраўды, тады пасьпелі перайменаваць Ленінскі праспект у праспэкт Незалежнасьці, вуліцу Горкага — у Багдановіча, Урыцкага — у Гарадзкі Вал, Апанскага — у Кальварыйскую, Рэспубліканскую — у Раманаўскую Слабаду, Астроўскага — у Ракаўскую, Варашылава — у Арлоўскую.

Бадай, ва ўсіх беларускіх гарадах і пасёлках цэнтральныя вуліцы так і засталіся Савецкімі і Леніна. Выключэньне, бадай што Маладзечна, дзе мэрам у той час быў Генадзь Карпенка, і былы праспект Леніна перайменавалі у Вялікі Гасьцінец, Савецкая зноў набыла ранейшую назву Віленская. Замест Дзяржынскага з Калініным зьявіліся вуліцы Скарыны, Замкавая, Гарадоцкая. А яшчэ Дуніна-Марцінкевіча, Драздовіча, Ясінскага, Таўлая, Ермаловіча...

Што перашкаджае хаця б вярнуць шматлікіх вуліцам Леніна ў беларускіх гарадах і мястэчках хаця б свае гістарычныя назвы? Мастацтвазнаўца, культуроляг Сяргей Харэўскі кажа:

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Ёсьць калясальная інэрцыя, бо для таго, каб перайменаваць альбо штосьці дэмантаваць, трэба мець ўяўленьне, што гэта будзе. А сёньня мы знаходзімся ў такім дзіўным стане, калі ў Беларусі можна дэмантаваць помнікі Леніну — помнікаў 10 усё ж такі прыбралі з розных прычынаў; адначасна Беларусь — такая дзіўная краіна, дзе ставяць і бюсты цару, у музэях робяць царскія экспазыцыі, распрацаваны турыстычны маршрут у Магілёве „Апошняя сталіца Расейскай імперыі“, носяцца з партрэтамі Мікалая другога, ходзяць хрэснымі хадамі. То бок мы знаходзімся ў такім дзіўным прамежкавым стане».

Сапраўды, у Беларусі дэмантавалі пару дзясяткаў помнікаў правадыру. Прычым, яшчэ у 1991 годзе ад будынку ЦК КПБ (дзе зараз знаходзіцца Адміністрацыя Лукашэнкі) прыбралі дзьве вялізныя бронзавыя «галавы» — Леніна і Маркса. Зараз яны знаходзяцца ў музэі скульптара Заіра Азгура. Дарэчы, каб «праціснуць» іх у памяшканьне, давялося разьбіраць сьцяну музэя. Але цяпер Леніных дэмантуюць не з ідэалягічных матываў, а таму, помнікі разбурыліся, а грошай на аднаўленьне няма.

Затое знаходзяцца сродкі на іншыя «сымбалі эпохі» — да 60-годзьдзя Перамогі пад Менскам узьвялі «Лінію Сталіна» зь вялікім ягоным бюстам. На тэрыторыі вайсковай акадэміі паставілі помнік Дзяржынскаму — дакладную копію таго, што некалі стаяў на Лубянцы ў Маскве.

Сяргей Харэўскі тлумачыць гэта такім чынам:

«Нас змушаюць шанаваць адначасна і ахвяраў, і катаў. Ужо дасьпелі да таго, каб спачуваць бязьвінна забітым царскім дзецям, але яшчэ не дасьпелі да таго, каб прыбраць з вуліцаў імёны і знакі тых, хто іх забіваў. Ну, хто цяпер скажа, хто такі Валадарскі ці Фрунзэ,

Нас змушаюць шанаваць адначасна і ахвяраў, і катаў

Калінін? Ніхто ўцямна не адкажа, хто такі і якое дачыненьне ён мае да Менску. Вось тое, што людзі жывуць у такой атмасфэры, якую яны не разумеюць, сярод знакаў, якія для іх нічога не гавораць, гэта раздражняе. Таму што гэта не садзейнічае нашаму росту наперад. Бо што такое савецкасьць? Гэта анахранізм, гэта тое, што цягне назад».

Заводы і фабрыкі

Назвы беларускіх прадпрыемстваў таксама асабліва не зьмяніліся, савецкасьць навідавоку: «Камунарка», «Камінтэрн», МТЗ імя Леніна, шматлікія заводы імя Арджанікідзэ, Кірава, Леніна. Менскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай Рэвалюцыі, што на вуліцы Кастрычніцкай, захаваў «рэвалюцыйны дух» у абрэвіятуры «МЗОР» (з расейскай мовы). А вось віцебская фабрыка «КІМ» расшыфроўваецца цяпер не як Камуністычны інтэрнацыянал моладзі«, а як «Клясыка індустрыі моды».

Калгасы

Засталіся і калгасы імя Леніна, Кірава, Дзяржынскага ды іншых рэвалюцыйных дзеячаў. Праўда, называюцца яны зараз «СВК «Калгас імя Дзяржынскага» (у Бабруйскім раёне), «СВК «Імя Леніна» (у Гомельскім і Клічаўскім раёнах).

Газэты і часопісы

Ну а самыя кансэрватыўныя — гэта беларускія СМІ. Акрамя «Советской Белорусии», афицыйны назоў якой —"СБ — Беларусь Сегодня" ды «Комсомольской правды» в Белоруссии«, яшчэ амаль два дзясятка раёнак захавалі свае савецкія назвы з рэвалюцыйным ухілам: «Шлях Кастрычніка» у Хоцімску; «Святло Кастрычніка» у Мсціслаўі; «Чырвоны Кастрычнік» у Акцябрскім; «Заклік Ільіча» у Чэрыкаве; «Сцяг Саветаў» у Клічаве; «Ленінскі кліч» у Крычаве; «Ленінскі сцяг» у Хойніках; «Ленінскі шлях» у Горках; «Савецкая вёска» у Дрыбіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG