Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў нармальнасьць падчас Апакаліпсісу


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

– А наогул гэта вельмі добра, што дзеці беларускую мову ня ведаюць і не разумеюць. – Дзядуля патлумачыў:

– Ведалі б мову, была б вайна як ва Ўкраіне.

Ёсьць такія творы, дзе толькі ў самым фінале раскрываецца сутнасьць задумы. Дачытваеш/даслухваеш/даглядаеш, і бах – шчаўчок! Момант ісьціны.

У літаратуры для мяне такі твор – «Палкоўніку ніхто ня піша» Габрыэля Гарсія Маркеса. Самы апошні абзац-маналёг галоўнага героя раскрывае рашучасьць пазбыцца сумневаў і страхаў ды ісьці да канца.

А ў кіно такім творам стаўся фільм «Апакаліпсіс» Мэла Гібсана. Цэлы фільм там распавядаецца пра няпростыя сацыяльна-палітычныя ўзаемаадносіны ў краіне індзейцаў Юкатана. Пра рэпрэсіўны апарат кіраўніка дзяржавы, ягоныя спэцслужбы, і простых людзей, якія часам наважваюцца супрацьстаяць аўтарытарызму.

Калі глядзіш фільм, то слова «апакаліпсіс» выглядае цалкам апраўданым, настолькі там непрымальныя з гледзішча сучаснага эўрапейца ўмовы існаваньня асобы.

А ў самым фінале, калі галоўны герой амаль выкараскаўся зь няволі, ахвяры і злачынцы бачаць, як да берага падыходзяць караблі эўрапейцаў. І глядач разумее, што апакаліпсіс толькі пачынаецца.

***

У беларускай блогасфэры шчыльнай чарадой ідуць мініканфлікты, якія адны называюць слэнгавым словам «ср@ч», а іншыя – дыскусіяй. Ці можна любіць беларускую мову, і адначасова выступаць за імпэрскі Крэмаль; ці можна пісаць слова «ненавіджу» ў дачыненьні да якой-кольвек мовы, і ў прыватнасьці беларускай, калі ты жывеш у Беларусі; дзе мяжа дазволенага для СМІ жарту?

Ці могуць, напрыклад, СМІ крытыкаваць партыі, калі і тыя, і тыя жывуць зь фінансавай падтрымкі «на дэмакратызацыю»?

Ці вось абмяркоўваецца новы гурт Сяргея Міхалка «Brutto», дзе ўдзельнік дыскусіі спрабуе высьветліць эфэктыўнасьць праекту праз агульнапрынятыя нормы: колькасьць прададзеных асобнікаў альбому, напрыклад.

Для мяне самы яскравы прыклад «гульні ў нармальнасьць» – гэта размовы пра посьпех беларускамоўнай літаратуры, дзе таксама задаюць пытаньні: а колькі кніжак прадаецца за год?

Нядаўна кансультаваў знаёмага па тэме «як выдаць кніжку ў Беларусі». Знаёмы быў вельмі зьдзіўлены інфармацый пра тое, што ў Беларусі фактычная манаполія на распаўсюд кніжак. І ён сам – мой знаёмы – ня можа проста ўзяць і раскідаць па ўсіх кнігарнях краіны сваю кніжку. Яму могуць адказаць «нам ня трэба», і на гэтым размова скончыцца.

З аднаго боку ідуць дыскусіі, якія ў нармальных, то бок свабодных умовах, ішлі б па ТВ у ток-шоў і на старонках агульнадзяржаўных газэтаў. Зь іншага, людзі як бы імітуюць нармальнасьць сытуацыі.

Гаворачы пра стан і ролю беларускай мовы, непадцэнзурных СМІ, палітычных нібыта партый, распаўсюду творчых прадуктаў па-за кантролем дзяржавы, удзельнікі забываюцца, што сёньня гульцы названых сфэраў маюць доступ хоць да якой публікі, а заўтра – не. Як вырашыць дзяржава.

Сёньня дазволена існаваць тром з паловай газэтам, дзьвюм галерэям, тром клюбам, і паўтара радыё. Вось ваш ліміт, спадарства непадцэнзурныя, але не непаднаглядныя.

***

А вось іншыя грамадзкія культурна-спартова-асьветніцкія ініцыятывы. Яны візуальна прысутнічаюць у інфармацыйным полі яшчэ менш, чым прабеларускія непадцэнзурныя-паднаглядныя.

Ініцыятывы я дзялю на дзьве ўмоўныя групы:

1. «Казакі».

2. «Зарница».

Словазлучэньне «беларускія казакі» для кожнага больш-менш абазнанага ў гісторыі чалавека гучыць як аксюмаран. Гэта нонсэнс. Але яны існуюць у Беларусі ўжо больш за 10 гадоў.

Ціха, непрыкметна, звычайна ў невялікіх правінцыйных гарадках. Зрэшты, і ў менскім мікрараёне Чыжоўка ў адной са школаў я натрапіў на «клюб казакаў». Кіраўнік выразна ідэалёгію патлумачыць ня змог: здаровы лад жыцьця, спорт, адцягненьне ад вуліцы. А чаму казакі? – А чаму б і не? Дзесьці такі дыялёг.

Тым ня менш, дарослыя дзядзькі-«казакі» бяруць удзел у афіцыйных мерапрыемствах беларускай дзяржавы. На сваім сайце kazaki.by пра Беларусь асабліва не гавораць: скланяецца «Расея» ў розных гістарычных ракурсах.

Што да ўмоўнай «Зарницы», то да знаёмай нам з савецкіх часоў практыкі і ідэалёгіі дадаецца яшчэ расейскае праваслаўе.

І «казакі» і «зарница» ў абодвух прыкладах заточаныя пад дзяцей. Вунь на адным са здымкаў хлопчык з закрытым балаклавай тварам з «Калашом» (муляж?) і «георгіеўскай» стужкай – рыхтык «апалчэнец» з Данбасу.

У абмеркаваньні зьявы, дзе ў камэнтарах наўпрост гавораць па пагрозу для Беларусі з боку «русского мира», пра падрыхтоўку будучых «апалчэнцаў» для Магілёўскай, Віцебскай ці Гомельскай «народных рэспублік» абавязкова знаходзіцца хтосьці, хто спрабуе гуляць у нармальнасьць: «Вы толькі за маніторамі здатныя плявузгаць. А вы самі штосьці падобнае зрабіце!».

Быццам ня быў разгромлены беларускі скаўцкі рух, быццам не вывозілі кіраўніка «Белага Легіёну» Сяргея Чыслава ў лес, і не ламалі яму там галаву. Быццам ня кідаюць рэгулярна за краты за ня тое што вайскова-патрыятычны, а за цывільны актывізм людзей.

Ёсьць у мяне адчуваньне таго, што раман ці фільм пад назвай «Новая незалежная Беларусь» ідзе да чарговага фіналу, за якім пачнецца новы том, ці новая сэрыя. Дзе за разьвязкай з караблямі чужаземцаў паўстане пытаньне ці гатовы «палкоўнік» сканцэнтраваць усе свае сілы, каб зрабіць рашучы крок?

Беларускамоўны, беларусацэнтрычны чалавек мае адно прынцыповае адрозьненьне ад паднагляднага «казачка». Беларускамоўны чалавек патэнцыйная пагроза для сыстэмы. Бо гэта чалавек, які ўжо зрабіў унутраную работу, якая не дазваляе ім кіраваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG