Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепш вы да нас: падарожжа ў Бранск і Смаленск


Ці хочуць жыхары Смаленшчыны далучыцца да Беларусі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:47 0:00

Ці хочуць жыхары Смаленшчыны далучыцца да Беларусі?

Бабруйчанін з фотаапаратам і відэакамэрай праехаўся па Браншчыне і Смаленшчыне, каб даведацца, ці засталіся там беларусы.

Мяжа з Расеяй на трасе Касьцюковічы — Сураж пачынаецца стэрэатыпна-анэкдатычна, са знаку «Сьлізкая дарога». І роўна ад мяжы калдобіны, празь непрыбраныя рэшткі былых памежна-мытных збудаваньняў, вядуць да першага мястэчка былой беларускай Браншчыны, да вуліцы Беларускай у Суражы.​

Сураж вядомы, паводле беларускіх зьвестак, з XV стагодзьдзя — у складзе Старадубскага княства. Паводле расейскіх — з 1618 году, калі вёска Суражычы разам зь землямі былога Старадубскага княства была вернутая з-пад улады Масковіі да ВКЛ. Зрэшты, на ўезьдзе з боку Беларусі ўсё яшчэ стаіць знак «Основан в 1781» — тады Сураж стаў горадам. Паводле Андросаўскага замірэньня мястэчка адышло да Расеі, уваходзіла ў Чарнігаўскую губэрню, потым было ўключанае ў склад БНР і БССР. У студзені 1919 году як цэнтар павету Гомельскай губэрні Сураж быў забраны ў РСФСР разам з усёй Гомельшчынай. Толькі ў 1944-м яго прыпісалі да Бранскай вобласьці. Цяпер у Суражы 11 тысяч жыхароў і даволі шмат ахвотных перайсьці пад юрысдыкцыю Беларусі.

Але не таму, што адчуваюць сябе беларусамі. Многія памятаюць пра Гомельскую губэрню, некаторыя — нават пра Старадубскае княства. Усе прызнаюць што ў бранскіх і сучасных беларускіх земляў шмат агульнага. Але падставы для «сэпаратызму» — чыста сацыяльна-эканамічныя.

Жыхары скардзяцца на свае пабітыя дарогі і разруху. Бачаць што ў Беларусі больш акуратна і чыста. Скардзяцца, што на ўсё вялікія тарыфы — і чуюць ад прыежджых беларусаў, што тыя плацяць менш. Скардзяцца на страшэнную карупцыю ва ўладзе — і лічаць, што ў Беларусі такога няма, бо так сказалі па беларускім тэлебачаньні.

Беларусь заваблівае суражычаў харчамі
Беларусь заваблівае суражычаў харчамі

На пытаньне ж, колькі жыхароў згодныя перайсьці да суседняй Беларусі, кажуць — працэнтаў 20–30. Бо «прызвычаіліся жыць у Расеі».

Падобныя настроі і ў навакольных вёсках, і ў старажытным Мгліне. Мглін быў адміністрацыйным цэнтрам для вёскі Суражычы ў часы ВКЛ, а цяпер гэта сямітысячны райцэнтар, пра нацыянальны склад якога расейская Вікіпэдыя піша «расейцы, украінцы ды іншыя». А распытай людзей — у многіх родзічы ў Беларусі ці беларусы.

«Вось у Душаціне — там беларусаў шмат!» — кажуць мінакі праз аднаго. І сапраўды, у вёсцы Душацін першая ж купка жанчын ківае на каляжанку: «Во, ты ж беларуска!» Але тая таксама прызвычаілася, што Браншчына ў Расеі, і мяняць прыналежнасьць ня хоча. І тут жа задумваецца: «Хоць мамка беларуска... і дзед беларус...»

Буслы над Расеяй
Буслы над Расеяй

На гарадзкім сайце Суражу на галоўнай старонцы вісіць спасылка на «Беларускую Смаленшчыну» (акурат так, па-беларуску). Але, прайшоўшы па ёй, чытаем: «Наша вэб-старонка закрыта і больш не працуе. Просім прабачэння за прычыненыя нязручнасці».

Вось у Смаленшчыну, празь нечакана прыемныя ахайныя Клімавічы, і пераяжджаем. Паўсюль звыклыя беларускаму вуху назвы: Рослаў, Манастыршчына, Рудня...

А ў самім Смаленску чакае неспадзяванка. Так, да беларусаў і Беларусі тут ставяцца прыязна — але не сустрэлася ніводнага, хто б хацеў вярнуцца ў Беларусь ці думаў што такіх назьбіраецца больш-менш значная колькасьць. Наадварот, у адрозьненьне ад мястэчак Браншчыны, шмат хто нават з пыхай кажа: «Лепш мы Белоруссию да Расеі прыяднаем». Якраз у тыя дні ў Смаленску праводзілі нейкі «форум сусьветнага рускага сабору» пад лёзунгамі «Час рускі народ зьбіраць».

Афіша
Афіша

Я вось раней у Смаленску быў толькі праездам — цяпер ня тое што далучацца, і прыяжджаць яшчэ раз ня надта хочацца. У горадзе хапае прыгажосьці. Чаго толькі вартыя гатычны касьцёл ды Ўсьпенскі сабор на горцы. Але ўсё неяк скасабочана, рух на вуліцах заблытаны, і нават самыя цэнтральныя турысцкія пляцоўкі пабітыя й страшэнна засьмечаныя. Не-не-не, лепш вы да нас.

Бруд пад Смаленскім Крамлём
Бруд пад Смаленскім Крамлём

Усяго за шэсьцьдзесят кілямэтраў ад Смаленску, у Рудні й навакольных вёсках, так думаюць далёка не адзінкі. Нават забаўна: маладыя суразмоўцы кажуць, што людзі прызвычаіліся да Расеі й не захочуць нічога мяняць, хіба хто з моладзі пагодзіцца — а старыя кажуць: «Мы б пагадзіліся». І нават імавернае вывучэньне беларускай мовы многіх не пужае. Тлумачэньне, як і на Браншчыне, адно: у Беларусь езьдзім часта, надпісы чытаем, разумеем, і наагул у нашых мясьцінах мовы мяшаныя.

Вынік паездкі, як бачыцца, просты. У больш заможным Смаленску прасьцей сустрэць расейскую імпэрскую пыху, чым жаданьне «вярнуцца да каранёў». А ў бяднейшых ваколіцах і суседніх мясьцінах нямала жыхароў без аніякіх этнічных сантымэнтаў згодныя перайсьці да Беларусі. Ці — шмат каму ўсё роўна, да якой дзяржавы належаць, абы дабрабыт з парадкам быў. І калі Беларусь стане па-сапраўднаму, а ня толькі ў параўнаньні з пабітымі дарогамі, прывабнай — сапраўды, як пяецца ў песьні, «жыхары губэрніі Смаленскай свае адразу ўспомняць радаводы» і ня выключана, што складуць большасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG