Сустрэча ўкраінскіх і расейскіх ваенных высокага ўзроўню павінна адбыцца ў Данецку. Пра гэта паведаміла спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ, якую цытуюць ўкраінскія СМІ. Сэпаратысты пры падтрымцы расейскіх сілаў спрабуюць узяць Данецкі аэрапорт з канца траўня, але яго ўтрымліваюць ўкраінскія вайскоўцы, якіх самі сэпаратысты ўжо назвалі «кібаргамі» за стойкасьць.
Сяргей Лойка, фотакарэспандэнт газэты «Лос-Анджэлес Таймс» толькі што вярнуўся з Данецкага аэрапорту. Ён назіраў за службай украінскіх салдат, якія стрымліваюць наступ і знаходзяцца пад сталымі абстрэламі з боку сэпаратыстаў. Украінскія вайскоўцы кажуць, што аэрапорт абстрэльваць з «Граду», мінамётаў і аўтаматычнай зброі.
Сяргей Лойка кажа, што новы тэрмінал аэрапорта прастрэльваецца з двух бакоў, а стары корпус — адусюль. Журналіст так апісвае ўбачанае: «Усё, што там адбываецца, пачынаючы з таго, як выглядае гэты аэрапорт — гэта проста нейкі эпас. Такое адчуваньне, што насамрэч гэтага ня можа быць, што гэта як фільм, вось зараз выйдзе Спілберг і скажа: «Зьнята!».
«Тыя руіны разбураныя, разбуранае ўзьлётнае поле вакол. Там няма ніводнага квадратнага мэтра, які б ня быў прабіты дзесяткамі куль і асколкамі снарадаў. Там кулявыя адтуліны ўсюды. Столь ўся прабіта, сьцены ўсё. Там унутры цемра, днём — паўзмрок, а ноччу — поўная цемра », - дзеліцца фотакарэспандэнт у інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы», якая вымушана была пад ціскам зьняць матэрыял з сайта.
Лойка кажа, што быў зьдзіўлены стойкасьцю ўкраінскіх воінаў, бо ўмовы, у якіх яны трымаюць абарону, надзвычай складаныя.
«Умовы ў гэтым аэрапорце страшныя. Холад сабачы. Ніякіх „буржуек“ там няма. Усюды скразьнякі. Усе чыхаюць, усе кашляюць. Адагрэцца нідзе нельга. Адзінае, што яны могуць сабе дазволіць — гэта гарачы чай на прымусе. І чайнікі такія чорныя-чорныя. Усё ў абсалютным змроку», - дадае фотакарэспандэнт.
Значэньне Данецкага аэрапорту, як тлумачаць ваенныя спэцыялісты, у тым, што гэта адзіная кропка пад кантролем ўкраінскіх сіл, якая падыходзіць ушчыльную да Данецку. Ад аэрапорта толькі адзін кілямэтар да жылых масіваў горада. Аэрапорт таксама прыкрывае аб’язную дарогу вакол Данецку. Як гаворыць прадстаўнік украінскай Рады нацыянальная бясьпекі і абароны Андрэй Лысенка, у выпадку адводу цяжкіх узбраеньняў на 15 кілямэтраў, як гэта прадугледжана менскімі дамоўленасьцямі, сэпаратысты будуць вымушаны сьцягнуць сваю тэхніку ажно за плошчу Леніна ў Данецку, паколькі Данецкі аэрапорт будзе кропкай адліку.